Да Міжнароднага дня музеяў: што хаваецца за гісторыяй аднаго экспаната
Прапануем чытачам здзейсніць незвычайную экскурсію: адправіцца ў 3 музеі – раённы, школьны і пры сельскім клубе – і пазнаёміцца з адным экспанатам з кожнага.
Астравецкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей
Ікона, якая была ў космасе
Расказвае Таццяна Андралойць:
– Вельмі цяжка выбраць штосьці адно, калі часцей за ўсё рэч ці дакумент цесна звязаны з іншымі. З ліку такіх у нашым музеі экспанаты, якія расказваюць пра ўраджэнца Астравеччыны Леанарда Тапуця.
Леанард Юльянавіч – заслужаны ветэран ракетна-касмічнай галіны, выпрабавальнік касмічнай тэхнікі і выпрабавальнік касмадрома Байканур. У 1994-2005 гадах займаў пост намесніка начальніка ўпраўлення сродкаў вывядзення і наземнай касмічнай інфраструктуры ў Раскосмасе. Прымаў актыўны ўдзел у выпрабаваннях касмічнай тэхнікі і забеспячэнні запускаў, з’яўляецца аўтарам патэнтаў на вынаходніцтвы, звязаныя з тэхнічнымі комплексамі касмадромаў.


З земляком падтрымліваем сувязь з 2024 года – ён напісаў нам з Масквы. Потым былі сустрэчы падчас яго прыезду на Астравеччыну, тады Леанард Юльянавіч і перадаў шмат асабістых рэчаў. Гэта і памятныя медалі і ордэны, сярод якіх прысвечаныя Юрыю Гагарыну, запускам спутнікаў і ракет; і прафесійныя ўзнагароды; і планшэтка з медалямі з выявамі вучоных-касманаўтаў. Таксама ў нас ёсць макеты першай гагарынскай і амерыканскай ракет, спутнікаў.

Але асаблівае месца ўсё жа, лічу, займае абраз архістратыга Божага Міхаіла. Унікальнасць яго ў тым, што ён пабываў ў космасе.

Гісторыя гэтай падзеі такая: пры падрыхтоўцы да святкавання 60-годдзя Вялікай Перамогі Раскосмас прапанаваў пры чарговым палёце касманаўтаў ажыццявіць запуск іконы аднаго са святых – заступніка Ваенных Касмічных Сіл. І Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы абраў абраз архістратыга Міхаіла.

14 кастрычніка касмічны апарат «Саюз ТМА-5» з іконай на борце стартаваў з касмадрома Байканур. 16 кастрычніка адбылася стыкоўка з Міжнароднай касмічнай станцыяй, а 24-га абраз вярнуйся на Зямлю. Пасля палёту Патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Алексій II асвяціў яго ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Факт запуску іконы ў космас пацверджаны сертыфікатам, які падпісалі Патрыярх і кіраўнік Федэральнага касмічнага агенцтва Анатоль Пярмінаў.
Леанард Юльянавіч захацеў, каб абраз захоўваўася ў музеі на яго малой радзіме.
Лічба
Фонд музея налічвае больш за 4,5 тысячы экспанатаў.
Народны музей «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» Гудагайскай СШ
Пропуск, які выратаваў жыццё
Расказвае Ірына Жалток:

– Асаблівае месца ў нашым музеі займаюць некалькі рэчаў і дакументаў, звязаных з іменем земляка, які працаваў на чыгуначнай станцыі Гудагай, Іванам Сярковым. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, Іван Мікалаевіч меў добрае сэрца і залатыя рукі, умеў лячыць травамі, любіў лес, шчыра верыў у Бога.

У фондзе музея захоўваюцца гамашы Сяркова, якія ён надзяваў паверх сціплага абутку ў святочныя дні, і сігнальны ліхтар, з якім ён працаваў на станцыі, падаючы знак дазволу або забароны на рух цягнікоў. Таксама мужчына пакінуў запісы па гісторыі чыгунцы і пра калег. А яшчэ збіраў і захоўваў праязныя білеты – і сёння мы можам убачыць, якія яны былі, напрыклад, у 1941 годзе.


Сярод усіх дакументаў і рэчаў Івана Сяркова самым каштоўным лічу пропуск з Лынтупскага яўрэйскага гета. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны ён з жонкай Марыяй быў на малой радзіме на Смаленшчыне. Калі вярталіся дахаты, на станцыі Лынтупы іх затрымалі і адправілі ў гета. Напэўна, сям’ю чакаў жудасны лёс многіх вязняў, але адна з жанчын, якая некалі вучылася з Марыяй у гімназіі, дала паказанні, што пара не мае дачынення да яўрэйскага народа, – іх адпусцілі. Пропуск напісалі на звычайнай сшыткавай старонцы на нямецкай і польскай мовах. Іван Мікалаевіч захоўваў яго ўсё жыццё як рэліквію, бо гэты кавалачак паперы дапамог пазбегнуць смерці.

У нас захоўваецца дзённік з занатоўкамі, да самых дробязей, пра Гудагай ваеннага часу: што адбывалася; хто калі і куды паехаў; якія хаты згарэлі ці засталіся пасля пажару пры адступленні гітлераўцаў і гэтак далей. Маючы такія сведчанні, якія рабіў Іван Сяркоў, мы можам расказваць вучням гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, абапіраючыся на мясцовыя матэрыялы і факты.

Лічбы
945 экспанатаў складаюць асноўны фонд музея, у дапаможным налічваецца 980.
Самы старажытны датуецца 1666 годам – 2 медныя баратынкі.
Музейны пакой «Вытокі» Альхоўскага сельскага клуба
Ручнік, які адкрыў часцінку сямейнай гісторыі
Расказвае Ганна Уласік:
– Гэта рэч вельмі каштоўная для мяне, таму што ручнік выткала бабуля. Яна перадала яго маці, самай малодшай з пяці дзяцей, а тая ў сваю чаргу – мне, калі я прыйшла працаваць ў культуру і пачала збіраць музейны пакойчык. Цяпер сямейная рэліквія заўсёды побач са мной, гэта як абярэг. Адчуваю, што ён, а таксама іншыя рэчы «Вытокаў» ствараюць асаблівую атмасферу, якая супакойвае, – заўсёды прыходжу ў музей, каб сабрацца з думкамі.

Да слова, да перадачы ручніка я не ведала часткі сямейнай гісторыі. А яна цікавая!
Мая прапрабабуля Ганна паходзіла з вёсцы Няверавічы (цяпер гэта Мядзельскі раён). У яе было чацвёра дзяцей, у ліку якіх і прабабуля Станіслава. Сям’я лічылася заможнай. А адзін з маіх стрыечных прапрадзядуляў меў высокую пасаду ў Гатчыне, што пад Санкт-Пецярбургам, – якую менавіта, шукаю сведкі. Дык вось Станіслава паехала да яго ў госці.
У той жа час у Гатчыну адправіўся і мой будучы прадзядуля Андрэй, які быў родам з вёскі Баравыя, што непадалёк ад нашай Альхоўкі. Ён вывучыўся на машыніста і стаў працаваць на цягніках.
Там прадзядуля з прабабуляй і пазнаёміліся. Аднак сям’я Станіславы была супраць іх адносін. Але насуперак усім і ўсяму яны пажаніліся. У іх нарадзілася трое дзяцей, у тым ліку мая бабуля, якую таксама назвалі Станіславай.
У пачатку ХХ стагоддзя пачался рэвалюцыя. Рэвалюцыянеры праводзілі сустрэчы ў Гатчыне. І бабулі давялося ўбачыць Леніна і Троцкага – яны прыходзілі да беднай шматдзетнай сям’і яе сяброўкі. Аднойчы дзяўчынка і паказала Станіславе: «Вон тот дядя, который дал нам всё». А ім, сапраўды, перад гэтым перадалі нешта з мэблі. Тады да сябровак падыйшоў сам Ленін, пагладзіў бабулю па галоўцы і сказаў: «Ничего, девочка, мы тебе тоже всё дадим». Яна потым казала, што ў жыцці правадыр быў не падобны да таго, якого адлюстроўвалі на партрэтах.
Падчас рэвалюцыі ў пажары згарэлі многія рэчы сям’і, пачаўся голад, мае продкі вырашылі вярнуцца ў Беларусь.
У Гатчыне бабуля навучылася кулінарыць і рукадзеллю: вязаць, ткаць і іншае. Пераехаўшы, яны купілі ткацкі станок, і ўмелымі рукамі Станіславы было зроблена шмат рэчаў, адна з іх – ручнік – цяпер захоўваецца ў музейным пакойчыку клуба.
Планую далей высвятляць гісторыю сям’і, ведаю, што ў сёмым калене ў нас быў міравы суддзя. Гісторыя – гэта памяць, якую мы перадаём сваім дзецям.
Лічба
У фонде музейнага пакоя «Вытокі» каля 200 экспанатаў, сярод іх 25 ручнікоў.