95-гадовы юбілей адзначыў жыхар Дравянік Антон Станкевіч

16:39 / 16.06.2026

Антону Іванавічу Станкевічу з вёскі Дравянікі споўнілася 95 гадоў. Без малога стагоддзе… Цяжка нават уявіць гэтую лічбу ў адносінах да ўзросту чалавека, не тое што пражыць. Да таго ж пражыць годна, заўсёды быць прыкладам для аднавяскоўцаў, родных, парафіян.

– А ў мяне амаль кожны дзень перад вачамі, – гаворыць юбіляр. – Нібы ўчора было…

Антон Іванавіч помніць вайну.

– Я на лета ахвяраваўся пасвіць кароў у родзічаў на Літве – яны дэкляравалі мне харошы касцюм справіць і бацькам свінчо даць. Быў на пастве, калі прыбег стрыечны брат і сказаў, што вайна пачалася. Мама прыйшла, забрала мяне. Памятаю, як самалёты кружылі і на станцыю Гудагай бомбы скідвалі…

Спасцігаць навуку ён спрабаваў тры разы. Першы клас скончыў яшчэ пры Польшчы. Падчас акупацыі ў адкрытую немцамі школу хадзіў толькі пару дзён. Пасля вайны скончыў 3 класы і пайшоў працаваць. “З грамаці хлеба не гамаці,” – гаварылі тады.

Усё жыццё яго прайшло ў Дравяніках. Тут нарадзіўся, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай – жыла праз хату. Працаваў у калгасе: у паляводстве, жывёлаводам, лесніком і пажарным – раней усе гэтыя службы знаходзіліся пад адзіным кіраўніцтвам. Нягледзячы на незакончаную пачатковую адукацыю, выбіраўся членам калгаснага праўлення, старшынёй рэвізійнай камісіі.

– І задачкі па арыфметыцы тата мне дапамагаў рашаць, – успамінае старэйшая дачка.

Траіх дастойных дзяцей выгадавалі Антон Іванавіч і Ядвіга Іосіфаўна. Марыя Антонаўна Блізнік – вядомая ў раёне настаўніца рускай мовы. Сын Аляксандр – вадзіцель. Малодшая, Саламея, – урач-лабарант на Брэстчыне. Дачакаліся семярых унукаў, маюць пяцёра праўнукаў.

Калі жонка захварэла, Антон Іванавіч больш за дзесяць гадоў даглядаў яе.

– Я, вядома ж, прыаязджала часта. Але не штодня: работа, сям’я. Ды заўсёды была ўпэўнена: у хаце ўсё ў парадку, тата цудоўна з усім спраўляўся, – гаворыць Марыя Антонаўна.

Антон Іванавіч і сёння жыве адзін, але ў яго па-ранейшаму і ў хаце, і на панадворку – парадак. Так, наведваюцца сын і дачка з Астраўца, але бацька ўсё роўна хоча пакамандаваць ім, што і як зрабіць. А каторы раз і дапамагчы, паказаць, як трэба – што, маўляў, яны ведаюць!

Наказ маладым у доўгажыхара адзін:

– Трэба добра жыць з людзьмі. Каб сусед на суседа не злаваўся. Наша жыццё – мінута. Сёння жывеш, а заўтра – няма. І будзеш думаць: пакрыўдзіў чалавека. Ці сам пакрыўдзіўся… Усякае, вядома, здараецца. Але тады трэба Бога прасіць: адпусці нам нашы віны, як і мы адпускаем вінаватым нашым.

Антон Іванавіч з Богам усё жыццё. Кожнае свята ён у градаўшчызненскім касцёле, па ранейшаму прымае ўдзел у працэсіях. У мінулую нядзелю там было шматлюдна: сабраліся родныя, суседзі, аднавяскоўцы, і ўсе на чале з ксяндзом Аркадзем Куляхам шчыра віншавалі юбіляра і маліліся за яго здароўе.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская нарадзілася з Антонам Іванавічам у адзін дзень. Да таго ж яна таксама з Дравянік, дзядуля Антон памятае яе басаногай дзяўчынкай. А для яе ён быў і застаецца паважаным і аўтарытэтным чалавекам. І ў іх агульны дзень нараджэння Аксана Генрыхаўна не магла не павіншаваць аднавяскоўца з прыгожым юбілеем.

– Антон Іванавіч, вы для нас прыклад для пераймання! Вам наказ: дажыць да ста гадоў, – сказала яна.

Шмат цёплых слоў адрасавала юбіляру Марыя Станкевіч, якая віншавала яго і як ветэрана сельгасвытворчасці ад імя райкама прафсаюзаў работнікаў АПК, галоўным бухгалтарам якога яна з’яўляецца, і як свайго свёкра.

Антону Іванавічу застаецца адно: выканаць усе наказы і пажаданні, што прагучалі ў яго адрас.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик