“Выпісвайце і чытайце “Астравецкую праўду”, – раіць Ларыса Гаваноўская
У рэдакцыю патэлефанавала астраўчанка сталага веку Ларыса Гаваноўская, каб падзякаваць нашаму няштатнаму аўтару Іаланце Валуевіч за навелу «Хлеб наш надзённы» («АП» за 21 чэрвеня):
– Прачытала – і праслязілася. Сваё ўспомнілася: гэтак жа дзяўчынкай стаяла гадзінамі ў чарзе, каб купіць бохан хлеба; гэтак жа несла яго дахаты за 15 кіламетраў, а галава кружылася ад водару і жадання з’есці хоць кавалачак… І гэтак жа, як і аўтару, мне горка і прыкра, што сёння хлеб не шануюць…
А заадно Ларыса Дзмітрыеўна падзякавала журналістам за іх нялёгкую, але такую цікавую і патрэбную людзям работу.
– На Астравеччыне я з 1954 года. Усё жыццё працавала ў аптэцы. Многіх людзей ведаю, і мяне ведаюць многія. Цяпер, на жаль, здароўе падводзіць, нячаста магу выбрацца ў горад, схадзіць у царкву, але калі сустрэну знаёмага, то гэта для мяне – сапраўднае свята. А раённая газета дорыць мне гэтае свята двойчы на тыдзень: то пра аднаго пачытаю, то пра другога нешта даведаюся… А часам і пазнаёмлюся з некім, дзякуючы газеце, як некалі з Марыяй Паўлаўнай Пешкай: чытала яе публікацыі ў «Астравецкай…», вельмі яны мне падабаліся, а неяк сустрэліся, пазнаёміліся, разгаварыліся, сталі прыяцелькамі…
– Люблю чытаць пра наша такое рознае і супярэчлівае жыццё, пра лёсы людскія, – працягвае Ларыса Дзмітрыеўна. – І падарожнічаць разам з журналістамі люблю – самой не давялося ў свой час, то цяпер хоць іх вачыма свет пагляджу. На жаль, мала ў апошні час такіх матэрыялаў у раённай газеце друкуецца... Адзінае, што не чытаю, – рэклама. Непатрэбна яна мне! Але ж некаму, мусіць, і аб’явы цікавыя…
– Без раённай газеты мы былі б сляпыя і глухія! – робіць заключэнне Ларыса Гаваноўская і раіць усім жыхарам раёна выпісваць і чытаць «Астравецкую праўду».
Прыслухаемся да парады мудрай жанчыны?