Спектаклем “Свае і чужыя” астравецкі тэатр пацвердзіў званне “народны”

14:00 / 16.02.2023


Народны тэатр Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці спектаклем “Свае і чужыя” пацвердзіў званне народнага калектыву. Такое рашэнне прыняла атэстацыйная камісія на чале з намеснікам дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталляй Рамановіч, якая 10 лютага ўлілася ў шэрагі гледачоў, што прыйшлі ў шматфункцыянальны культурны комплекс.

За два мінулыя месяцы спектакль “Свае і чужыя” паказвалі ў Астраўцы ў 3 разы – і заўсёды зала была перапоўнена. Гледачы дзякавалі за пастаноўку, расказвалі пра свае перажыванні, узгадвалі знаёмых, з лёсаў якіх нібы скапіраваны вобразы герояў. Гэта і не дзіўна, бо п’еса напісана на падставе рэальных падзей.

Жыццёвасць і рэальнасць сцэнічнага матэрыялу, удалую ігру акцёраў, добрую рэжысёрскую работу адзначыла і атэстацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік кіраўніка і спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра.

Хоць падчас прагляду камісія, як прызналіся пазней яе члены, на нейкі час забылася пра неабходнасць даваць ацэнку і падзяліла эмоцыі гледачоў у зале: суперажывала пакутам галоўнай гераіні Алены, не разумела яе самаахвярнасці; шкадавала дзяцей, асабліва пакінутага маці Андрэйку; абуралася паводзінамі перакананага ў сваёй беспакаранасці Антона; падзяляла мацярынскі боль Веры, якая злуецца на сваявольніцу-дачку, ушчувае і адначасова шкадуе сваё дзіця…

У выніку рашэнне аб тым, што драматычны тэатр Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці варты звання народнага, было прынята аднагалосна.

Пасля спектакля члены камісіі падзяліліся ўражаннямі.

Аліцыя Рабцава, вядучы метадыст па тэатральным жанры:

–Галоўная вартасць спектакля – тое, што ён пастаўлены на мясцовым матэрыяле. П’еса напісана астравецкім аўтарам па рэальных падзеях – наколькі я ведаю, гэта не першая сумесная работа Ніны Рыбік і народнага тэатра. Гэтым астравецкі тэатр адрозніваецца ад іншых, гэта, можна сказаць, ваша фішка. Некаторыя хібы ў пастаноўцы я заўважыла, але яны не псуюць агульнага ўражання. Работа добрая, дыхтоўная. Ігра галоўнай гераіні вышэй усялякіх пахвал: Вольга Лябецкая вельмі арганічная ў вобразе Алены. Ей трэба іграць, яна – сапраўдная актрыса! І іншыя акцёры ў асноўным справіліся са сваімі ролямі.

Наталля Рамановіч, намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра – намеснік старшыні атэстацыйный камісіі:

–У адрозненне ад Аліцыі Людвігаўны я не заўважыла хібаў: глядзела спектакль на адным дыханні, забыўшыся, што трэба даваць ацэнку. У нейкіх момантах хацелася плакаць, перажывала за герояў… Вельмі добрая работа. Спектакль павінен жыць, яго трэба паказваць людзям, бо ён уздымае важныя маральна-этычныя тэмы.

Ірына Гарчычка, вядучы метадыст па фальклоры:

–Асаблівая падзяка аўтару п’есы і акцёрам за смачную сакавітую беларускую мову! Яна сапраўды народная, льецца нязмушана, арганічна. І ўвогуле спектакль вельмі цікавы. Званне народнага, на мой погляд, тэатр цалкам заслугоўвае.

ххх

У той жа дзень атэстацыйная камісія абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прагледзела праграмы ансамбля “Кемяліна” і фальклорнага гурта “Жыльвіціс”, якія таксама рыхтуюцца да прысваення звання “народны”. Быў адзначаны высокі ўзровень абодвух калектываў. А метадычныя і кансультацыйныя парады, якія далі члены камісіі, думаецца, дапамогуць ім неўзабаве годна абараніць высокае званне.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Алёна Ганулич