Гісторыя ў здымку: пра швейныя курсы ў Лынкішках расказвае Тадэвуш Макшыцкі
12:00 / 15.07.2025
– Гэта быў дом Сямёнаўны, які захаваўся да сённяшніх дзён. Праўда, цяпер там ніхто не жыве. Чырвоны Крыж тады арганізаваў курсы кройкі і шыцця, – тлумачыць Тадэвуш Казіміравіч. – З гэтай нагоды і сабраліся жанчыны, якія хацелі навучыцца патрэбнай справе, з усіх навакольных вёсак, прычым з даволі вялікага абшару: Грышкойці, Кандраты, Стары Звярынец, Новы Звярынец, Лазавыя, Стаўбуры…
Здымак цікавы. Па-першае, людзі не пазіруюць – фатограф падлавіў іх у момант работы. А хтосьці і бяседу «свецкую» вядзе…
Тут адлюстравана і жаночая мода таго часу: да прыкладу, вялікія гузікі, што шчыльнымі радкамі выстраіліся на блузках і кофтах.
Сярод удзельніц курсаў была і маці Макшыцкага Петрунэлія Восіпаўна (на фота другая справа).
– Сур’ёзна падышлі да арганізацыі курсаў жанчыны. Так, швейную машыну маёй маці пазычыла сястра Апалёня, – звяртае ўвагу мужчына. – Праз усю вёску яе да Сямёнаўны неслі. Мала ў каго тады было такое дабро – усё больш рукамі шылі.
– А здымак рабіў мой бацька, яшчэ да жаніцьбы з маці, – працягвае Макшыцкі. – Магчыма, тады і запрыкмеціў ён будучую жонку. (Усміхаецца.)