У гасцях у сям'і Тубісаў

15:58 / 17.12.2010

Не так даўно наша газета распавядала пра ўдзел у  рэспубліканскім сямейным сельскагаспадарчым праекце “Валадар сяла” сям’ю Тубісаў з Рытані. А нядаўна мне патэлефанавала яго арганізатар на раённым узроўні першы сакратар райкама БРСМ Марына Мар’янаўна Кутовіч і прапанавала: “Не хочаш пазнаёміцца з імі асабіста? Не пашкадуеш, яны – такія мілыя, добрыя і проста класныя людзі”. Адмовіцца ад такой заманлівай прапановы было немагчыма – я з радасцю згадзілася.



Сям”я

Алена і Генадзь пажаніліся ў дзень закаханых, і вось ужо на працягу дванаццаці гадоў нясуць праз узлёты і падзенні жыцця сваё цудоўнае пачуццё.
Аднак спачатку яны  не звярталі ўвагі адзін на аднаго. Хоць і жылі ў адной вёсцы, але разам у пясочніцы не гулялі, ён не падносіў ёй ранец у школу і не тузаў за коскі. Гэта і не дзіўна, бо ў дзяцінстве розніца паміж імі ў шэсць гадоў адчувалася куды больш востра і істотна, чым пазней. Ну якая справа была Генадзю – падлетку і старшакласніку – да нейкай там “драбязы”? Дый  ці прыкмячаў ён калі-небудзь маленькую Алёнку? Тым больш, што і вучыліся яны ў розных школах: пакуль дзяўчынка наведвала Рытаньскую дзевяцігодку, ён ужо пайшоў у Кямелішкаўскую сярэднюю.
Тая сустрэча, калі страла Амура не пашкадавала абодвух, адбылася значна пазней. Да гэтага часу Генадзь паспеў скончыць школу, паступіць у Мірскі мастацкі каледж  і адправіўся аддаваць доўг Радзіме ў арміі. Вось менавіта такога прыгажуна-хлопца і ўбачыла Алена ў клубе на танцах.
–Канешне, прыйшоў  – такі “круты”: пасля арміі, на танцы на машыне прыехаў. А мясцовыя кавалеры на веласіпедах… Як такога не заўважыш? – усміхаецца, успамінаючы гісторыю знаёмства Алена.
На самой справе зусім не “крутая тачка” спадабалася ёй, а сам Гена –добры, разумеючы, спагадлівы. Яна ж яго ўзяла, як прызнаецца сам Генадзь, прыгажосцю, непаўторнай абаяльнасцю і нечым такім, ад чаго на душы становіцца святлей, а сэрца пачынае біцца часцей.
Іх пачуццё расло з кожным днём – і праз некаторы час вылілася ў лагічны фінал. Навіна аб хуткім вяселлі Алены і Генадзя нікога асабліва не здзівіла. Вяселле згулялі на дзень святога Валянціна, каб гэты ахоўнік усіх закаханых і аберагаў іх пачуццё і дапамагаў справіцца з жыццёвымі нягодамі. Хутка ў маладой сям’і Тубісаў нарадзіўся сынок Сяргей, а праз два гады – і дачушка Юля. Алена і Гена абжыліся ў сваім доме, завялі прысядзібную гаспадарку – і жыццё завіравала ў звычайным тэмпе: клопаты змяняліся радасцямі, будні – святамі, а пасля хвілін расчаравання прыходзілі надзея і ўпэўненасць.



Захапленні

Іх у Тубісаў нямала. І ў кожнага члена сям’і – сваё.
Калі вы думаеце, што Генадзь, вярнуўшыся з арміі, і думаць забыўся аб колішняй вучобе ў мастацкім каледжы, то вельмі памыляецеся. Навучальную ўстанову ён скончыў і атрымаў спецыяльнасць сталяра і рэзчыка па дрэве ці, як з усмешкай называе яе мужчына – сталяр-разьбяр. Праўда, па прафесіі Гена ні дня не працаваў – уладкаваўся спачатку ў СВК, а затым вадзіцелем пажарна-аварыйнага паста №13 у Кямелішках. Затое разьба па дрэве стала яго справай душы. Калі знаходзіцца вольны час, Гена з задавальненнем ідзе ў сваю майстэрню – і праз некаторы час з’яўляецца новы шэдэўр. Які? Ды самы розны – ад палічкі да выразанай карціны ці іншага ўпрыгожання ў дом. А яшчэ Гена, як сапраўдны вадзіцель, не можа жыць без тэхнікі, не прызнае ніякіх аўтасэрвісаў і заўсёды сам рамантуе свой аўтамабіль.
Алена – сапраўдная гаспадыня, захавальніца сямейнага ачага, якая, акрамя працы ў мясцовым магазіне паспявае і з хатняй гаспадаркай спраўляцца: і жывёлу дагледзець, і прыгожых кветак ля дома насадзіць, і вялізныя памідоры ў цяпліцы вырасціць. А яшчэ яна – чараўніца спраў кулінарных. Як прызналася жанчына, крупы ў іх дома амаль няма, ды і макароны ў хатніх не карыстаюцца папулярнасцю: асноўныя стравы гатуюцца з бульбы. Вось і прыходзіцца нешта выдумляць, эксперыментаваць і чараваць. Ды ўсё ў руках умелай гаспадыні атрымліваецца – пальчыкі абліжаш.
Сямікласнік Сяргей захапляецца камп’ютарам, а вось дзесяцігадовая Юля, як расказала мама, актывістка ўсюды. З’явіўся які-небудзь новы гурток ці іншае новаўвядзенне – дзяўчынка абавязкова там. Нядаўна яна запісалася ў музычную школу ў клас фартэпіяна – адразу паставіла бацькоў перад фактам. Аргумент неаспрэчны – ёй так захацелася.



Конкурс

На раённым конкурсе на лепшае сельскае падвор’е, які праводзіўся ў мінулым годзе, сям’я Тубісаў стала адным з пераможцаў. Таму, калі сёлета паўстала пытанне:  хто можа прадставіць Астравеччыну на рэспубліканскім конкурсе “Валадар сяла”, выбар адразу выпаў на гэту маладую, сімпатычную, дружную і энергічную сям’ю.
Рыхтаваліся яны да конкурсу вельмі шчыра, адказна і старанна. Асабліва палохалі конкурсы, дзе гаспадыні трэба было запрэгчы каня, а мужу – спячы бліны. Пачаліся рэпетыцыі.
–Ды бліны я і раней умеў пячы. Алена неаднойчы з сынам у санаторый ездзіла, а мы з Юлькай дома заставаліся. Нічога, і бліны гатаваў, і іншыя стравы. А тут журы хацелася здзівіць чым-небудзь. Навучыўся нават пераварочваць бліны, падкідваючы іх на патэльні. А на конкурсе іх пяклі на іншай прыладзе, так што майстар-клас прадэманстраваць не давялося, – дзеліцца ўражаннямі Генадзь.
Хоць спячы бліны “з падкідваннем” мужчыне так і не давялося, затое ён усіх уразіў сваім знешнім выглядам – у спецыяльным кухарскім каўпаку і дзіцячым фартушку глядзеўся, як запраўскі шэф-повар.
А вось Алене запрагаць каня прыйшлося ўпершыню. Цяпер прызнаецца, што пасля першай спробы падумала: “Ну ўсё, не будзе ніякага конкурсу!”
–Канешне, я ж за ўсё сваё жыццё ні разу каня не запрагала. Для трэніроўкі спецыяльна дамовілася з мужчынам, а пасля падумала, што з жанчынай, напэўна, прасцей будзе. Пасля ёй нават экзамен здавала. (Смяецца) А на конкурсе ўсё роўна штрафны бал прысудзілі – маўляў, паслядоўнасць няправільная. А ў нас менавіта так запрагаюць! Проста ў кожным рэгіёне свае асаблівасці. Ці было цяжка? Ну, пакуль хадзіла вучыцца каня запрагаць, здавалася, што гэта – самае складанае. А пайшлі на рэпетыцыю “візіткі” ў клуб, дзе Таццяна Сяргееўна і Аляксандр Мечыслававіч Юргелянцы вучылі трымацца на сцэне і спяваць –  за што ім, канешне, вялікі дзякуй – дык тады я і падумала: лепш ужо каня запрагаць!
Але праз боязь сцэны яны ўпэўнена пераступілі і з іншымі цяжкасцямі і праблемамі таксама справіліся, бо не ў характары Тубісаў – адступаць і скарацца нягодам. І на конкурсе яны выступілі цудоўна: і спявалі, і дровы пілавалі, і бліны пяклі, і каня запрагалі. А дома за іх перажывала ўся вёска. І сустракалі іх родныя, блізкія і сябры, як пераможцаў, хоць і не занялі яны прызавое месца. Але гэта – не самае галоўнае, бо яны і так сапраўдныя валадары – сваёй сям’і, лёсу і шчасця.


Марына МАЦКЕВІЧ.