Была такая вёска -- Папялішча
18:09 / 20.07.2025
Ганна Кажамякіна (Саковіч) ля сваёй сажалкі
Гісторыю сваёй роднай вёскі расказвае Ганна Кажамякіна (Саковіч).Вёсачка Папялішча на поўначы Астравецкага раёна для мяне, як і для ўсіх, хто там жыў, – самая прыгожая на зямлі. Не так далёка закінуў лёс, але даехаць да яе цяпер складана. Сумую, часта ўспамінаю з цеплынёй і тугой малую радзіму. І бачу яе такой, якой была яна ў гады маёй маладосці.
Моладзі ў вёсках тады было шмат. Памятаю, як весела, з жартамі ішлі з танцаў са Спондаўскага клуба 11 кіламетраў – і адлегласць гэтую зусім не адчувалі маладыя ногі.
А ночы былі цёплыя, цяпер, здаецца, ужо і не бывае такіх. Птушкі спявалі, шчабяталі, заліваліся на ўсе галасы! Зара амаль не затухала: вячэрняя згасала, а ранішняя займалася.
Калі падыходзілі да Папялішча, у салаўіны зладжаны хор так недарэчна-рэзка ўкліньваліся пеўні, якія будзілі гаспадынь.
А які водар стаяў! У кожным кветніку цвілі маціёлы, ці мацейкі, як іх у нас называлі – і ўся наша вёсачка пахла, як вясновы букет!»
Сядзіць Фелікс Саковіч, ад'ютант Царскай арміі
Як узнікла паселішча
– Назва вёскі гаворыць сама за сябе. Засценак Папялішча параўнальна малады – ён заснаваны ў 19-м стагоддзі. У дзяцінстве чула ад старэйшых людзей, што пан Сволькен з маёнтка Шайкуні даў гэтую зямлю ва ўласнасць сваім парабкам. Месца тут прыгожае, вясёлае: урадлівыя палеткі, побач лес, журавінныя балоты. Людзі пабудавалі дамы, абзавяліся сем’ямі. Але здарыўся пажар. Хаты стаялі шчыльна адна каля адной, стрэхі былі саламяныя… У выніку згарэла ўся вёска.
Пагарэльцы разышліся хто куды. Адзін толькі Мацей Саковіч не слязьмі гору дапамагаў, а справай: стаў нарыхтоўваць лес для новага дома. Людзі казалі: не варта на папялішчы будавацца, нядобры гэта знак. Але Мацей любіў гэтыя мясціны і нікога не слухаў. Працавіты, рызыкоўны і адважны, сказаў: «Не веру я забабонам! Не толькі дом пабудую, але і засценак назаву Папялішчам. Разбудуецца ён і стане вёскай!» І сапраўды: неўзабаве хутар разросся. І жылі ў адбудаваным паселішчы адны Саковічы.
Жыхары Папялішчаў на хрэсьбінах у Саковічаў. У цэнтры Аліміпія Саковіч
1971 год, 1 клас: настаўніца Соф'я Андрэеўна, Аня справа ад настаўніцы
Гістарычная даведка
Вёска Папялішча знаходзіцца на самай мяжы з Літвой за 67 кіламетраў ад Астраўца, за 3 кіламетры ад колішняй чыгуначнай станцыі Гелядня. У 19-м стагоддзі гэта прыватная ўласнасць у Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні.
Паданне пра знішчальны пажар мае дакументальнае пацвярджэнне. У даведніку «Гарады і вёскі Беларусі» чытаем, што ў 1861 годзе ў вёсцы Папялішча жыло 40 жыхароў. Потым паселішча прапала з рэестраў на некаторы час.
У 1909 годзе, паводле звестак прыхадской кнігі клюшчанскага касцёла, тут 3 дамы, гаспадарамі якіх з’яўляліся сыны Мацея Саковіча. У сям’і Мікалая і Уршулі было 6 чалавек, Бярнарда і Агаты – 9, Іосіфа і Альжбеты – 9.
У 1938 годзе Папялішча – засценак у Жукойненскай гміне Свянцянскага павета Віленскага ваяводства на 6 двароў, 37 жыхароў.
З 12 кастрычніка 1940 года Папялішча – вёска ў Клюшчанскім сельскім Савеце Свірскага раёна Вілейскай вобласці. З 20 верасня 1944 года – у Маладзечанскай вобласці, з 3 красавіка 1959 года – у Спондаўскім сельскім Савеце Астравецкага раёна.
У 1959 годзе ў вёсцы 19 жыхароў, у 2014-м – 2.
Сёння Папялішча нежылая вёска.
Ганна Кажамякіна (Саковіч)
– Як і паўсюль у нашым краі, кожны куточак зямлі каля Папялішча мае сваю назву: Круглыя, Пастанаўнік, Дубкі (на гэтым полі стаялі тры дубы, якім, па словах старажылаў, было па чатыры сотні гадоў ці нават больш), Дуброўка. У грыбы вяскоўцы хадзілі ў лес Краснікі, па ягады – у балота Мошку, там раслі самыя буйныя журавіны. Журавінным месцам было і Сухое балота. У Ружаполлі было шмат шыпшыны. Жвіркі, Ніўка, Аселіца, Гумнішча, Казіны хрыбет, Старая лазня, Пугачыха, Пяскі, Хвашчар, Кураласікі, Ель, Белая бяроза – усё гэта дарагія мясціны і мілыя сэрцу мясцовых жыхароў назвы.
Прырода дапамагала людзям пазбегнуць нястачы. Дзеці з маленства прыдачыняліся да ягадна-грыбнога бізнесу, прычым для нас гэта было не працай, а задавальненнем. Уставалі на досвітку і беглі ў лес. Збіралі толькі баравікі, махавікі, сыраежкі для сябе, а лісічкі – на здачу. Здаралася, што прыносілі па 500-600 баравікоў – і ўсе маладыя прыгажуны, адзін у адзін! Хадзілі кожны па сваіх мясцінах. Сябры жартавалі: «Аня і на асфальце баравік знойдзе». І чарніцы збіралі балеямі. А цяпер структура лесу памянялася – і баравікі амаль перасталі расці.
Крыніца знаходзілася амаль што ў вёсцы. Яе шанавалі: чысцілі, на падыходзе зрабілі драўляны насціл. Хоць у кожным двары меўся калодзеж, для піцця прыносілі крынічную ваду. Дзяўчаты ў чысты чацвер беглі сюды ўмывацца, каб тварыкі былі прыгожымі і маладымі.
Святы камень ляжаў у полі пры дарозе, што вядзе ў лес Краснікі. На ім, па легендзе, пакінула адбітак нагі сама Маці Божая. Да святыні хадзілі маліцца, прасіць заступніцтва Багародзіцы. Калі ў некага балелі ногі, станавіліся ў адбітак следу, калі здаралася нутраная хвароба – лажыліся на камень. Многім дапамагала, напэўна, па веры іх давалася ім. Нас з брацікам і сястрычкай мама таксама вадзіла да гэтага каменя, мы маліліся, абрывалі траву навокал, ачышчалі следавік ад моху, даглядалі, каб у зямлю не ўрастаў.
Дом Саковічаў
– Памятаю кожны дом у Папялішчы і тых, хто жыў там у гады майго дзяцінства і юнацтва.
Першы дом ад пачатку вёскі захаваўся яшчэ ад першапасяленцаў. Жыла ў ім Марыя Саковіч (Міхасіха). Мела пяцёра дзяцей. Дачка яе вельмі прыгожа вышывала, яе макаткі ўпрыгожвалі сцены ў многіх дамах.
Гаспадар наступнага дома – удзельнік Першай сусветнай вайны Вітольд Саковіч. Вярнуўся з фронту ён з жонкай Анастасіяй, расіянкай. Нарадзілі з ёй дзвюх дачок. Усё жыццё працаваў на чыгунцы.
Адзіны жыхар Папялішча, у якога было іншае прозвішча, – Адольф Каванскі. Ён прыйшоў сюды на дом (у прымакі) да Паўліны Саковіч. У іх было двое сыноў, Пётр і Часлаў.
Гаспадыня наступнай сядзібы Адальфіна Саковіч адна гадавала дваіх дзяцей. Яе муж выехаў у Расію на заробкі і не вярнуўся.
Мальвіна Саковіч. Яе сын Бярнард быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, прапаў без вестак. Улады заўсёды віншавалі маці салдата з Днём Перамогі, прывозілі падарункі, дапамагалі, нават перакрылі страху дранкай, гэта была першая хата ў вёсцы з такім дахам.
Далей жылі мае дзед з бабай Фелікс і Сабіна Саковічы. Дзед у царскай арміі быў ад’ютантам у нейкага камандзіра і поварам. Памёр ён рана, у 56 гадоў. Моцна забалеў жывот, падумалі, што заварот кішак. Прыдумалі «лячэнне»: паклалі на воз і пагналі каня па горах ды калдобінах, маўляў, калі добра патрэсці, то кішкі стануць на месца. Калі хвораму стала зусім дрэнна, яго адвезлі ў Вільню, дзе высветлілася, што адкрылася язва страўніка. Не ўратавалі…
Брат Фелікса Валерый спяваў у хоры Казіміра Сваяка. Быў нежанаты. Памёр рана.
Мае бацькі Казімір і Яніна Саковічы напачатку жылі з бацькамі ў старым доме. Мелі траіх дзяцей: Тэрэса старэйшая за мяне, а Уладыслаў малодшы. У 1965 годзе бацька пабудаваў свой дом, акурат у падарунак жонцы да нараджэння сына. Аднойчы цыганка сказала Яніне: «Увойдзеш у новы дом з сынам на руках». Мама пасмяялася, ды так яно і выйшла.
Маці добра шыла, спецыялізавалася на галіфэ (мужчынскія штаны асаблівага пакрою). Абшывала ўсю вёску і акругу. Акрамя таго, ткала дываны, адбіранікі, ручнікі.
Колькі працы і фантазіі ўкладзена ў гэтыя вырабы! Трэба воўну счасаць, ніткі спрасці, пафарбаваць у розныя колеры, прыдумаць узор, навесці кросны, ткаць вечарамі ды начамі, бо днём жа на работу! Прала, ткала, рыхтавала пасаг дочкам, а цяпер ўсё гэта ўяўляе цікавасць хіба што для музея.
Але і сёння, наведваючы бацькоўскі дом, я дастаю з шафы маміны дываны і адчуваю цяпло яе рук… Колькі работы перарабілі яны за свой век! Працавала ў калгасе. У 60 гадоў пайшла ў малаказборшчыкі. Уставала на досвітку, каб аб’ехаць Качаржышкі, Папялішча, Вялікую Вёску. Неаднаразова яе працу адзначалі Ганаровымі граматамі, падарункамі.
У 60-х бацька купіў першы ў акрузе матацыкл з каляскай. Колькі было радасці і гонару! Тата ўвогуле быў рукасты, майстравіты. Скончыў у Гродна спецыяльныя курсы і працаваў электрыкам, а потым калгас адправіў яго перавучвацца на газавіка.
За намі жылі Фелікс і Алімпія Саковічы. Яны выгадавалі траіх дачок, якія жывуць у Літве. Фелікс працаваў на чыгунцы, быў чалавекам разумным і прадпрымальным. Трымаў пчол, адліваў свечкі, якія куплялі пры патрэбе. Неяк у гаспадарцы паў конік, то суседзі наварылі з яго мыла і мелі запасы на доўгі час. Алімпія не працавала, але была дбайнай гаспадыняй. У дзяцінстве яна жыла ў яўрэйскай сям’і і там навучылася многаму, асабліва кулінарыі і этыкету: нават у той час у іх доме стол не накрывалі без абруса і сурвэтак. Расказвалі, што да гэтых інтэлігентных сялян часта заходзіў у госці ксёндз Адам Вайцяхоўскі.
Папялішча належала да клюшчанскай парафіі. Часта праз нашу вёску з харугвамі і песнямі ішлі пілігрымы ў Вострую Браму ў Вільню, да іх далучалася і папялісная моладзь.
Людзі ў нашай вёсцы жылі заможна. Працавалі спачатку на сваёй зямлі, потым хто на калгаснай ферме, хто на чыгунцы. Рабілі цяжка, адпачывалі весела. Гналі самагонку – у кожнага гаспадара быў свой апарат, лес жа пад бокам! Мясцовыя гумарысты нават песню склалі на матыў вядомай «Чэрэмшыны», якую спявалі на кожным застоллі «Самагона, самагона, хто цяпер цябе не гоне…»
Лазня была адна на ўсю вёску, а вось калодзежы амаль у кожным двары. У 90-х у адным з іх утапілася дарослая дзяўчына Феліцыя. Вясной была моцная паводка, вады ў студні – пад край, калодзеж стаяў пры нізіне, зруб драўляны, слабы… Знайшлі яе не адразу – ніхто нават не здагадаўся шукаць у калодзежы.
Пажар пасля таго, што знішчыў усю вёску, у Папялішчы быў толькі адзін. У 2008 годзе згарэў дом Часлава Каванскага і суседскі пустуючы. У агні загінуў і гаспадар. Часлаў вярнуўся ў 90-х з Караганды, каб прыглядаць за хворым бацькам, ды так і застаўся на радзіме. Дакладна прычыну пажару не высветлілі, па адной з найбольш верагодных – загарэлася ад уключанага абагравальніка.
Ганна Саковіч з маці каля клюшчанскага касцёла
– Вайна пакінула балючы след у памяці вяскоўцаў. Часта здараліся набегі немаў, якія шукалі мужчын і моладзь для вывазу ў Германію. Пра іх звычайна паведамляла «сарафаннае радыё» – тады мужчыны хаваліся хто куды. Выручала Сухое балота – залазілі пад мох. Хто не паспяваў туды дабегчы, залазілі ў копкі саломы і нават у стажкі гною. Нехта рабіў лазы ў каменнай крушні.
Латышскія паліцаі, якія дапамагалі немцам, ішлі на хітрасць: давалі аб’яўкі, што запрашаюць моладзь на працу, а калі хлопцы і дзяўчаты збіраліся, адпраўлялі ў Германію. Але маладыя людзі хутка здагадаліся, на якую «работу» іх завуць і па-ранейшаму стараліся схавацца.
Падчас аднаго з такіх набегаў гітлераўцы забралі траіх старэйшых дзяцей з сям’і Саковічаў, братоў і сястру майго бацькі Яніну, Альфонса і Яна. Доўга трымалі пад дуламі аўтаматаў. Бабуля галасіла, рвала на сабе валасы – яна засталася з 10-гадовым Казімірам. Майму бацьку рана давялося стаць дарослым, узяцца за плуг і за касу. Старэйшыя выжылі ў Германіі, але дадому не вярнуліся. Засталіся ў Польшчы. Усе атрымалі адукацыю. Ян у Зялёнай Гуры працаваў на тэлебачанні, Альфонс у горадзе Злотуў дырэктар аўтобуснага парка, Яніна хатняя гаспадыня, жыве ў Шчэціне.
Іаланта Валуевіч, збіраючы мясцовы фальклор, ад жыхара Спондаў Іосіфа Міхновіча запісала валачобную песню, якая складалася з нашых тапонімаў. Там ёсць радкі: «Паехалі ў Даўмілы, мацер’ялаў накупілі». «Чаму ў Даўмілы, а не ў мястэчка на рынак?» – не магла яна зразумець.
А ўсё вельмі проста. У 1944 годзе немцы разбамбілі на чыгуначнай станцыі Гелядня таварняк, што вёз тканіны. Вестка аб гэтым хутка разнеслася па наваколлі – і хто пехатой, хто на ровары, а найбольш прадпрымальныя і адважныя на вазах кінуліся збіраць «трафеі». Вагоны гарэлі, варожыя самалёты абстрэльвалі, але гэта нікога не спыніла. Жыхары бліжэйшай да Гелядні вёскі Даўмілы добра разжыліся з таго цягніка. Потым прадавалі адрэзы тканіны і выжывалі за гэты кошт. А некаторыя за гэтыя тканіны нават дамы пабудавалі.
Казімір і Яніна Стаповічы з першынцам – дачкой Тарэсай
– Дзеці з Папялішча хадзілі ў Клюшчанскую васьмігодку. Самае цяжкае – гэта дарога да школы: восенню і ўвесну па гразі ў гумовых ботах, зімой – па гурбах у пояс. Пазней зрабілі дарогу да Вялікай Вёскі, да Папялішча толькі падсыпалі.
Вучоба мне давалася лёгка. Шмат чытала. Сачыненне «Мой родны кут, як ты мне мілы» заняло першае месца на раённым конкурсе. З удзячнасцю ўспамінаю сваіх педагогаў, дырэктара Пілецкага, першую настаўніцу Соф’ю Андрэеўну Навіцкую.
Заканчвала школу ў Швянчонісе. Туды можна было даехаць аўтобусам, і да прыпынка толькі 3 кіламетры. Беларускіх вучняў вызвалілі ад урокаў літоўскай мовы, хоць потым, жывучы ў Літве, усё роўна давялося яе вывучыць.
У дзяцінстве марыла стаць медсястрой. З маленства ўсіх «ратавала»: даставала стрэмкі, апрацоўвала ранкі. Закончыла медыцынскі каледж у Даўгаўпілсе, па размеркаванні працавала ў Рызе ў дзіцячым шпіталі рэспубліканскага значэння, хоць вучылася на хірургічную медсястру.
Потым сустрэла свайго Мікалая, выйшла замуж. Лічу, што ў нас добрая сям’я: выгадавалі сына Жэню і дачку Вольгу, цешымся ўнукамі. Жывём у Швянчонісе. Некалі марыла: выйду на заслужаны адпачынак і паеду ў родную вёску, у бацькоўскі дом – буду вудзіць рыбу, слухаць спевы птушак, сустракаць усход сонейка. Але пакуль такой магчымасці няма, застаецца марыць і ўспамінаць…
«Кожны вечар, калі гуляю па гарадскіх вуліцах і раптам адчую водар маціёлаў, у сэрцы падымаецца хваля замілавання і лёгкага суму: успамінаецца родная вёсачка, яе жыхары, дзяцінства, наша Папялішча ў зеляніне садоў, з салаўінымі пераборамі і гарластымі пеўнямі… І з пахам маціёлаў, які для мяне назаўжды застанецца водарам радзімы».
Саковічы на новым матацыкле 1960 год
Запісала Іаланта ВАЛУЕВІЧ.