Салдатам пераможнага мая прысвяцілі аўтапрабег па Астравеччыне
Адна са святочных аўтакалон акцыі “Беларусь помніць. Помнім кожнага” адправілася ў бок Кемелішак, дзе прайшоў мітынг каля брацкай магілы ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Другой кропкай прыпынку аўтапрабегу стаў помнік загінулым землякам у аг.Падольцы, затым – брацкая магіла ў Баранях, дзе пахаваны расстраляныя тут яўрэі.
– Сёння мы схіляем галовы перад месцамі ўвекавечання: памятнымі знакамі, помнікамі або брацкімі магіламі. Нас сустракалі вучні школ, мясцовыя жыхары, кіраўніцтва саўгаса і сельвыканкама, настаўнікі, работнікі культуры і іншых сфер, якія працуюць у сельскай мясцовасці, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко. – Гэта важны момант яднання, бо 9 Мая – свята для людзей усіх нацыянальнасцей, веравызнання, усіх узростаў. Мы добра разумеем веліч і ў той жа час горыч перамогі. Я нават уявіць баюся, што было б, калі здарылася б па-іншаму. Мы пераможцы і павінны гэта памятаць, як і цяжкія ўрокі вайны. І павінны зрабіць усё, каб наша Беларусь і далей заставалася мірнай дзяржавай, нашы дзеці і праўнукі жылі пад мірным небам.
…Салдатам мая, якія прынеслі на нашу зямлю Перамогу, гучалі словы падзякі, у іх памяць удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі, ім нізка пакланіліся, стоячы перад мемарыяльнымі плітамі. Кожны з прысутных ушанаваў памяць загінулых хвілінай маўчання. Школьнікі чыталі вершы пра вайну, а дарослыя ўспаміналі землякоў і родзічаў, якія таксама ваявалі.
– Сюды, на магілу бацькоў, з Тэль-Авіва прыязджала дачка пахаваных яўрэяў, – расказвае жыхарка вёскі Барані Яніна Ілюк, бацькі якой хавалі ў сябе родзічаў жанчыны. – Быў тут і яе брат. Цяжка, страшна нават уявіць, як давялося людзям, якіх тут расстралялі. На календары быў снежань 1941-га. Зямля мерзлая… Мае бацькі хавалі ў сябе восем чалавек і баяліся, што і нашу сям’ю, калі іх знойдуць, таксама пакараюць. Потым гэтыя яўрэі трапілі ў гета…
– Паклонімся тым, хто сваім жыццём заваёўваў нам мірнае неба, – сказаў старшыня Рытанскага сельсавета Рыгор Цэйка. – Сёння наступаюць няпростыя часы: фашызм падымае галаву. Таму мы проста абавязаны помніць пра подзвігі дзядоў і прадзедаў, яны змагаліся са страшнай навалай, якая знішчала людзей толькі за тое, што былі іншай нацыянальнасці.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.