Ганна Уласік: “Нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы”

18:00 / 16.09.2025
А вы задумваліся калі-небудзь, што такое адзінства? Зазірнуўшы ў тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, убачым некалькі значэнняў: гэта агульнасць, поўнае падабенства; цэльнасць, згуртаванасць; непарыўнасць, узаемная сувязь. Калі падагульніць, можна сказаць, што гэта тое, што аб’ядноўвае. А што аб’ядноўвае нас, беларусаў? Якія агульныя якасці вылучаюць нашу нацыю і што найчасцей адзначаюць замежныя госці? Можна прывесці розныя прыклады, але сёння звернем увагу на, здавалася б, простыя і звыклыя, але такія важныя і асаблівыя паняцці.


Захаванне традыцый

Напэўна, кожны з нас хоць раз ды пабываў у музеі беларускага побыту і, разглядваючы экспанаты, натыкаўся на знаёмую рэч і радасна ўсклікаў “А я ведаю, што гэта! Такі ж калаўрот (прас, кросны і іншае) стаіць у бабулі на гарышчы!” А затым на душы ўзнікала прыемнае цёплае пачуццё, быццам пабачыўся з кімсьці родным. Што гэта, як не прыцягненне каранёў і вернасць беларускім традыцыям?

Згодна з гэтым і загадчык Альхоўскага сельскага клуба і адначасова захавальніца гэтых самых традыцый Ганна Уласік:

17 верасня краіна будзе адзначаць Дзень народнага адзінства. Лічу, што гэтае свята патрэбна для таго, каб у чарговы раз усвядоміць, што мы – беларусы, жывём на сваёй роднай зямлі, за якую змагаліся продкі і якую наказалі нам берагчы і ахоўваць. У нас ёсць агульная гістарычная памяць, дзяржаўныя сімвалы, прыгожая мілагучная мова, нашы беларускія традыцыі і культура. І па сваім родзе дзейнасці ў мяне ёсць магчымасць прыдачыніцца да захавання гэтых каштоўнасцей нашай цудоўнай краіны. Я вельмі люблю Астравеччыну, маю малую радзіму – дарагую мілую Альхоўку, дзе пашчасціла нарадзіцца. Побач са мной жывуць адметныя таленавітыя людзі. Менавіта дзякуючы іх дапамозе, у клубе з’явіўся і дзейнічае музейны пакой “Вытокі”. У ім знаходзіцца шмат цікавых экспанатаў даўнейшага часу. Тут праходзяць сустрэчы і пасяджэнні клуба “Залаты ўзрост”, сюды любяць заходзіць выхаванцы дзіцячага садка, каб паслухаць расповеды і загадкі пра рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і прабабулі. Са старэйшымі дзецьмі мы танцуем традыцыйныя беларускія народныя танцы, гуляем у даўнейшыя забавы. Я бачу, што малышам і падлеткам гэта падабаецца, і спадзяюся, што яны запомняць звычаі і раскажуць пра іх сваім дзецям і ўнукам. І, значыць, нашы традыцыі будуць жыць. А што найлепш аб’ядноўвае, як не агульная гісторыя і культура.

Асабіста для мяне музейны пакой “Вытокі” – гэта незвычайнае чароўнае месца, дзе чэрпаю сілы і адчуваю энергетыку нашых продкаў. Бо кожны прадмет – своеасаблівы абярэг. У гэтым пакоі беларускія песні журчаць жыватворнай крыніцай, а рухамі танцаў размаўляе душа народа. А ўсё разам гэта – наша спадчына. Радуе, што падобныя музейныя пакоі ёсць не толькі ў іншых куточках нашага раёна, але па вобласці і ў цэлым па краіне. Мы жывём у мірнай, незалежнай, чыстай, прыгожай, добраўпарадкаванай Беларусі. Наша сіла – у адзінстве. І нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы. І Дзень народнага адзінства – яшчэ адзін напамін пра неабходнасць захаваць нашу культуру і спадчыну для нашчадкаў.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Марина Гавдурович