Айцец Аркадзь Куляха раскрывае сэнс урачыстасці Усіх Святых і Задушак
– 1 лістапада мы адзначаем урачыстасць Усіх Святых, а 2-га – успамін усіх памерлых вернікаў, які ў народзе называюць Задушным днём. Гэта асаблівы час у жыцці Касцёла і кожнага з нас. Ён нагадвае пра тры вялікія праўды веры: святых, вечнае жыццё і надзею на ўваскрэсенне.
Урачыстасць Усіх Святых – радасны і светлы дзень. Мы ўзгадваем тых, хто дасягнуў неба, і цешымся, бо яны жывуць у Божай прысутнасці, удзельнічаюць у Яго святасці і славе. Святыя – гэта не толькі прыклад, але жывая частка Касцёла, якая не перастае быць злучанай з намі ў Хрысце. Яны моляцца за нас, заступаюцца перад Богам, падтрымліваюць у штодзённым жыцці. Іх святасць – гэта не толькі маральная дасканаласць, якую яны праяўлялі на зямлі, але перадусім удзел у Божай любові.
Святыя – гэта не толькі вядомыя постаці, кананізаваныя Касцёлам, але таксама мноства людзей, якія жылі паўнатой веры і любові, выконвалі Божую волю ў служэнні іншым. Мы спадзяёмся, што сярод іх ёсць і нашы памерлыя: родныя, сваякі, сябры і знаёмыя, якіх успамінаем з удзячнасцю і любоўю. Ёсць надзея, што яны таксама ўдзельнічаюць у Божай славе. І яна напаўняе сэрца радасцю і спакоем.
Аднак ёсць і тыя, каму патрэбна наша малітва, дапамога і падтрымка. Таму на наступны дзень, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, мы молімся за ўсіх, хто яшчэ чакае поўнага з’яднання з Усявышнім. Наша малітва – гэта акт любові, веры і надзеі. Божая ласка працягвае дзейнічаць пасля смерці, і чысцец – гэта не кара, а стан міласэрнасці, у якім душа ачышчаецца і чакае поўнага з’яднання з Богам. Таму заказваем за памерлых імшы, молімся на ружанцы, узгадваем іх прозвішчы ў запісках святару, удзельнічаем у працэсіях, наведваем могілкі, ахвяруем адпусты.
Кожная свечка, кожная малітва на магіле – гэта знак любові і веры, што не за смерцю апошняе слова. Гэтая надзея грунтуецца на праўдзе веры аб супольнасці святых. Гэта еднасць усіх вернікаў у Хрысце: тых, хто жыве цяпер, тых, хто ўдзельнічае ў Божай славе ў небе, і тых, хто яшчэ ачышчаецца ў чысцы. Мы верым, што праз Езуса ўдзельнічаем у супольных духоўных дабротах Касцёла – праз малітву, сакрамэнты і ўзаемную падтрымку. Гэтая еднасць не перарываецца смерцю, бо ў Хрысце ўсе мы – адна сям’я Божых дзяцей.
Што мы павінны зрабіць у гэтыя дні?
Памаліцца.
Гэта найкаштоўнейшы дар для нашых памерлых. Малітва дапамагае душам у чыстцы, як і наш удзел у богаслужэнні, прыняцце камуніі ў іх інтэнцыі.
Наведаць могілкі і памаліцца там.
Касцёл дае таксама магчымасць ахвяраваць адпуст за памерлых у гэтыя дні пры выкананні пэўных умоў.
Успомніць сваіх продкаў.
Падзяліцца гісторыямі пра іх, перадаваць дзецям традыцыі. Менавіта праз гэта мы зноў адчуваем блізкасць спачылых родных, тых, каго мы любілі.
Рабіць добрыя справы і ўчынкі ў інтэнцыі памерлых.
Кожны акт любові, міласэрнасці, дапамогі іншым можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы.
Спавядацца і імкнуцца да асабістай святасці.
Гэта дапамагаюць зрабіць чытанне Святога Пісання і разважанне пра вечнасць. У гэтыя дні асабліва карысна чытаць урыўкі пра ўваскрэсенне, Божую міласэрнасць і надзею. Гэта паглыбляе веру і дапамагае лепш зразумець сэнс жыцця.
Удзельнічаць у парафіяльных ініцыятывах.
Супольная малітва, працэсіі, задушкі – сведчанне, што мы – адна сям’я Божых дзяцей. Могілкі – гэта святое месца. Таму кожны наш крок павінен быць прасякнуты пашанай і малітоўнай задумай.
Паклапаціцца пра магілы сваіх родных і добраўпарадкаванне забытых пахаванняў.
Гэта будзе актам хрысціянскай любові. Асабліва каштоўна і важна да справы далучаць дзяцей і моладзь. Гэта не толькі добры ўчынак, але і перадача духоўнай традыцыі, якая фарміруе сэрцы і сумленне нашых людзей.
Сімваламі памяці і любові з’яўляюцца свечкі і кветкі. Аднак не колькасць мае значэнне: адзін ліхтарык – гэта таксама знак малітвы і ўспаміну. Жывыя кветкі (а не штучныя кампазіцыі) асабліва красамоўна нагадваюць пра ўваскрэсенне і новае жыццё, якое Бог абяцаў кожнаму, хто Яму даверыўся. Наведваючы могілкі ў гэты перыяд, варта «бачыць» не толькі смерць. Там – прастора, дзе малітва ўзносіцца да Бога, а надзея на ўваскрэсенне напаўняе душу спакоем. Таму гэтыя лістападаўскія дні – час любові, памяці і малітоўнай засяроджанасці…