Музей Гудагайскай школы пацвердзіў званне народнага і папоўніўся новымі экспанатамі
11:00 / 14.11.2025
У асноўным фондзе школьнага музея – амаль тысяча экспанатаў, якія аб’яднаны ў некалькі раздзелаў: гісторыя зямлі гудагайскай, знакамітыя землякі, гісторыя школы, нумізматычная і этнаграфічная калекцыі, генацыд і іншыя. Ёсць сярод іх і рэдкія, да прыкладу факсімільнае выданне першай еўрапейскай канстытуцыі, манеты 1666 і 1787 гадоў выпуску, арыгінальныя карціны Эўгеніюша Мальдзіса, Алега Драбышэўскага і іншыя.


І музей працуе не толькі падчас шматлікіх экскурсій, стацыянарных і выязных («Музей у чамадане» – адзін з арыгінальных праектаў). На перапынках, пасля ўрокаў тут заўсёды людна. Прыбягаюць дзеці, часам прыносяць нейкія цікавыя рэчы, якія, на іх думку, павінны знайсці сваё месца ў экспазіцыі. Калі такое здараецца, яны прыводзяць сюды сваіх сяброў і з задавальненнем праводзяць экскурсіі. Актыўна працуе сайт музея. Яго кіраўнік з дапамогай іншых настаўнікаў і вучняў праводзяць вялікую даследчую работу, прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях.
Музей Гудагайскай СШ цалкам заслужана ў другі раз атрымлівае званне народнага: ён пра народ і для народа.