Астравецкая бібліятэка прадставіла цікавую праграму на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе

11:16 / 06.09.2025

Сёння ў Лідзе праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. Здзівіць гасцей свята, парадаваць сувенірамі і расказаць пра наш край сюды прыехалі астравецкія бібліятэкары. І ў іх гэта атрымалася.

Кожная раённая бібліятэка Гродзеншчыны прадставіла ў Лідзе адметнасці свайго краю. Астравец вырашыў зацікавіць гасцей урачыстасці скарбамі і традыцыямі нашага краю – бібліятэкары сустракалі наведвальнікаў нашай пляцоўкі ў прыгожых касцюмах, самаробным лялечным тэатрам для дзяцей і, канешне, кавай з жалудоў – брэндавым напоем нашага раёна.

– Для ўдзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства мы падрыхтвавалі сувеніры – у іх таксама наша кава, каб ужо дома яны пачаставаліся ёй і ўспомнілі нас,  расказала дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава.

Яшчэ адной адметнасцю астравецкай пляцоўкі стала не зусім звычайная кніга рэцэптаў. Незвычайнасць яе ў тым, што ўсе рэцэпты страў, занатаваныя ў ёй, можна зрабіць з жалудоў.

– У кнізе не толькі кава з жалудоў, але і ўсё, што звязана з нашым раёнам. Дарэчы, рэцэпт напою быў запісаны на Астравеччыне ў вёсцы Спонды. З таго часу мы яе варым і прапануем нашым гасцям, – адзначыла Наталля Ачарэтава.

На пляцоўцы падрыхтаваны забавы і для самых маленькіх чытачоў. Спецыяльна для іх бібліятэкары стварылі лялечны тэатр, акцёры якога паставілі “Легенду пра дуб”.

– Акрамя таго, мы прапануем дзецям самім стаць лялькаводамі. А таксама паспрабаваць прыдумаць верш, апавяданне ці легенду пра сімвал нашага раёна, – гаворыць Наталля Ачарэтава.

Цудоўныя імгненні можна атрымаць і любуючыся карцінамі нашых мастакоў. Выстава карцін, напісаных у сядзібе Мар’яна Богуша-Шышкі ў Трокеніках падчас правядзення штогадовых пленэраў мастакоў “Лета ў правінцыі”, нікога не пакідае раўнадушным.


#НАШЕ ЛУЧШЕЕ #НАШАЛЕПШАЕ
Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич