Аўтапрабег «Беларусь помніць. Помнім кожнага»: Гудагай і Дайноўка

13:27 / 08.05.2025

Напярэдадні 9 Мая падчас аўтапрабега «Беларусь помніць. Помнім кожнага» жыхары Астравеччыны аддалі дань павагі тым, хто набліжаў Дзень Перамогі, наведаўшы месцы памяці і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай.

Група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Паўлам Мілешкам праехала па маршруце Гудагай-Дайноўка. Ушанаваць памяць загінулых і падзякаваць жывым сабраліся таксама школьнікі, выхаванцы дзіцячага садка, мясцовыя жыхары. На кожным з прыпынкаў правялі мітынг, успомнілі пра подзвіг кожнага беларуса – які ваяваў, быў партызанам ці ў тыле рабіў усё дзеля Перамогі, – нагадалі, якой цаной дасталіся нашай краіне сённяшнія мірнае неба і спакойнае жыццё.






– Нам важна помніць пра падзеі 1941-1945 гадоў. Зараз часта даводзіцца чуць, як некаторыя заходнія краіны прыпісваюць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне сабе. Але мы ведаем, што 2-гі фронт быў адкрыты толькі ў чэрвені 1944-га, калі на ўсходзе ўжо адбыўся пераломны момант, калі савецкія войскі перамаглі ў Сталінградскай і Курскай бітвах і рыхтаваліся вызваляць Беларусь. Трэба зберагчы гістарычную памяць – і наша краіна робіць ўсё дзеля гэтага: захоўвае, рэканструіруе помнікі і ўзводзіць новыя мемарыяльныя комплексы; Генеральная пракуратура расследуе факты генацыду беларускага народа. Мы павінны перадаць маладому пакаленню важнасць і каштоўнасць Вялікай Перамогі, – адзначыў у Гудагаі Павел Мілешка. – Дзякуй, што мы не ведаем бяды, калі побач гінуць родныя, сябры і знаёмыя. Мы жывём спакойна, у бяспецы і можам працаваць на карысць сваёй Айчыны. Але гісторыю забываць нельга!


– Колькі жыццяў аддана за Вялікую Перамогу?! Сёння мы прыехалі на месца, дзе былі расстраляны і пахаваны мірныя людзі нацыянальнасці рома, а ўсё з-за таго, што адна нацыя паставіла сябе вышэй за іншыя, – звярнуўся да прысутных у Дайноўцы старшыня Гудагайскага сельсавета Уладзімір Барысевіч. – Падчас Вялікай Айчыннай вайны гінулі не толькі тыя, хто ваяваў на франтах, удзельнічаў у партызанскім руху, але і мірнае насельніцтва. Фашызм – гэта страшна. На тэрыторыі Беларусі і па сёння адкрываюць новыя месцы ахвяр генацыду. Пакуль будзем памятаць пра подзвіг дзядоў-прадзедаў, мы заўсёды будзем жыць у мірнай краіне пад мірным небам.




80 гадоў аддзяляюць нас ад таго дня, калі ўвесь свет даведаўся пра Перамогу над фашысцкай Германіяй. 9 Мая – сапраўды свята са слязьмі на вачах, бо ў ім не толькі радасць, але і мільёны ахвяр. Здаецца, усе тыя, хто аддаў жыццё ў барацьбе з фашызмам, кожны май чакаюць нас, пакаленне нашчадкаў. Хвіліна маўчання, кветкі да помніка і на магілу, шчырае дзякуй за сённяшняе спакойнае жыццё – гэта зусім няшмат, але так важна.


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова