Молодёжь Островетчины углубилась в свой культурный код на мероприятии “Вернасць вытокам”

16:45 / 01.07.2026

На мінулым тыдні моладзь Астравеччыны з захапленнем паглыбілася ў свой культурны код на мерапрыемстве “Вернасць вытокам”, якое прайшло ў Рымдзюнскім сельскім клубе-бібліятэцы.

Яго арганізатарам выступіла вядучы спецыяліст Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Аксана Савіцкая.

– Мы запрасілі вас на гэтае ўтульнае сямейнае мерапрыемства ў рамках праекта “Лідары з белым сэрцам”, – прывітала ўдзельнікаў Аксана Аляксандраўна. – Спадзяёмся, што сустрэча падорыць культурнае натхненне і абудзіць беларускасць у душы і сэрцы.

Першы пункт маршруту – экскурсія па этнаграфічных пакоях музея Рымдзюнскага сельскага клуба-бібліятэкі. Тут маладыя людзі з зацікаўленасцю пыталіся пра кожную рэч на паліцах: адкуль яна, для чаго патрэбна і з радасцю самі адказвалі на пытанні пра знаёмыя ім прылады.

Дзіцячыя люлькі, масленыя лямпы, кошыкі для прадуктаў і іншыя экспанаты сталі фонам для своеасаблівых гістарычных фотазон.

Далейшая частка сустрэчы – круглы стол “Вернасць вытокам”, дзе паразважалі на тэмы захавання культурнай спадчыны і дзейнасці людзей і арганізацый, якія ўключаны ў гэты працэс.

Апошні прыпынак – творчы майстар-клас, дзе ўдзельнікі рабілі абярэгі ў выглядзе саламяных анёлаў і паштоўкі-выцінанкі з беларускімі традыцыйнымі ўзорамі і сімваламі. Дапамагалі ў гэтым сапраўдныя майстры сваёй справы Алена Малышава і Аксана Вакуліч.

На заканчэнні мерапрыемства кожны атрымаў тэматычны падарунак – паштоўкі са словамі натхнення, значкі з беларускімі ўзорамі і свечкі з пажаданнямі маладосці, багацця і кахання. Сустрэча чарговы раз нагадала: мы – беларусы і наша шчасце трэба шукаць бліжэй да каранёў і традыцый.

Текст: Елена Войтехович
Фото: Елена Войтехович