Што гэта за дзедаўская прылада?

16:00 / 28.08.2025
Новае заданне конкурсу зноў не выклікала скла­данасцяў у нашых пастаянных і новых удзельнікаў. Дзякуючы іх жыц­цёваму вопыту, да­пы­тлівасці і цікаўнасці мы не толькі атрымалі адказы на галоўныя пытанні конкурсу – што гэта і як гэтымі прыладамі карысталіся нашы продкі, але і даведаліся шмат новага.

Так, усе канкурсанты паведамілі, што адна з дзедаўскіх прылад – вагі, на якіх узважваліся цяжкія, «важкія» грузы, для вызначэння масы якіх не хапала звычайнага пудовага бязмена, пра які нам так падрабязна расказалі ў першым заданні конкурсу (вось адкуль, як паведаміла Аляксандра Працута, пайшло слова «важны»: той, хто мае вагу. Напачатку меўся на ўвазе прамы сэнс, а потым на першае месца выйшаў пераносны). 

На вагах узважваліся мяхі са збожжам, бульбай, мукой. Леанарда Якель узгадала, што калі на платформу груз не змяшчаўся, на яе клалі шчыт – да прыкладу, драбіны з возу.  Такія вагі часта выкарыстоўвалі ў крамах, дзе прадавалі муку, камбікорм, цукар ды соль мяшкамі, а таксама на фермах, на млынах (там іх бачыў Генрых Лукашэвіч), у хлебапякарнях – пра альхоўскую Аляксандры Працуце расказвала маці.

А яшчэ Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч паведамілі, што ў гэтай добра вядомай старэйшым людзям прылады ёсць асабовае імя: платформенныя рычажныя механічныя вагі Квінтэнца. Яны атрымалі сваю назву па імені нямецкага вынаходніка Фрыдрыха Квінтэнца, які яшчэ ў 1818 годзе прыдумаў, як узважваць вялікія грузы ў прапорцыі 10:1. Каб вызначыць масу 100-кілаграмовага груза, трэба ўраўнаважыць яго гірай у 10 кілаграмаў. Ну і яшчэ там складаная для разумення гуманітарыямі сістэма рычагоў… Аляксандра Працута падрабязна, з формуламі, апісала, якія іх суадносіны павінны быць: калі б я мела інжынерны склад розуму, то, напэўна, і сама б зрабіла нешта падобнае.

А Наталля Блахіна расказала гісторыю развіцця вагаў ад старажытнасці да нашых дзён: на дысертацыю, можа, і не пацягне, а на курсавую работу – цалкам верагодна: звяртайцеся, калі каму трэба, думаю, аўтар не адмовіць.

А яшчэ Наталля прыгадала некалькі выпадкаў са свайго дзяцінства, звязаных з такімі вагамі. Малая, яна часта бывала ў бабулі і любіла прыходзіць у сельпо, дзе працаваў іх родзіч. Дзяўчынка хутка навучылася падбіраць гіркі для ўзважвання розных грузаў – сваяк нават жартам запрашаў яе на работу. А яшчэ яна строга сачыла, каб усе гіркі стаялі па росту, ад самай вялікай да маленькай. Калі ж аднойчы адной з іх не аказалася на месцы, дзяўчынка падумала, што нехта яе ўкраў і прасіла бабулю выклікаць міліцыю. Аказалася, што нехта з работнікаў сельпо проста не паставіў яе на месца.

А ў другі раз у яе здарыўся канфлікт з сяброўкай: дзяўчаткі ўзважыліся – і аказалася, што Наташы для гэтага спатрэбілася болей гірак, чым суседскай дзяўчынцы. Сёння, напэўна, тая ўзрадавалася б, а тады пакрыўдзілася, вырашыла, што сяброўка не хоча падзяліцца з ёй. 

Гіры ў той час таксама былі ў дэфіцыце. Генрых Лукашэвіч узгадаў, што часта замест іх выкарыстоўвалі каменьчыкі ці бутэлькі з пяском, папярэдне, вядома ж, вызначыўшы вагу.

А яшчэ некаторыя канкурсанты пры­гадалі, што нядобрасумленныя пра­даўцы, каб занізіць ці, наадварот, завы­сіць вагу тавару, прасвідроўвалі ў гіры дзірачку ці, наадварот, незаўважна прымацоўвалі на яе днішча жалязяку ці магніт. «У кожнага свой пуд, ды наш – дакладнейшы», – прыгадала прыказку Ірына Яновіч.

Што тычыцца другой часткі задання, то падобны кош з дзвюма накрыў­камі і сёння ёсць у многіх нашых канкурсантаў, а іншыя бачылі яго ў бабуль ці дзядуль.

«Мой муж некалі плёў кашы, самыя розныя, – расказала Леанарда Якель. – Мы нават прадавалі іх. І кашы з накрыўкамі ён рабіў. Калі трымалі свіней, то захоўвалі ў іх на гарышчы, падвешваючы да бэлькі, вэнджанае мяса ці сала. Вельмі зручна: ні кот не ўлезе, ні мыш, ні нават муха. А гарышча да таго ж праветрываецца – мяса падсыхае… Цяпер я захоўваю ў такім кашы высушаныя лекавыя травы».

Кашы ўмельцы рабілі з гнуткіх галінак вярбы і лазы. Накрыўку прымацоўвалі з дапамогай завязак ці кручкоў. Некаторыя гаспадары нават майстравалі на іх замочкі. «Бацька ў такім кашы хаваў ад нас, падшыванцаў, папяросы, – успамінае Генрых Лукашэвіч. – Кош стаяў на печы – так тытунь падсушваўся. А каб у нас не было спакусы паспрабаваць атруту, бацька накрыўку закрываў хітрым замочкам».

Але знаходзілі такому кашу і іншае прымяненне. Аляксандра Працута знай­шла звесткі, што ў Расіі падобныя кошыкі прадаўцы-латочнікі вы­ка­­рыстоўвалі для пераноскі і для про­дажу сваіх тавараў: закрытая на­крыўка служыла невялікім (ці вялі­кім – у залежнасці ад памераў каша) пры­лаўкам, а сам кош – «складам».

У нашых вёсках у такіх кошыках пераносілі яйкі, розныя прадукты, бралі ў іх абед у поле. Генрых Лукашэвіч узгадаў, што маці яго так вазіла на базар прадаваць курэй. А сам ён у дзяцінстве з сябрамі лавіў падобным кашом рыбу.

Марыя Леановіч патэлефанавала ў рэдакцыю, і папярэдзіўшы, што ў конкурсе не ўдзельнічае, хоць ёй і знаёмы прылады, таксама расказала, што доб­ра ведае і кош, які і цяпер ёсць на яе селішчы. І вагі, якімі карыстаўся бацька-млынар. І адначасова пакрытыкавала нас: па словах Марыі Паўлаўны, у адказах пра льномялку яна знайшла як мінімум тры недакладнасці. А пра ручны прас (памятаеце заданне пра валік з рубелем?) расказала, што, калі яны з мужам, маладыя настаўнікі, 50 гадоў таму прыехалі ў Астравец, такі «прас» можна было заказаць на камбінаце будаўнічых матэрыялаў (на жаль, не ўсе ўжо, напэўна, памятаюць, што было ў Астраўцы такое прадпрыемства, вядомае ва ўсім Савецкім Саюзе). Што ж, цудоўна, што ў нас ёсць такі эксперт па дзедаўскіх прыладах!

Паколькі заданне ў нас было двайное, то і балы мы выстаўляем двайныя: нехта больш расказаў пра адну прыладу і толькі крышку – пра другую; у некага адзін адказ быў разгорнуты, а другі – недакладны.

Такім чынам, 8 балаў на гэтым этапе атрымлівае Аляксандра Працута, па 7 – Наталля Блахіна, Ірына Яновіч і Таццяна Бразевіч, па 6 – Генрых Лукашэвіч і Леанарда Якель, па 4 – Іаланта Валуевіч і Рэгіна Дрэма, 3 – Вікторыя Пляўга, па 2 – Генрых Калтан і Пётр Станевіч.

Фота з архіва музея Альхоўскай сярэдняй школы і Аляксандры Працута.

Текст: Нина Рыбик