Адчуваннямі і думкамі, якія ўзніклі падчас і пасля наведвання Хатыні, дзеляцца астраўчане

10:00 / 22.03.2023
Восемдзесят гадоў назад з карты Беларусі знікла вёска Хатынь, якую разам з жыхарамі спалілі фашысты. Пазней тут узнік мемарыяльны комплекс – ён  пакідае глыбокія ўражанні ў кожнага наведвальніка. Увекавечаная ў ім гісторыя аднаго населенага пункта ўвасобіла ў сабе трагедыю ўсяго беларускага народа і соцень спаленых вёсак. Жыхары Астравеччыны, якія бывалі ў Хатыні, расказалі пра адчуванні, што ўзніклі падчас і пасля наведвання мемарыялу, і падзяліліся ўражаннямі. 

Ягор Карчэўскі, вучань Варнянскай СШ:

32222.jpg

– У Хатыні ўпершыню пабываў у мінулым годзе падчас школьнай экскурсіі. Шмат чуў пра гэта трагічнае месца на ўроках гісторыі, трапляліся здымкі ў кнігах і інтэрнэце. Але зусім іншае – пабываць там і ўбачыць на свае вочы. Асабліва ўразілі абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі на месцы спаленых хат. Некалі там жылі людзі, яны пра нешта марылі, будавалі планы… Было не па сабе чытаць прозвішчы і імёны людзей, якія загінулі, асабліва дзетак. Немагчыма ўявіць, што яны адчувалі, што стоячы побач адзін з адным у калгасным хляве. 
Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны блізкая мне яшчэ і таму, што яна цесна звязана з  нашай сям’ёй. Мой прапрадзед Іван Свіла прапаў без вестак – яго імя высечана на помніку загінулым салдатам у аграгарадку Варона. 

Генрых Калтан, загадчык Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду:

2111r.jpg

– У Хатыні быў некалькі разоў, прычым у розным узросце. Упершыню – школьнікам. Хацелася як мага хутчэй пакінуць гэта месца, там было няўтульна – відаць, так уплывала на маю дзіцячую існасць вялікая канцэнтрацыя болю, якая адчуваецца там нават у паветры. Другі раз трапіў у Хатынь ужо дарослым, разам з жонкай ездзілі. Трэці раз наведаў мемарыял з унукам. Уразілі «Могілкі вёсак» , якія ўтрымліваюць 185 урн з зямлёй з месцаў спаленых і больш не адноўленых беларускіх вёсак, і чорная пліта-дах, і «Няскораны чалавек». У асобе Іосіфа Камінскага ўвасобіўся ўвесь наш беларускі народ: хоць і цярплівы, але нязломны, міралюбівы, гатовы стаяць за блізкіх і за сваю зямлю да апошняга. 
Пытанняў, думаю, не ў мяне аднаго ўзнікае шмат: у які момант чалавек пераходзіць мяжу незвароту? як можна пазбавіць жыцця іншага? як з гэтым жыць? Адказы знайшоў у вядомага ўрача-псіхатэрапеўта Віктара Франкла, які выжыў у канцэнтрацыйных лагерах. Чалавек – гэта істота, якая заўсёды сама вырашае, хто яна; істота, якая стварыла газавыя камеры. Але гэта і істота, якая ішла ў іх, горда выпрастаўшыся, з малітвай на вуснах.   

Данута Марцінкевіч, настаўнік беларускай і рускай моў і літаратур Кямелішскай СШ:

989890.jpg

– У Хатыні была неаднойчы. Упершыню – падчас вучобы ў школе. Мемарыяльны комплекс, які бачыла ў дзяцінстве, і некалькі месяцаў назад – дзве вялікія розніцы: ён стаў большым. Рэканструкцыя працягваецца і цяпер. 
Напрыканцы мінулага года мы арганізавалі экскурсію для вучняў. Постаць «Няскоранага чалавека» бачна здалёк. Здаецца, што знясілены, але нязломны Іосіф Камінскі з сынам на руках ідзе прама на цябе. 
У Хатыні ўсё сімвалічнае, напоўненае глыбокім сэнсам. «Сцяна Памяці» – увасабленне маштабаў людскіх страт падчас вайны: на 66 плітах пазначаны назвы найбольш буйных лагераў смерці. Чатыры студні, як сімвал жыцця, ля якіх, відаць, даўней збіраліся вяскоўцы, дзяліліся навінамі, гутарылі – але раптам усё знікла… На «Могілках вёсак» вечным сном спяць 185 вёсак,  якія так і не адрадзіліся… На сімвалічных «Дрэвах жыцця» паўсталі з попелу 433 беларускія паселішчы. Узгадваю вёскі сваёй малой радзімы, Іўеўшчыны. Атуленыя непраходнымі балотамі Юраўскія, дзе фашысты спалілі 5 хат з жыхарамі, засталіся толькі ў памяці людзей. А Ятаўтавічы змаглі адрадзіцца…
Колькі б ні прыязджала ў Хатынь, сэрца заўсёды заходзіцца ад болю. Цягнуцца ўвысь абеліскі ў выглядзе комінаў, званы «плачуць» па памерлых. А воддаль перашэптваюцца кволыя бярозавыя лісточкі, луг засцелены дываном з разнатраўя – такі дысананс… 

Яўген Волкаў, ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва:

98089.jpg

– Каля васьмі гадоў назад падчас курсаў павышэння кваліфікацыі з групай пабываў у Хатыні. Уся архітэктура гэтага мемарыяльнага комплексу адлюстроўвае сутнасць хатынскай трагедыі. Пра трагедыю ў Хатыні, як і многіх іншых спаленых беларускіх вёсках, нагадваюць званы. Глыбокі след пакідае вылітая з бронзы скульптура «Няскораны чалавек», прататыпам якога стаў адзіны ацалелы дарослы Іосіф Камінскі. Мала таго, што ўся сям’я мужчыны загінула ў агні, у яго на руках сканаў і моцна паранены ў жывот сын. Словы Іосіфа Іосіфавіча «не дай бог нікому на зямлі ўбачыць і пачуць такога гора» – запавет для нашчадкаў. 

Текст: