«Гродзенская капэла» ў гервяцкім касцёле: боскія мелодыі, незабыўныя ўражанні
Адной з адметнасцяў гервяцкага касцёла Святой Тройцы ў бытнасць тут ксяндза-пробашча Леаніда Несцюка былі летнія і асеннія канцэрты, на якія збіраліся гледачы і слухачы з усёй Беларусі і з-за яе межаў.
Прызнаюся: раней я не адносіла сябе ні да знаўцаў, ні да паклоннікаў класічнай музыкі, але боскія – іншага слова не падбяру! – мелодыі і галасы ўздымалі да неба і размазвалі па грэшнай зямлі, выварочвалі душу і ўзрывалі мозг, прымушалі думаць, марыць, успамінаць… І маліцца. Слёзы самі цяклі з вачэй – і не таму (хоць часам менавіта таму!), што сэрцу баліць, а таму, што ёсць яно…
Пасля раптоўнага і заўчаснага адыходу да Бога святара, які ўдыхнуў другое жыццё не толькі ў гервяцкі храм, але падняў на новы ўзровень увесь гэты край, зніклі і гэтыя ачышчальныя і гаючыя канцэрты. Спробы замяніць іх былі, але вялікага поспеху не мелі. На нядзельных службах і па замове гасцей ажываў арган пад таленавітымі пальцамі Алены Севасцьян. Але гэта не ішло ні ў якое параўнанне з тым, што, здавалася, назаўжды сышло разам з Леанідам Пятровічам.
І вось атрымліваю на «Вайбер» афішу: у гервяцкім касцёле з праграмай «Боскія мелодыі: часы і эпохі» з цыклу «Класіка ў храмах» будзе выступаць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Гродзенская капэла». Дзялюся навіной з сяброўкай. Едзем!
– Ад шчырага сэрца хачу прывітаць музыкантаў «Гродзенскай капэлы» і ўсіх, хто знайшоў час і магчымасць прыйсці паслухаць прыгожую музыку – і тым самым хваліць Бога, дзякаваць за ўсе тыя даброты, якімі ён нас адорвае. Спадзяюся, што сённяшні канцэрт прынясе ў вашы душы святло, супакой і напоўніць іх унутранай прыгажосцю, – звярнуўся да артыстаў і гледачоў ксёндз-пробашч гервяцкага касцёла Павел Ствол.
…Вядома ж, гэта быў не той канцэрт, якія адбываліся тут у часы ксяндза Леаніда. Не лепшы і не горшы – іншы. Але гэтаксама душа замірала, падымалася ў аблокі, плакала, драбілася на мірыяды рознакаляровых кавалачкаў, у кожным з якіх, як у кропельцы расы, адлюстроўвалася часцінка Божага свету і святла.
Вядучая канцэрта музыказнаўца Людміла Мажэйка не проста паведамляла, чыя музыка і ў якім выкананні неўзабаве прагучыць, а ў сціснутых абвестках падавала шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Пра працаздольнасць і геніяльнасць Іагана Себасцьяна Баха, 340-годдзе якога адзначаецца сёлета, лепш за ўсё сведчыць факт, што на працягу 27 гадоў, калі ён служыў кантарам у храме Святога Фамы ў Лейпцыгу, ён кожны тыдзень да нядзельнай імшы пісаў новую кантату – гэта акрамя іншай музыкі. Хто нам вярнуў страчанага было Вівальдзі і амаль дэтэктыўная гісторыя з аўтарствам аднаго з варыянтаў «Авэ, Марыі» – пра ўсё гэта маглі даведацца слухачы ў чаканні новай кампазіцыі.
Хоць галоўнай госцяй (не – гаспадыняй!) у той дзень у касцёле Святой Тройцы была, вядома ж, Яе Вялікасць Музыка! Гучалі мелодыі Баха, Гендэля, Вівальдзі, Моцарта, Качыні, іншых кампазітараў з далёкай мінуўшычыны і сучасных. «Авэ, Марыя!» – маліліся разам з музыкантамі гледачы – і захапляляліся канцэртам дзвюх скрыпак (а вы ведалі, што «канцэрт» азначае спаборніцтва?), якія станавіліся жывымі істотамі ў руках Сяргея Аўрукевіча і Аляксандры Міхеевай. Унутрана сціскаліся ў прадчуванні хуткай навальніцы, надыход якой так яскрава перадаў сімфанічны аркестр і Сяргей Аўрукевіч – і калі не ў голас, то ў душы паўтаралі разам з музыкантамі: алілуйя! Хвала Богу!
Алілуйя, што шляхі Гасподнія прывялі ў гэты дзень і ў гэты час у храм!
Алілуйя за магчымасць слухаць і перажываць такую музыку!
Алілуйя за тое, што яна зноў гучыць у гервяцкім касцёле!
Алілуйя! Алілуйя! Алілуйя!
З першых вуснаў
Святлана Кунэйка з унучкай Нікай:
– Хоць я нарадзілася і вырасла ў Астраўцы, але даўно жыву ў Маскве. Тым не менш, на радзіме бываю часта і стараюся сачыць за культурнымі падзеямі, якія тут адбываюцца. З радасцю прыняла запрашэнне на канцэрт «Гродзенскай капэлы» ў гервяцкім касцёле – і засталася ў поўным захапленні. Неперадавальныя ўражанні!
Сямігадовая ўнучка, праўда, сказала, што ёй было сумна, але я ўпэўнена, што такія спатканні з сапраўднай музыкай марна не пройдуць: яны абавязкова застануцца ў падсвядомасці і зробяць сваю добрую справу.
Наталля Івашка:
– У свой час старалася не прапускаць вечары класічнай музыкі, якія ладзіў у гервяцкім касцёле ксёндз Леанід. Шкадавала, што яны зніклі. І вельмі ўзрадавалася, даведаўшыся пра канцэрт сімфанічнага аркестра «Гродзенскай капэлы». Падзялілася інфармацыяй з калегамі – з радасцю сёння пабачыла ў многіх з іх.
Калі гаварыць пра ўражанні ад канцэрта, то іх цяжка выказаць словамі. Да мурашак! І да слёз… Хочацца перажываць гэтае пачуццё яднання з цудоўнай музыкай зноў і зноў.
Павел Ствол:
– Гервяцкі касцёл асаблівы. Я бываў у гэтым храме школьнікам, сустракаўся з ксяндзом Леанідам, калі быў падлеткам, затым клерыкам, святаром. Цяпер, калі мне выпаў гонар узначаліць гервяцкую парафію, хочацца зрабіць усё магчымае, каб узняць яе на адпаведны ўзровень. Бо гэта – радзіма, тут і сонца ярчэй свеціць, і неба больш празрыстае. З Божай дапамогай і надалей буду імкнуцца арганізоўваць падобныя канцэрты і іншым чынам разнастаіць духоўнае жыццё парафіі і раёна.