На благо родного края: молодёжь Островетчины начала трудовой семестр

15:45 / 16.06.2026

На Астравеччыне стартаваў трэці працоўны семестр для студатрадаў. Сёлета больш за 400 гарадскіх і вясковых старшакласнікаў вырашылі правесці час з карысцю для сябе і роднага краю і зарабіць уласныя грошы. Навічкоў і дасведчаных байцоў з пачаткам сезона павіншавалі намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Вольга Баяровіч і першы сакратар маладзёжнай арганізацыі Вольга Максімава.

Але перш чым сустрэцца з юнакамі і дзяўчатамі, госці з раёна зазірнулі да наймальнікаў (пабывалі мы ў КСУП “Міхалішкі” і мясцовым лясніцтве, КСУП “Гудагай) і праверылі, ці правільна аформлена дакументацыя, ці праведзены з усімі байцамі інструктажы па ахове працы. Пытанняў не ўзнікла.

Што дзецям выдадзены галаўныя ўборы, камізэлькі і рабочыя рукавіцы, упэўніліся на свае вочы. А яшчэ, напрыклад, у лясніцтве усіх школьнікаў забяспечылі рэпелентамі, каб засцерагчы ад укусаў камароў і кляшчоў.

Візіцёраў студатрадаўцы ў адзін голас запэўнілі, што настрой у іх баявы. У сваю чаргу Вольга Баяровіч пажадала ім не растраціць бадзёрасці да канца змены, плённа папрацаваць і знайсці новых сяброў.

Па традыцыі юнакі і дзяўчаты сёлета будуць працаваць у розных арганізацыях і на прадпрыемствах раёна: дапамагаць аграрыям клапаціцца пра будучы ўраджай, лесаводам – пра парадак у лясах, камунальнікам – пра чысціню ў горадзе. І гэта не толькі загартуе характар, але і аб’яднае моладзь вакол агульнай справы – клопаце пра родную зямлю і край.

Слова арганізатарам і ўдзельнікам

Вольга Максімава, першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ:

У гэтым годзе на Астравеччыне будуць працаваць 22 атрады, і 14 ужо распачалі сваю дзейнасць. Адметна, што многія названы ў гонар ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Зазначу, што чарга жадаючых у студатрады выстройвалася літаральна з пачаткам набору. Гэта сведчыць пра папулярнасць руху сярод моладзі Астравеччыны.

Віялета Андрушкевіч, камандзір студатрада “Страла” імя ветэрана ВАв Мікалая Іванавіча Багачова:

– Са мной у атрадзе 12 чалавек. Дзетак добра ведаю, таму што ў Рымдзюнскай школе вяду хімію і біялогію. Старшакласнікі з нецярпеннем чакалі пачатку працоўнага семестра. Хтосьці ўпершыню спрабуе сябе ў ролі байца, іншыя – больш дасведчаныя. Мне здаецца, што тут больш важны не вопыт, а жаданне працаваць у камандзе. Як па мне, студатрадаўскі рух – гэта цэлая філасофія.

Аляксандра Янкоўская, камандзір студатрада “Маланка” імя ветэрана ВАв Андрэя Андрэевіча Галагаева:

– Я малады спецыяліст першага года адпрацоўкі. Калі вучылася ў Гудагайскай сярэдняй школе, у старэйшых класах штолета падпрацоўвала ў студатрадзе. Таму не па чутках ведаю, што і да чаго.

Цяпер, напрыклад, аполваем кукурузу. Працаваць будзем з 15 па 30 чэрвеня на базе КСУП “Гервяты”.

Іван Гаўрыловіч, студатрад “Моладзь ХХІ века” імя воіна-інтэрнацыяналіста Станіслава Пятровіча Бялячыца:

Хоць я і выпускнік і наперадзе мяне чакае ўступная кампанія, вырашыў крыху падзарабіць, тым больш што экзамены і тэсціраванне ўжо здадзены. Бацькі рашэнне падтрымалі.

Для мяне гэта трэцяе студатрадаўскае лета. Падабаецца, атмасфера і калектыў. З сябрамі мы прайшлі інструктаж, а таксама камп’ютарнае тэсціраванне, якое ўключала дзясятак пытанняў па аказанні даўрачэбнай дапамогі, ахове працы і іншых.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич