Генадзь і Алена Тубісы: “Гэта было каханне з першага погляду”

14:30 / 17.02.2023

Адносіны да ранніх шлюбаў, да таго ж з тых, што «наўздагон», у грамадстве найчасцей адмоўныя. Маўляў, калі жэняцца «па неабходнасці», ды яшчэ калі «малако на вуснах не абсохла», то якая там можа быць трывалая і моцная сям’я?
Алена і Генадзь Тубісы, якія разам 25 гадоў, неаднойчы даказалі, што з кожнага правіла бываюць выключэнні. У тым ліку – і такія шчаслівыя, як іх сям’я.
…Алене было 16 гадоў, яна яшчэ ў школе вучылася, калі да іх у Рытань прыехалі знаёмыя з суседняй вёскі са сваім ужо дарослым сынам.
– Толькі глянула на яго – і нібы токам працяла. Адразу зразумела: мой! – успамінае Алена.
– Гэта было каханне з першага погляду, – пагаджаецца Генадзь.
Калі стала зразумела, што дзяўчына цяжарная, пытання «Што рабіць?» не ўзнікла. Генадзь пайшоў да будучай цешчы, усё расказаў – бацьку прызнацца напачатку баяліся. Але  бацькі з аднаго і другога боку ўспрынялі навіну аднолькава: што ж, раз такая справа – трэба рыхтавацца да вяселля…
Яно было вялікім, на два бакі –  наваколле тры дні гудзела. Рэгістравалі маладых у Доме культуры. 
З таго часу Тубісы штогод адзначаюць дзень вяселля, прычым без усялякіх пераносаў.
– Дні нараджэння ў нашай сям’і не такое важнае свята, як дзень шлюбу, – гаворыць Алена. 
Зрэшты, гэта гледзячы чые дні нараджэння. Муж і жонка ў адзін голас прызнаюцца, што самыя шчаслівыя моманты сумеснага жыцця – з’яўленне дзяцей. Першынец Сярожка нарадзіўся праз тры месяцы пасля вяселля, не вельмі затрымалася і Юлька – усяго на паўтара гады.
– Юлька таткава дачушка. Яна з Генам хутчэй падзеліцца, чым са мною. Яны абое зямлю, жывёлу любяць. Мяне ў хлеў не пускаюць, кажуць, што свінні гаспадыню не пазнаюць: як зайду, то яны «Гена, Юля» равуць, – смяецца Алена.
А Сярожа, які ў трохгадовым узросце моцна апарыў­ся кіпенем і з якім маці аб’ездзіла ўсе магчымыя бальніцы і санаторыі, – яе пестунок.
Дарэчы, Сяргей зрабіў яшчэ такіх маладых і прыгожых Алену і Генадзя бабуляй ды дзядулем, іх пакуль адзінаму ўнуку Фёдару нядаўна споўніўся годзік. Але новы статус іх не засмуціў – Тубісы мараць, каб  сям’я прырастала! 
Яны ўвогуле вельмі шчырыя, адкрытыя, гасцінныя. Родныя і сябры любяць прыязджаць да іх – кажуць, што лепшага месца, дзе можна адпачыць душой і целам, не знойдзеш. Лёгкія на пад’ём і ўдзел у розных мерапрыемствах. У 2010 годзе іх сям’я была чацвёртайна рэспубліканскім этапе конкурсу «Валадар сяла». Пачэснае месца на сямейнай «сцяне славы» займае Дыплом за перамогу ў раённым конкурсе на лепшае навагодняе ўпрыгожанне падвор’я. «Усю зарплату аддалі на гэта, але ж як радасна было – і нам, і людзям!» – расказвае гаспадыня. Увогуле на гэтай сцяне цесна ад узнагарод. Хоць удзельнічаюць у конкурсах Тубісы не з-за перамог, а дзеля саміх сябе: нішто так не яднае сям’ю, як сумесныя перажыванні і радасці.
…Алена ўспамінае, як на іх вяселлі тагачасны дырэктар саўгаса «Рытанскі» Георгій Кара сказаў маладым тост: «Сёння не дзіва, што разыходзяцца, – дзіва, што жывуць. Дык жывіце ўсім на дзіва!»
Тубісы так і жывуць: каму – на дзіва, каму – на зай­здрасць, а сабе – на шчасце. 

Текст: Нина Рыбик