В гимназии №1 появилась музейная экспозиция
16:18 / 30.10.2016
Гімназія №1, якая ў студзені 2015 года напоўнілася дзіцячымі галасамі, з кожным днём набывае ўтульнасць і новае аблічча. Пустыя фае паступова запаўняюцца жыццём і цікавымі кампазіцыйнымі вугалкамі.
А 1 верасня на трэцім паверсе ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам першага намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама Руслана Мікалаевіча Сачко і начальніка ўпраўлен-ня адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Генрыхавіча Сонгіна адбылося адкрыццё музейнай экспа-зіцыі, якая стала пачаткам музейнай дзейнасці ў гэтай навучальнай установе.
У старым будынку гімназіі №1 – сённяшняй сярэдняй школы №2 – застаўся школьны музей імя Іосіфа Гашкевіча, які славіўся багатым зборам матэрыялаў і дакументаў.
– Такое рашэнне было невыпадковым, – упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 Вольга Тадэвушаўна Лябецкая. – Музей стваралі некалькі педагогаў, якія першапачаткова мелі дачыненне да сярэдняй школы №2, і ён павінен быў застацца на сваім месцы.
У новай гімназіі да стварэння музейнай экспазіцыі “Астравец – старажытны і новы” падышлі крэатыўна.
– Напрыканцы навучальнага года мы арганізавалі акцыю “Лета на карысць” і прапанавалі школьнікам прайсціся па спецыяльна распрацаваных экскурсійных маршрутах нашага горада, – працягвае Вольга Тадэвушаўна. – Вынікам тыднёвага мерапрыемства сталі сабраныя матэрыялы, якія паступова знаходзяць месца ў нашай музейнай экспазіцыі.
Каштоўнасць гімназічнай экспазіцыі ў тым, што яе экспанаты можна змяняць хоць кожны дзень – было б жаданне і наяўнасць неабходных матэрыялаў. Зараз сабраныя звесткі размеркаваны па некалькіх раздзелах. Увага ўдзелена старонкам гісторыі Астраўца, дзейнасці Іосіфа Гашкевіча, выпускнікам, якія пакінулі свой след не толькі ў гісторыі навучальнай установы, але і горада. Экскурсаводы расказваюць пра тое, як жылі нашы продкі і як на сённяшнім этапе развіваецца Астравец і новая навучальная ўстанова. Гонарам музейнай экспазіцыі з’яўляецца жалезная сякера старажытных балтаў, якая, дзякуючы археолагам, атрымала новае жыццё, а таксама адноўлены міхалішкаўскі строй.
– Канешне, убор выкананы з сучаснай тканіны і аздоб-лены сучаснымі карункамі, але мы пастараліся зрабіць яго менавіта такім, як у зафіксаваных звестках, – расказвае Вольга Тадэвушаўна, дэманструючы ўбор. – Папулярнай у нашым музеі з’яўляецца зменная выстава. Цяпер на ёй размешчаны вырабы астравецкай майстрыхі Ніны Іосіфаўны Мілаш. Крыху раней цудоўныя вырабы з саломкі прадстаўляла Валянціна Вільеўна Віннічак. План гэтай выставы распрацаваны на год – штомесяц тут можна будзе ўбачыць штосьці новае і цікавае.
Школьнікі падыходзяць да стэндаў, разглядаюць выстаў-леныя за шклом экспанаты, штосьці абмяркоўваюць, задаюць экскурсаводам пытанні...
– У нас працуюць дзве групы экскурсаводаў – з імі займаюцца настаўнікі Ганна Мар’янаўна Алёхна і Ганна Валер’еўна Лапшэвіч. Увогуле ж стварэнне экспазіцыі – гэта калектыўная работа педагогаў і вучняў: ніхто не застаўся ў баку, кожны прыдачыніўся да нашай гісторыі. І верыцца, што і надалей яна будзе папаўняцца, – упэўнена Вольга Тадэвушаўна.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
Поделиться: