Былы старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Адахоўскі: пра гаспадарку і пераемнасць пакаленняў

11:00 / 06.09.2025
За гады свайго існавання гервяцкая гаспадарка змяняла назвы, з цягам часу «паглынала» больш дробныя калгасы, перажывала заняпад і росквіт, але ў памяці многіх людзей яна засталася як любімая, родная, першая (і не толькі) і апошняя.

Па хвалях дакументальных сведчанняў

На жаль, ужо не ўяўляецца магчымым аднавіць дакладную дату стварэння гервяцкай гаспадаркі. Але дзякуючы раённай кнізе “Памяць” вядома, што “ў 1940 годзе пачалася калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. На 1 верасня ў раёне дзейнічала 5 калгасаў: імя Сталіна, імя Молатава, “17 верасня”, імя Калініна, імя Варашылава.

У пасляваенны час першым на Астравеччыне аднавілі менавіта калгас імя Молатава, які ўтрымліваў 44 гаспадаркі, 37 коней. Старшынёй быў Баляслаў Калтан.

У 1948-м тут арганізавалі калгас “Новы шлях”, які ўзначаліў мясцовы жыхар Іосіф Мілейша. Праз 2 гады гаспадарка пачала ўзбуйняцца за кошт далучэння суседніх вёсак.

У 1949-1951 гадах на тэрыторыі Гервяцкага сельсавета было ажно 7 калектыўных гаспадарак: імя Молатава і “Новы шлях” (в.Гервяты), імя Жданава (в.Міцюны), “Сцяг” (в.Грэбалы), імя Будзённага (в.Попішкі), “Ранішняя зорка” (в.Гайголі), “Праўда” (в.Гудзенікі). 

У 1958 годзе па рашэнні сходу гервяцкі калгас стаў называцца “Радзімай”. Хоць тут ужо было некалькі трактараў, машын, камбайнаў, аднак ураджайнасць збожжа і прадуктыўнасць жывёлы пакідалі жадаць лепшага. Да прыкладу, ураджайнасць жыта не дацягвала да 6-ці цэнтнераў з гектара, а надой ад каровы не перавышаў 100 літраў за год.

У 1960 годзе “Радзіму” ўзначаліў франтавік Андрэй Андрэевіч Галагаеў, які літаральна за 10 гадоў з адсталых зрабіў яе перадавой у раёне гаспадаркай. Пры ім пабудавалі цэх па адкорме буйной рагатай жывёлы – і аддача не прымусіла сябе чакаць. Праз 10 гадоў на рахунку калгаса было 1,5 млн руб.

У 1977 годзе 8 500 гектараў (вялізныя па тым часе плошчы) апрацоўвала 110 трактараў, 24 збожжаўборачныя камбайны, 93 грузавыя аўтамабілі і іншая тэхніка. Прычым гэта рабілася на такім ўзроўні, што калгас неаднойчы атрымліваў званне “Гаспадарка высокай культуры земляробства” і Чырвоны пераходзячы сцяг раёна, вобласці і нават краіны.

Шмат зрабіў для росквіту мясцовага калгасу Андрэй Андрэевіч, якога на капітанскім мосціку “Радзімы” ў 1982 годзе змяніў не менш гаспадарлівы і дзейсны Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. 


Вячаслаў Адахоўскі, узначальваў калгас «Радзіма» з 1982 па 2003 гады (стаж у гаспадарцы – звыш 20-ці гадоў):

– Па шчырасці, гервяцкі калгас адрадзіўся не з маім прыходам, а значна раней, у 60-я гады, калі старшынёй «Радзімы» стаў франтавік Андрэй Андрэевіч Галагаеў. Да яго гэта гаспадарка была адной з самых слабых і адсталых у раёне. 
Найперш мой папярэднік сабраў моцную каманду спецыялістаў, большасць з якіх, як і сам Галагаеў, прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Ён трымаў дысцыпліну, любіў парадак – словам, быў сапраўдным гаспадаром. 

«У 70-я гады «Радзіма» стала перадавой не толькі ў раёне, але і ў Савецкім Саюзе. На рахунку гаспадаркі было столькі грошай – колькі запазычанасцей, калі Андрэевіч узначаліў калгас. 

Напачатку 80-х «Радзіму» прызналі пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў гонар 60-годдзя СССР, уручылі пераходзячы Чырвоны сцяг ЦК КПСС і занеслі на Дошку гонару Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Калгаснікі атрымлівалі прэміі, падарункі, дзяржаўныя ўзнагароды. Напрыклад, Ядвіга Браніславаўна Трышына, якая прысвяціла «Радзіме» 40 гадоў, удастоена 2-х ордэнаў – «Знак Пашаны» і «Дружбы народаў».

Так што адрадзіў гэтую гаспадарку менавіта Галагаеў, а я, так сказаць, прыйшоў на ўсё гатовае – грошай у калгасе тады было шмат. (Усміхаецца.) Найперш узяўся за будаўніцтва. 

Памятаю, неяк пры сустрэчы Андрэевіч ушчуваў мяне, але без крыўды, маўляў, ён грошы збіраў, а я іх так лёгка трачу. Праўда, значна пазней, ужо ў 90-я гады, калі рублі  за некалькі дзён абясцэніліся, мой старэйшы таварыш падзякаваў за дальнабачнасць.

Паўтару, мне падабалася будаваць. Уявіце, тады ў калгасе працавала 12 будаўнічых брыгад. Быў свой спецыяліст, які курыраваў гэтую галіну, – Валерый Уладзіміравіч Кокаш. Пачалі з дарог. Калі па цэнтральнай вуліцы Гервят яшчэ можна было праехаць, далей не – грунтоўкі і бездарожжа. Адных дарог па гаспадарцы пабудавалі каля 50-ці кіламетраў: звязалі ўсе вёскі, хутары, фермы, нават палі. 

Ля касцёла стаяў стары млын, які пакрысе разбураўся. Шкада стала. Напачатку думалі яго прыстасаваць пад музей, але адмовіліся ад гэтай ідэі. Людзі паглядзяць на экспанаты і сыдуць, таму зрабілі кафэ. Яно і зараз прымае шматлікіх турыстаў, якія прыязджаюць у Гервяты паглядзець на касцёл. 

У калгасе быў толькі комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы, пабудавалі цэх дарошчвання. Дом культуры, ставы, жыллё для работнікаў – шмат чаго зрабілі…  

…І я, і Галагаеў узначальвалі калгас кожны па 21-му году. Неяк Жданаву даў наказ: «Да цябе кіраўнікі ў Гервятах не затрымліваліся, а ты застаўся. Значыць, наш пераемнік! Таму будзь добры, працягні традыцыю». (Усміхаецца.) 
Ведаеце, частая змена кіраўнікоў ніколі не ішла на карысць калгасу. Трэба, каб чалавек палюбіў яго, людзей, справу – даражыў усім гэтым і перажываў, як за сваё. 

Шчыра скажу, калі пасля сыходу Андрэевіча на пенсію мяне з Лошы перавялі ў Гервяты, прывыкаў 7 гадоў. А потым зразумеў: што гэта мая зямля, людзі, жывёла, палі, тэхніка – урэшце, мая «Радзіма». Столькі сіл, працы і любові ўкладзена ў нашу гаспадарку. Радуе, што ўсе намаганні былі недарэмнымі, што нічога не змарнавалася, а, наадварот, развіваецца…
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич