Традыцыйны пленэр мастакоў прайшоў у Трокеніках
У жыхароў кожнага нават невялічкага населенага пункта Астравеччыны ёсць не адна нагода для гонару за родную мясціну – яе таленавітых і выбітных сыноў і дачок, сакральныя збудаванні, помнікі архітэктуры і прыроды…
Для вяскоўцаў з аграгарадка Трокенікі – гэта сусветнавядомы жывапісец Мар’ян Богуш-Шышка, які лічыцца мастаком стагоддзя. Побач з яго сядзібай традыцыйна ўлетку ладзіцца пленэр “Лета ў правінцыі” для творцаў, якія жыць не могуць без пэндзля і фарбаў.
Сёлета на працягу некалькіх гадзін у майстэрні пад адкрытым небам тварылі 14 мастакоў з Астравеччыны і Смаргоні. З радасцю для сябе адзначыла, што поруч з масцітымі і дастаткова вядомымі жывапісцамі працавалі і вучаніцы выкладчыка Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыі Варановіч.
Здаецца, тут застыў час: пакручастая вінтавая жалезная лесвіца яшчэ памятае дотых босых ножак гадавалага Мар’яна, таўшчэзны каржакаваты дуб (нават утрох яго цяпер не абдымеш!), які літаральна навіс над стромістым берагам, – цеплыню яго далоняў; а векавечная алея ліп – летуценны позірк маленькага мастака… Хто ведае, магчыма, дзякуючы гэтай маляўнічай прыродзе, якая, безумоўна, натхняла хлопчыка на маляванне, і пачалася дарога мастака стагоддзя Богуша-Шышкі…
Дарэчы, унікальнасць гэтага месца для напісання карцін адзначаюць і пастаянныя ўдзельнікі мастацкага пленэру. Невыпадкова чарцвёрты год запар з лёгкай рукі кіраўніцтва сектара культуры і цэнтральнай раённай бібліятэкі пры фінансавай падтрымцы прадпрымальнікаў Міхцеевых і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” ён прайшоў менавіта тут, у Трокеніках.
З самага ранку побач з сядзібай можна было заўважыць з паўтара дзясятка блукаючых людзей. Насамрэч гэта мастакі, якія прыехалі сюды наталіцца прыгажосць прыроды і патрапіць на хвалю творчасці, шукалі для сябе зручную лакацыю… І кожны знайшоў месца па сабе, каб не толькі вачамі злавіць патрэбны ракурс, але душой і існасцю адчуць яго ў прасторы тут і зараз і перадаць на паперы ці палатне.
З эцюднікамі і мальбертамі жывапісцы запаланілі прастору: хтосьці пісаў сядзібу, іншы – велічны дуб ці старадаўнюю алею… Назіраючы за іх работай і бачучы іх паглыбленасць у працэс і бадай што медытацыйную засяроджанасць, злавіла сябе на думцы, што мастакі – гэта небажыхары… Але насамрэч яны аказаліся звычайнымі людзьмі, якія не супраць перакінуцца некалькімі словамі пра творчасць і не толькі.
Дарэчы, у сваім шчыльным працоўным графіку спецыяльна, каб наведаць пленэр, вольнае акенца адшукаў і старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей Мядзвецкас. Кіраўнік раёна няспешна прагуляўся па майстэрні-вернісажы пад адкрытым небам і з веданнем справы пагутарыў з кожным з удзельнікаў.
У межах пленэру была арганізавана персанальная выстава карцін мастачак са Смаргоні, маці і дачкі, Аляксандры і Варвары Сосна пад незамыславатай, але душэўна цёплай назвай “Прыгажосць роднай зямлі”. Букет з палявых кветак, якія спрадвеку ў нас на вёсцы называлі “гарошкам”; трокеніцкі волат-дуб; мураваная брама касцёла ў Жодзішках, падножжа якой услана сатканым з разнатраў’я дываном; “заспаныя” дрэвы, якіх у красавіку разбудзілі першыя сонечныя промні…
Без перабольшвання, пленэр мастакоў – не толькі брэнд Трокенік, але і сапраўднае свята для мясцовых жыхароў. Завяршылася яно выставай работ удзельнікаў, якіх, як і шматлікіх гасцей, прывітаў старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч, уручэннем Дыпломаў і падарункаў, забаўкамі для дзяцей, футболам і канцэртам, зладжаным артыстамі раённых дамоў культуры і народным ансамблем песні “Рэха Астраўца”.
…А яшчэ, мне думаецца, пленэр стаў важкім унёскам ва ўшанаванне памяці Мар’яна Богуша-Шышкі: сёлета споўнілася 30 гадоў, як не стала мастака стагоддзя…
З прывітальнага слова Аляксандра Вярбовіча
“Мастакі, якія завіталі сёння да нас на пленэр, сапраўдныя героі свята. Да яго жыхары Трокенікі рыхтаваліся ледзь не ўсім аграгарадком. Удзячны кожнаму, хто ўклаў часцінку сваёй працы ў падрыхтоўку і добраўпарадкаванне тэрыторыі да ўрачыстасці. Упэўнены, што наш пленэр будзе мець працяг, а яго ўдзельнікаў з кожным годам толькі пабольшае.”
Слова ўдзельнікам
Тарэса і Вікторыя Варановічы, Дайлідкі
Тарэса Іосіфаўна:
– На пленэрах атрымліваеш шмат энергіі для далейшай работы. Хоць пісаць у рэжыме нон-стом пад спякотным сонцам не так проста, але ў Трокеніках складваецца зусім іншая сітуацыя… Тут працуецца лёгка, свабодна, натхёна, таму што, напэўна, адчуваецца прысутнасць душы самаго мастака. І месца для работы, можна сказаць, выбралася само: дастала ўсё неабходнае і пачала маляваць, быццам хтосьці кіраваў мной. Упершыню пісала дом-музей, падумалася, што яго проста неабходна занатаваць алеем на палатне.
Работа пісалася на адным дыханні: мазкі клаліся самі па сабе, што хацелася выказаць з дапамогай фарбаў – атрымлівалася з першай спробы. Хоць на пленэры пісаць алеем дастаткова складана: фарба падсыхае доўга, другі слой не пакладзеш, трэба імгненна вырашаць, класці шырокі мазок ці дробны. Як і заўсёды, пачынала з самага лёгкага – з неба. А потым паступова выцягвала першы план.
На пленэрах пісала і пастэллю, і каляровымі алоўкамі, і акрылам, але апошнія фарбы не па мне: імі складана, мне здаецца, перадаць прастору і глыбіню…
Вікторыя:
– А я, наадварот, люблю пісаць акрылам, хоць з ім працаваць няпроста: фарба хутка падсыхае, таму некаторыя дэталі праз некаторы час могуць пацямнець…
З мамай удзельнічаем у пленэры з моманту яго адкрыцця. Мне падабаецца атмасфера, якая тут пануе; радуе, што можна сустрэцца з сябрамі, прыдбаць новых знаёмых і ўдыхнуць жыццё ў белае палатно.
Анастасія Кажарская, Елізавета Субач, Юлія Шостак, Астравец:
Юлія:
– Я ўпершыню на пленэры. Згадзілася паехаць, каб падтрымаць сваю любімую сяброўку Лізу. Мы з дзяўчатамі тут прадстаўляем дзіцячую школу мастацтваў.
Елізавета:
– На гэтых пленэрах я не ўпершыню дзякуючы нашай Вікторыі Казіміраўне, якая не толькі неверагодная настаўніца, але і таленавітая мастачка.
Анастасія :
– Тут я ўпершыню. Прыехала, каб адпачыць на прыродзе і памаляваць.
Ала Зяленская, Астравец:
– Для мяне пленэр – гэта не толькі магчымасць папрацаваць на ўлонні прыроды, але і пастасавацца з аднадумцамі-мастакамі. У Трокенікі прыехала ў другі раз. Увогуле стараюся адгукацца на ўсе запрашэнні – новыя ўражанні, эмоцыі і сустрэчы даюць штуршок да творчага развіцця.
Хоць сёлетняе лета выдалася дастаткова напружаным (працую над работай па замове лясгаса), хапае і дома клопатаў, але пленэр – гэта святое. (Усміхаецца.) Ды і месца, як па мне, унікальнае: тут нарадзіўся Богуш-Шышка. Шкада, канешне, што ён рэалізоўваўся не на славянскай зямлі, але, мне здаецца, часцінку радзімы ён узяў з сабой і, верыцца, неаднойчы ўспамінаў свае Трокенікі, дзе рабіў першыя крокі ў мастацтва.
Аляксандра Сосна, Смаргонь:
– У нашай сям’і цэлая дынастыя мастакоў: на пленэры прысутнічаюць мая маці, Ніна Аляксандраўна, і дачка Варвара. А інакш і быць не магло: дзеці заўсёды бяруць прыклад з бацькоў. Ведаю, што і мой дзядуля Аляксандр Агальцаў, хоць меў толькі некалькі класаў адукацыі, быў выдатным спецыялістам у сваёй галіне: меў прыгожы каліграфічны почырк, а складзеныя ім карты з-за філіграннай дакладнасці і бездакорнага афармлення без правак аддаваліся ў друк. Відаць, мастацкія здольнасці перадаліся і нам…
Ведаце, я вельмі люблю ваш раён, які мы называем “астравецкім бокам”. Тут неверагодныя мясціны: Сарачанскія азёры, Міхалішкі, Гервяты... Пра Трокенікі ведала і бывала тут не раз яшчэ да пленэраў. У 2022 годзе прапанавалі паўдзельнічаць, без роздумаў згадзілася.
Штогод вельмі чакаю трокеніцкі пленэр. Пісала алеем, а наогул з большага на прыродзе выкарыстоўваю гуаш.
Кожны творца, мне здаецца, хоча паказаць пра свае работы, як ён бачыць гэты свет, каб іх хтосьці ацаніў. Мы адкрыты да людзей – двухбаковая сувязь вельмі важная для любога мастака.