Сёстры Эўхарысткі працуюць пры касцёле святых Казьмы і Дам'яна

16:45 / 08.02.2011

Сёстры Эўхарысткі – гэта апостальская супольнасць, цэнтрам  духоўнасці якой з’яўляецца таямніца Эўхарыстыі. Асаблівы культ Найсвяцейшага Сакраманту натхняе сясцёр да іх апостальскай працы. Своеасаблівым днём нараджэння свайго ордэна эўхарысткі лічаць 27 студзеня. У гэты дзень, як яны лічаць, нарадзіўся для неба Юры Матулевіч, заснавальнік ордэна Сясцёр Служанак Езуса ў Эўхарыстыі.


Фактычна ён нарадзіўся 13 сакавіка 1871 года ў паўночнай Сувальшчыне. Пасля заканчэння школы ў 1894 годзе Юры паступіў у духоўную семінарыю ў Кельцах, а 20 лістапада 1898 года ён атрымаў святарскія пасвячэнні.
Матулевіч рана заўважыў, якую важную ролю ў жыцці касцёла ў цэлым і вернікаў, у прыватнасці, маюць манаскія супольнасці, і вырашыў сам уступіць у закон. Паколькі ў гэты час на каталіцкае манашаства царскім Указам была накладзена забарона, у рады Айцоў Марыянаў Юры ўступіў патаемна.
А праз 9 гадоў – 23 кастрычніка 1918 года – Папа Бенядзікт ХV прызначыў Юрыя Матулевіча Віленскім біскупам.
Высокаадукаваны чалавек, вялікі энтузіяст духоўнага адраджэння, будучы блаславёны нястомна працаваў над аднаўленнем Касцёла, займаўся выхаваннем духавенства, дзяцей, моладзі, дапамагаў людзям свецкім, працаваў над справай  аб’яднання хрысціян, развіццём законнага жыцця.
Гэта падчас біскупства Матулевіча беларускія ксяндзы адважыліся загаварыць па-беларуску. Былі нават створаны і актыўна выходзілі ў свет каталіцкія рэлігійныя выданні – газеты “Беларус”, “Крыніца” і інш, у якіх уздымаліся пытанні не толькі веры, але і маралі. На старонках гэтых газет, дарэчы, часта публікаваўся наш слынны зямляк – паэт-святар – Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк).
З думкаю пра беларускіх простых людзей біскуп Матулевіч у 1923 годзе ў Друі (сёння – Віцебская вобласць) заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Служанак Езуса ў Эўхарыстыі (скарочаная назва – сёстры-эўхарысткі). Згодна з пажаданнямі заснавальніка, гэтая супольнасць павінна была стаць дзейснай дапамогай у ажыўленні рэлігійнага жыцця і духоўнага аб’яднання вернікаў розных веравызнанняў і нацыянальнасцей не толькі ў Віленскай дыяцэзіі, але і ў іншых частках свету. Адна з галоўных ідэй яе стварэння – духоўная праца на роднай мове людзей, сярод якіх жывуць сёстры-эўхарысткі.
Новая апостальская супольнасць хутка стала адыгрываць прыкметную ролю ў жыцці беларускага народа, у першую чаргу – на Друйшчыне. Але ў 1945 годзе Сёстры былі выгнаны камуністамі з так званага Мацярынскага Дома ў Друі і падчас рэлігійнага праследавання маглі свабодна дзейнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы. Аднак патаемна яны працягвалі працаваць і ў Беларусі, Літве, Латвіі, Казахстане, Таджыкістане, на Каўказе, у Расіі. Прычым не толькі праводзілі работу па катэхетызацыі дзяцей, догляду за ўбранствам касцёлаў, выпякалі аплаткі, камуніканты, шылі літургічнае адзенне, але і, як маглі, падтрымлівалі праследаваных і зняволеных святароў.
У наш час сёстры зноў маюць магчымасць працаваць адкрыта. Вось і пры Астравецкім касцёле святых Казьмы і Дам’яна працуюць тры эўхарысткі, намаганнямі якіх адбываецца падрыхтоўка дзяцей да Першай Камуніі, моладзі – да бежмавання, дарослых – да іншых святых Сакрамантаў.
Нашы сёстры таксама выпякаюць эўхарыстычныя хлябы (камуніканты, гостыі, аплаткі), займаюцца ўбранствам касцёла (кветкавыя кампазіцыі, святочныя дэкарацыі – справа іх рук), мыюць і прасуюць касцельную бялізну. Эўхарысткі рэгулярна наведваюць бальніцу – размаўляюць з хворымі, моляцца разам з імі, складаюць спіс тых, хто хоча прыступіць да споведзі, каб потым запрасіць у шпіталь святара. Не першы год на летніх канікулах сёстры арганізоўваюць дзіцячы летнік – ён праходзіць у цудоўных ваколіцах знакамітага касцёла ў Мосары. Зімой ладзяцца лыжныя вандроўкі, да прыкладу, у Гудагайскую святыню. А яшчэ яны арганізавалі групу “Вячэрнік”, мэтай якой з’яўляецца малітоўная падтрымка асоб, пакліканых на службу Божую.
–Яднае нас Хрыстус, – кажуць сёстры. – І сёння мы ідзём далей па гэтаму шляху, чэрпаючы моц у Эўхарыстыі, па прыкладу Беззаганнай Дзевы Марыі, Маці нашай і Святых апекуноў супольнасці, а таксама Благаславёнага Айца Заснавальніка. І сёння мы звяртаемся да вас і просім духоўнай падтрымкі праз малітву, каб мы маглі верна і больш аддана служыць Богу, Касцёлу і людзям.


Ганна ЧАКУР.