Памяць пра Яна Сялевіча жыве сярод варнянцаў

14:00 / 29.06.2025

«Ад свірскіх вытокаў да варнянскага алтара – жыццё, аддадзенае Богу і людзям», – так можна ахарактарызаваць шлях Яна Сялевіча, святара, ксян­дза-дэкана, праведніка народаў свету, чалавека, які дапамагаў людзям, верна выконваў святарскую паслугу, нёс даб­ро і радасць.

Нарадзіўся ён на свірскай зямлі ў вёсцы Юстынава. Апошнія 12 гадоў жыцця служыў пробашчам у Варнянскай парафіі. І хоць з дня смерці прайшло 82 гады, памяць пра святара жыве ў сэрцах лю­дзей і сёння…

Вернікі парафіі Святога Юрыя ў Варнянах на чале з пробашчам Віктарам Захарэўскім накіраваліся ў касцёл Святога Мікалая ў г.п. Свір, каб разам памаліцца за спачылага земляка і пробашча. 

Літургію ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Чалавек з вялікім сэрцам – так у народзе называлі Яна Сялевіча. 

Нарадзіўся ён 24 чэрвеня 1882 года ў шляхецкай каталіцкай сям’і. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1906 годзе. Служыў у в. Свіранкі, затым у касцёле Святога Анд­рэя ў Кабыльніку. З 1930 па 1942 год прысвяціў сваё служэнне касцёлу ў Варнянах. Па­смяротна атрымаў ганаровае званне «Праведнік народаў свету» – у гады нацысцкай акупацыі, рызыкуючы асабістым жыццём, ратаваў яўрэяў. У 1942 годзе ксёндз памёр у Варнянах падчас святой імшы. Пахаваны на могілках у Свіры. 

Адкрыць забытую старонку пра былога пробашча, на магіле якога стаяў просты крыж, удалося параўнальна нядаўна, калі рыхтаваліся да святкавання 255-годдзя варнянскага касцёла Святога Юрыя. Пры падтрымцы ксяндза Віктара на магіле Яна Сялевіча ўстанавілі помнік.  

Сімвалічна, што менавіта 22 чэрвеня, напярэдадні дня нара­джэння святара і ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая непасрэдна звязана з лёсам Яна Сялевіча, у Свіры адбылася сустрэча.

Пасля імшы прайшло асвячэнне помніка і невялікая імпрэза, прысвечаная памяці былога пробашча. На ёй ксёндз Віктар Захарэўскі адзначыў: «Паміж мной і ксяндзом Янам Сялевічам 100 гадоў: ён нарадзіўся ў 1882 годзе, я – у 1982-м.

І звязалі нас Варняны. Веру, што ён там, у вечнасці, моліцца і заступаецца за сваіх парафіян і за мяне, пробашча, які служыць на ўлюбёнай намі варнянскай зямлі».

Наталля АДУЛА.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.