Удзельнікі аўтапрабегу напярэдадні Вялікай Перамогі наведалі памятныя месцы ў Газе, Міхалішках, Жукойнях
Па гэтым маршруце ў межах акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” праехала аўтакалона на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Карнілам.
Газа
Абеліск у гэтым населеным пункце нагадвае прозвішчы вяскоўцаў, якія так і не вярнуліся дадому з Вялікай Айчыннай вайны. Ля манумента ўдзельнікаў аўтапрабегу сустракалі школьнікі і мясцовыя жыхары.
– Мы аддаём даніну павагі подзвігу савецкага народа, нізка схіляем галовы перад загінулымі, замучанымі ў канцлагерах і дзякуем тым, хто выратаваў чалавецтва ад нацызму, – у прывітальным слове сказаў Іван Карніла. – Мы заўсёды будзем памятаць пра герояў, якія ваявалі на фронце, і тых, хто забяспечваў надзейны тыл. Святы доўг нашага пакалення – захаваць праўду пра гераічнае мінулае дзеля міру на роднай зямлі. Толькі дзякуючы агульным намаганням мы зможам супрацьстаяць усім выклікам і пагрозам. Дарагія землякі, няхай адчуванне гонару за Вялікую Перамогу дапамагае нам у ажыццяўленні самых грандыёзных планаў на карысць роднага астравецкага краю.
Слова мясцовым жыхарам
Марыя Харкевіч, в. Газа:
– Дзень Перамогі для мяне сапраўднае свята. Да помніка загінулым землякам з аднавяскоўцамі прыходзім штогод, каб ускласці ля абеліска кветкі, успомніць тых, хто загінуў, памаліцца. Мой свёкар і хросны ваявалі ў Вялікую Айчынную і жывыя вярнуліся з фронту. 9 Мая для мяне – гэта найвялікшая радасць, гэта напамін пра тое, што дзякуючы неймавернаму подзвігу нашых землякоў мы, нашы дзеці і ўнукі можам шчасліва жыць і працаваць пад мірным небам.
Міхалішкі
На ўрачыстасць у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі ля помніка загінулым землякам сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але дарослыя і дзеці з іншых вёсак.
Мітынг адкрыла старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Кацярына Емяльян, якая павіншавала прысутных са святам. Да гэтых слоў далучыліся Іван Карніла і Ірына Шляхтун.
– Школьнікі трымаюць у руках партрэты землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія набліжалі і здабылі для нас Перамогу. Памяць жыве! – адзначыла старшыня раённага савета ветэранаў. – Менавіта Міхалішкі першыя 22 чэрвеня 1941 года пацярпелі ад фашысцкай бамбёжкі. Аэрадром, дзе праходзілі вучобу курсанты Пастаўскай лётнай школы, быў па-зверску ўзарваны. Маладыя хлопцы – курсанты, тэхнікі, якія абслугоўвалі самалёты, – былі літаральна пахаваны ў міхалішскай зямлі… А колькі загінула мірных жыхароў? Варта ўзгадаць і фашысцкія гета, якія былі і тут. Мы проста не маем права забыць пра гэта. Свяшчэнны абавязак нашчадкаў Вялікай Перамогі – захоўваць праўду пра вайну, каб ні ў якім выпадку ніхто і ніколі не перайначыў і не перапісаў гісторыю, як гэта робяць цяпер у некаторых суседніх краінах.
Сімвалам памяці і ўдзячнасці загінулым на вайне землякам сталі пранікнёныя вершы ад школьнікаў і ўскладзеныя да абеліска кветкі ад усіх удзельнікаў мітынгу.
Слова мясцовым жыхарам
Таццяна Дуброўская з дачкой Карынай і ўнукам Яраславам, аг. Міхалішкі:
– Як чалавек і настаўнік лічу, што абавязак кожнага беларуса – памятаць пра вайну, пра землякоў, якія на ёй загінулі. На мітынг сёння прыйшлі не толькі вучні і педагогі, але і мясцовыя жыхары. Наш Яраслаў, напэўна, самы маленькі ўдзельнік мерапрыемства. (Усміхаецца.) Дзецям з самага ранняга ўзросту трэба расказваць пра тыя падзеі, браць іх з сабой на знакавыя месцы –так памяць будзе жыць заўсёды.
Жукойні
Спыніліся актывісты і ля магілы першага старшыні Жукойненскага сельсавета Канстанціна Гімбіцкага. Яго 20 ліпеня 1941 года закатавалі фашысты, а знявечанае цела закапалі ў лесе. Пазней людзі перапахавалі Канстанціна Аляксандравіча ў вёсцы Жукойні – тагачасным цэнтры калгаса імя Гімбіцкага… Сцяжынка да магілы гэтага смелага і мужнага чалавека, які калісьці не збаяўся паглядзець у вочы пакутніцкай смерці, ніколі не зарастае…