Знай наших: ученица Ворнянской школы Александра Ганулич заняла 3-е место на республиканском турнире «Сила закона»

18:00 / 22.12.2023


Цудоўная навіна! У №96 “Астравецкай праўды” мы расказвалі пра перамогу Аляксандры Гануліч з Варнянскай СШ на абласным этапе прававога турніру “Сіла закона”. Нядаўна дзяўчынка абараняла гонар Астравеччыны на рэспубліцы – і вярнулася з Дыпломам ІІІ ступені.

Арганізатарамі турніру з’яўляюцца Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, Міністэрства адукацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы іншых структур. З амаль 30 тысяч удзельнікаў у фінал выйшаў толькі 21 чалавек, сярод іх і наша Саша. На рашаючым этапе канкурсанты не толькі выконвалі заданні на прававую тэматыку, але і пісалі эсэ пра Усебеларускі народны сход – дарэчы, гэта была сёлетняя навінка на турніры.

Аляксандра прадэманстравала добрыя веды, годна выканаўшы ўсе заданні, – і заваявала 3-е месца.

Пасля конкурснай часткі для юных інтэлектуалаў была арганізавана сустрэча з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі і экскурсія ў музей ЦВК. Яшчэ адным сюрпрызам для канкурсантаў стала наведванне авальнай залы Дома Урада, дзе ва ўрачыстай атмасферы адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі, сярод якіх была прадукцыя з лагатыпам “Мерч Першага”.

Віншуем нашу Сашу!

З першых вуснаў

Аляксандра Гануліч:

– Перамога на вобласці была прыемнай нечаканасцю. Да рэспублікі заставаўся ўсяго тыдзень. Рыхтавалася самастойна: у вольны ад урокаў час перачытвала Канстытуцыю, шукала іншую інфармацыю на прававых парталах.


Турнір праходзіў на базе юрыдычнага факультэта БДУ. За 30 хвілін трэба было адказаць на 20 пытанняў заканадаўчай тэматыкі. Прызнаюся, мне было няпроста. А вось другі этап выпрабавання – эсэ на тэму ролі Усебеларускага народнага сходу ў сістэме народакіравання – быў нескладаным.

Падчас перапынку пазнаёмілася з іншымі ўдзельнікамі. Уразіла, што некаторыя юнакі і дзяўчаты на гэтым турніры не ўпершыню, шмат рыхтуюцца з настаўнікамі і добра ведаюць законы.

Калі назвалі маё імя ў ліку пераможцаў, было вельмі прыемна, што з тысячы ўдзельнікаў я дайшла да фіналу і стала адной з лепшых. Вельмі спадабалася арганізацыі турніра – усё прадумана да дробязяў, а таксама падарункі – іх атрымала шмат. Спадзяюся, што і ў наступным годзе буду прадстаўляць раён і вобласць на рэспубліцы і ў мяне атрымаецца паўтарыць, а можа, і палепшыць свой вынік.


Текст:
Фото: з архіва А.Гануліч