Дзедаўская прылада: кошка, павук, вывудзень, воўк
15:15 / 15.08.2025
Аляксандра Працута, праўда, капнула глыбей у гісторыю і прыгадала, што прыстасаванне ўзнікла ў даўнія часы як спецыяльная зброя, якая выкарыстоўвалася ў марскіх бітвах для захопу варожых караблёў і штурму ўмацаванняў і называлася абардажнай кошкай. Нехта таксама ўспомніў фільмы і кнігі і расказаў, што ёй карысталіся яшчэ і альпіністы. Аляксандра Працута працытавала некалькі ўрыўкаў з розных твораў, дзе выкарыстоўваецца кошка. На жаль, межы гэтага матэрыялу не дазваляюць прывесці ўрывак з апавядання Аляксея Бярэзіна, «Кошка», які прыгадала Аляксандра, але я ад душы пасмяялася, чытаючы яго.
Тым не менш, наш конкурс, як сведчыць яго назва, тычыцца дзедаўскіх прылад і нам найперш цікава, як іх выкарыстоўвалі нашы продкі.
Наталля Блахіна расказала, што і сама паспрабавала кошку (у яе выпадку – павука) у дзеянні – ці, дакладней, пасля яе «дзеянняў» давялося яго прымяняць. Некалі ў дзяцінстве яны з сяброўкай вырашылі, што цягаць ваду адным вядром марудна і нерацыянальна, а калі прычапіць яшчэ адно, то справа пойдзе ўдвая хутчэй! Але ўсё закончылася так, як і павінна было: прывязанае вядро адарвалася і патанула. Давялося дзядулі даставаць «тапельца» павуком і праводзіць выхаваўчую работу з малалетнімі рацыяналізатарамі.
Вікторыя Пляўга ўзгадала, як яе бабуля аднойчы дастала са студні вядро з сюрпрызам: у ім сядзеў… вожык! Так вось не толькі хатні скарб кошка ўратавала, але і божае стварэнне.
Пастаянны ўдзельнік конкурсу Генрых Лукашэвіч цяпер адпачывае ў санаторыі, але гэта не стала для яго нагодай прапусціць чарговы этап конкурсу: заданне яму пераслала пляменніца, якая і раней дапамагала дзядзьку «дастаўляць» адказы ў рэдакцыю. Генрых адразу пазнаў дзедаўскую прыладу.
– Мелася такая і ў нашай хаце, – расказаў мужчына, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю з Уздзенскага раёна. – Праўда, была яна агульнай, толькі захоўвалася ў нас. Ваду з вясковай студні брала некалькі сем’яў, вёдры час ад часу тапіліся – тады ішлі да нас па кошку.
А яшчэ Генрых Лукашэвіч расказаў, што далучыў да конкурсу «Дзедаўская прылада» іншых калег па адпачынку, у прыватнасці, жыхароў Уладзімірскай і Цюменскай абласцей і нават паўвострава Ямал Расійскай Федэрацыі. Выходзіць, з дапамогай нашых удзельнікаў конкурс «Дзедаўская прылада» набывае статус міжнароднага? Большасць расіян таксама пазналі гэтую прыладу і расказалі, як ёй карыстаюцца ў розных мясцінах. Да прыкладу, у Цюменскай вобласці з дапамогай кошкі падцягвалі да берага бярвенні, якія адносіла цячэннем падчас сплаву па рацэ. А ва Уладзімірскай ёй лавілі рыбу.
Па-рознаму выкарыстоўвалі ўчэпістую кошку і ў нашых мясцінах. Валянціна Корзун і Ірына Яновіч распавялі, што ёй ачышчалі дно рэчкі ці сажалкі ад травы і смецця. Некалькі канкурсантаў расказалі, як з дапамогай кошкі чысцілі сажу: навязвалі на яе яловыя лапкі, прымацоўвалі груз і апускалі ў комін.
Дарэчы, Міраслава падказала яшчэ адну цікавую і ёмістую назву гэтай дзедаўскай прылады, якая выкарыстоўвалася ў іх мясцовасці, – вывудзень. Дакладней не скажаш!
Леанарда Якель успамінае, што ў іх сям’і кошку дзеля эканоміі грошай, якіх ніколі не хапала, старэйшы брат зрабіў сам: набіў на доўгую жэрдку цвікоў.
Кошкі і цяпер карыстаюцца попытам – яны нават ёсць у продажы, пра што сведчыць скрыншот аднаго з маркет-плэйсаў, які даслала Ірына Яновіч. Хоць ужо мала хто выцягвае з іх дапамогай вёдры, цяпер старадаўнюю прыладу часцей выкарыстоўваюць на будоўлі ці нават у якасці дэкаратыўнага элементу для аздаблення сядзібы – як Ірына Яновіч. Але ў доме Таццяны Бразевіч кошка, па словах удзельніцы конкурсу, усё яшчэ спраўна служыць гаспадарам.
Балы на гэтым этапе конкурсу размеркаваліся наступным чынам. Па 5 атрымліваюць Генрых Лукашэвіч і Таццяна Бразевіч, па 4 – Ірына Яновіч, Міраслава Якіменка, Наталля Блахіна, Аляксандра Працута, па 3 – Рэгіна Дрэма, Валянціна Корзун, Пётр Станкевіч, Леанарда Якель, Вікторыя Пляўга, па адным – gerik02v (рассакрэцьцеся, калі ласка, спадар інкогніта!), Кацярына Баер, Ганна Юхневіч, Аляксандр Лаўрыновіч.