Якое значэнне маюць для жыхароў Астравеччыны задушныя дні і каго яны ўспамінаюць у гэты перыяд

12:00 / 01.11.2025

Нас аб’ядноўвае не толькі тое, што мы жывём на адной зямлі, але і агульная гісторыя, трывалыя і моцныя традыцыі і памяць пра свае карані. Жыхары Астравеччыны падзяліліся, што для іх значаць Задушныя дні, як з узростам змянілася ўспрыманне гэтага перыяду і каго яны ўспамінаюць у сваіх думках і малітвах.

Наталля Александровіч, аг. Варняны:

– Як і большасць людзей, у перыяд ад Усіх Святых і на працягу ўсёй актавы ўспаміну памерлых вернікаў хаджу на могілкі і ў касцёл, запальваю свечкі і малюся за памерлых родзічаў. Гэта традыцыя перадалася ад бабулі Марыі, якая жыла на Лідчыне. Дзядулю і бабулю па татавай лініі, на жаль, не памятаю, я была зусім маленькая, як яны памерлі. 

У дзяцінстве прыбрацца на могілках, паставіць свечку, згаварыць пацеры ўспрымала як дадзенае. З узростам адносіны да памінальных дзён змяніліся, яны сталі больш усвядомленымі і глыбокімі. 

З таго часу, як страціла сваіх бацькоў (мне было 27 гадоў, як не стала мамы), гэтыя дні набылі іншае адценне – для мяне яны светлыя, калі ў памяці адраджаюцца добрыя і цёплыя ўспаміны, звязаныя з самым блізкім чалавекам. 

Аднак не толькі на Задушны дзень прыходжу на могілкі, але і ў дзень нараджэння і смерці родных. Да мамы яшчэ – на Дзень настаўніка (яна ўсё жыццё адпрацавала педагогам), да бацькі – на Дзень аўтамабіліста і дарожніка… Нагод для чарговай сустрэчы з імі не бывае зашмат, як і малітвы. 

Сына з маленства бяру з сабой. Ён ведае, дзе пахаваны бабуля Лёдзя і дзядуля Грыша, а таксама астатнія сваякі. Штогод з ім едзем на радзіму мамы – там ляжаць яе бацькі. 

Чым яшчэ адметны Задушны дзень? Што дзякуючы яму ў многіх людзей ёсць магчымасць сустрэцца не толькі з памерлымі, але і з жывымі, асабліва з тымі, хто даўно выехаў з родных мясцін, пагутарыць, прыгадаць былое, даведацца, як  склаўся лёс. 

За што я ўдзячна сваім блізкім? За жыццё, за сямейную гісторыю, за прыналежнасць да рода, за традыцыі, за ўкладзеныя ў мяне сапраўдныя каштоўнасці, прынцыпы, маральныя якасці. 

Паўтаруся, з гадамі і праз прызму тых па­дзей, якія адбываліся ў маім жыцці, змянялася і стаўленне да гэтых лістападаўскіх дзён успаміну. Раней гэта было, таму што так трэба, так робяць усе, а цяпер – па поклічы душы. Асабіста мае адносіны змяніла яшчэ адна падзея: бліжэй да 40 гадоў я прыйшла да сапраўднай веры – і гэта патрэба ёсць у маіх сэрцы і ў душы. Калі ты больш паглыб­ляешся ў светабудову менавіта з пазіцыі веры, пачынаеш разумець сапраўдны сэнс многіх рэчаў і іх каштоўнасць. Напрыклад, сям’і, сяброўства, стасункаў.

Без нашых продкаў не было б нас, і мы павінны ўзгадваць іх не толькі на Задушны дзень. Нездарма кажуць, чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць. 

Таццяна Сыс, в. Чэхі:

 – У Задушны дзень узгадваем памерлых родзічаў, сяброў, знаёмых. На жаль, няма ні мамы, ні таты – асірацела я даўно. Гэтыя восеньскія дні для мяне з’яўляюцца не толькі ўспамінам, але і аднаўленнем сувязі з бацькамі і дзядамі, якія адышлі ў іншы свет. 

Памятаю з дзяцінства, што ў гэтую пару мы абавязкова ехалі на могілкі, запальвалі  свечкі і маліліся. А потым збіраліся разам. Гутарылі, прыгадвалі сямейныя гісторыі і паданні, успаміналі цікавыя і незвычайныя выпадкі з жыцця памерлых сваякоў, іх характары. На стале абавязкова пакідалі ежу (сімвалічную яе колькасць), лічылася, што ў гэты дзень нашы дзяды прыходзяць да нас пагасціць.

Гэта варта рабіць не толькі, каб жыла памяць і не парываліся традыцыі, але і каб лепш разумець сябе, свае здольнасці і натуру. Я, напрыклад, па характары ўдалася ў тату: актыўная, энергічная, часам запальчывая, але хутка адыходжу. Мама была больш спакойная, памяркоўная. У нашых Сакалойцях яе  вельмі любілі і паважалі. 

Бабулю і дзядулю па матчынай лініі лепш памятаю. Бабця была вельмі набожнай жанчынай. Яна пастаянна малілася і вучыла мяне, не прымушаючы, а тлумачачы, як гэта трэба рабіць. Я, дзіця, канешне, не разумела, але ў касцёл з ёй хадзіла з вялікім задавальненнем, асабліва на Тройцу, якая лічыцца ў нас найгалоўнейшым святам на роўных з Вялікаднем і Божым Нараджэннем. Пасля святочнай імшы нам куплялі некалькі салодкіх пеўнікаў на палачцы.

Татавы бацькі памерлі, калі я была зусім маленькай, але запомніліся дзедавыя вусы, прыгожыя, закручаныя, як у сапраўднага гусара. Ведаю, што на Астравеччыну яны пераехалі з Рыгі. 

…Бацькі з самага дзяцінства бралі з сабой на могілкі. Ніякага страху ў мяне не было, наадварот, мне падабаліся цішыня і спакой, якія там панавалі. Паўсюль зіхацелі запаленыя свечкі. Цяпер на Задушкі прыходжу на могілкі з крыху сумнаватым настроем. Жыццё настолькі хуткаплыннае, што нават цяжка паверыць, што ўжо няма ў жывых некаторых сяброў… 

Дзеці хоць і ў Мінску, але на гэтую ўрачыстасць абавязкова прыязджаюць дадому. Іх з мужам з дзяцінства бралі з сабой на могілкі, каб яны, як нас не стане, ведалі і памяталі, дзе ляжаць бабулі, дзядулі, прадзеды. 

За тыдзень, а то і раней, да Усіх Святых аб’язджаем усе могілкі, каб прыбраць: Сакалойці, Яцыны, Міхалішкі. А ўжо на саму ўрачыстасць запальваем свечкі і молімся, а таксама дзякуем ім за жыццё, за тое, што дапамагаюць нам з нябёс. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич