Лэпбук Астравецкай раённай бібліятэкі трапіў у лік пераможцаў абласнога конкурсу
Чарговую высокую адзнаку за арыгінальную творчую працу атрымала Астравецкая раённая бібліятэка: у абласным конкурсе «Лэпбук – гісторыя #4Рэгіёна» яна адзначана Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Гістарычнае Прынямонне».
Для даведкі
Лэпбук – інтэрактыўная папка-кніга, дзе інфармацыя прадстаўлена ў цікавым выглядзе і розных формах. У ёй павінны быць не толькі тэксты і малюнкі, але і гульні. Бясспрэчна, прывабіць чытача аздабленне і выкарыстоўванне самых розных матэрыялаў.
Перамогу нашым бібліятэкарам прынесла работа «Астравецкая спадчына ў смаку», якую зрабіла Ніна Голуб.

– Перад намі стаяла задача паказаць нешта ўнікальнае для свайго края. Мы вырашылі ўзяць за аснову аўтэнтычныя стравы Астравецкага раёна, рэцэпты якіх запісалі нашы бібліятэкары ад старажылаў. Напрыклад, тут знайшлі месца какоркі, калдуны, юшка, – расказвае жанчына. – Так, работа мая, але былі памочнікі – і калегі, і муж. Лэпбук мае сур’ёзныя памеры – фармат А3, праца над ім цягнулася месяц. Магчыма, справа ішла б хутчэй, але іншых прафесійных задач ніхто не адмяняў. (Усміхаецца.)
Проста пералічыць інгрэдыенты, даць спосаб прыгатавання і суправадзіць ілюстрацыяй было б нецікава. Таму інфармацыю Ніна Голуб змясціла ў невялікіх блакнотах. Затым дадала інтэрактыўныя гульні: «Накрый стол», «Звары боршч», «Прыгатуй халаднік». У апошніх дзвюх чытача чакае падвох, бо не ўсе інгрэдыенты-карцінкі ідуць у астравецкія рэцэпты.

Таксама ў лэпбуку можна знайсці карту з размешчанымі на ёй стравамі; крыжаванку з магнітнай дошкай; крупы, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай кухні.

– У нас атрымалася 3D-работа. На вокладцы, якую ўпрыгожвае ручнік (яго, дарэчы, узялі ў рамеснікаў Цэнтра культуры і народнай творчасці), прымацавалі сплецены з саломы гаршчочак. Унутры яго – «блінчыкі» з астравецкімі дыялектамі: хрушчы, хварост, п’яніцы, сяўбянік, пялун,.. – знаёміць Ніна з асаблівасцямі лэпбука. – Суправаджае яго прадмова, дзе запрашаем пазнаёміцца з Астравеччынай праз аўтэнтычныя мясцовыя стравы і гаворкі.

– Прыемна, што трапіла ў лік пераможцаў, гэта вялікае дасягненне! Тым больш што са ўсёй вобласці было прадстаўлена 70 работ. Бачыла, што падрыхтавалі на конкурс калегі з іншых раёнаў, – узровень вельмі высокі, – дадае субяседніца.
На жаль, лэпбукі не вернуцца да сваіх аўтараў. Але астравецкія бібліятэкары разглядаюць магчымасць паўтарыць свой – каб выкарыстоўваць яго на сустрэчах з дзецьмі. Ды і дарослым, упэўнена, таксама будзе цікава пагартаць старонкі незвычайнай кнігі.
Фота і відэа з архіва бібліятэкі.