Прэм’ера спектакля “Свае і чужыя” прайшла ў Астраўцы з аншлагам

18:22 / 19.12.2022

IMG_6365.JPG

Прэм’ера спектакля ў дзвюх дзеях “Свае і чужыя” па п’есе Ніны Рыбік прайшла ў шматфункцыянальным культурным комплексе. Яе паставіў народны тэатр Астравецкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Драматычны першынец маёй калегі, пастаноўку “Калядны вечар” пра жанчын у доме састарэлых і іх лёсы, бачылі шмат разоў у Астраўцы і ў раёне, у Ашмянах, Гродне, Мінску і нават расійскім Сасновым Боры. Многія цікавіліся ў аўтара і акцёраў: калі чакаць новага спектакля? Задума пра пастаноўку “Свае і чужыя” выношвалася некалькі гадоў, больш таго – быў зняты відэапралог да спектакля… Але, як кажуць, зоркі не сыходзіліся. Сёлета, да радасці многіх жыхароў нашага раёна, п’еса “ўцелавілася” на сцэне! Дарэмнымі былі перажыванні, ці збярэцца зал. Блізіўся пачатак – а ланцужок гледачоў за білетамі не меншаў…

IMG_6370.JPG

IMG_6377.JPG

IMG_6383.JPG

…Дзея разгортваецца ў пасляваенны час у звычайнай вясковай хаце. Алена насуперак ушчуванням блізкіх выйшла замуж за сына забойцы свайго бацькі, Антона-ўдаўца з двума падлеткамі. А роднага сына Андрэйку пакінула з маці. Маладая кабета – да слова, не першая і не апошняя ў сваім жаданні знайсці простае жаночае шчасце – кіравалася эмоцыямі і сляпой упэўненасцю ў тым, што яе каханне абавязкова пераменіць сына Міканора-ваўка, што яна адагрэе халоднае сэрца Антона і яны стануць сапраўднай моцнай любячай сям’ёй…

Але мары балюча разбіваюцца аб халодную рэчаіснасць: яна гадуе яго сына і дачку, як родных, носіць пад сэрцам іх сумеснае дзіцятка, але нічога, акрамя кпінаў, лаянкі, а часам і сінякоў, не бачыць ад свайго мужа, які любіць зазірнуць у чарку…

Роднаму сыну гераіні застаецца толькі ўпотайкі, схаваўшыся за плотам, назіраць за самым блізкім і родным чалавекам, матуляй... Андрэйка асмельваецца зайсці ў хату толькі тады, калі яна адна. Алена яму патрэбна больш, чым паветра, прытуліцца і адчуць дотык родных пяшчотных рук – больш нічога не трэба. Басаногае хлапчанё не можа зразумець, чаму не можа быць разам з маці; чаму ён жыве з бабуляй, а Паўлік і Галька – з яго мамай. Гэтыя пытанні малы адрасуе самаму блізкаму чалавеку на свеце.

IMG_6400.JPG

IMG_6405.JPG

IMG_6424.JPG

IMG_6426.JPG

IMG_6439.JPG

Усведамленне таго, што роднае дзіця – сірата пры жывой маці, а для Антона яна проста парабчанка ставіць гераіню перад выбарам: трываць далей і пакутаваць ці даць сабе другі шанс.

Алена вырашае сысці ад мужа. І яе ўпэўненасць у гэтым павялічваецца пасля размовы з маці, братавай, суседкай… Рашучасць жанчыны сысці імгненна рушыцца, калі ёй у ногі падаюць два безабаронныя дзіцяці, якія за гэты час сталі ёй роднымі…

У другой частцы падзеі разгортваюцца праз 15 гадоў. Алена нарадзіла дачку, якая ўжо школьніца, і сышла ад Антона, як і раілі зрабіць гэта дзеці. Старэйшы Паўлік служыць у міліцыі, а Галька прыехала да родных з падарункамі на канікулы. Андрэйка заходзіць да гераіні, каб запрасіць на вяселле, але назваць яе маці не можа; са сваёй будучай жонкай ён пазнаёміў толькі бабу Веру…

IMG_6444.JPG

IMG_6456.JPG

П’янюткі Антон паўтарае, як мантру, што ён адзіны сын Міканора-ваўка і, сланяючыся, сыходзіць са сцэны – праз імгненне гучыць стрэл. Самазабойства ці стрэл у паветра, як сімвал ачышчэння і развітання з мінулым? Фінал спектакля застаўся адкрытым, хоць, прызнацца, для мяне канцоўка была відавочнай. За ўсё ў гэтым свеце даводзіцца плаціць – і часта за грахі бацькоў разлічваюцца дзеці. Толькі чалавек адказны за свой выбар. І жыццё непрадказальнае: сапраўды не ведаеш, калі і ў які момант чужыя стануць сваімі, а свае – чужымі…

IMG_6466.JPG

Схіляюся ў паклоне перад аўтарам п’есы, напісанай па рэальных падзеях, Нінай Рыбік, рэжысёрам Ганнай Ашоўскай, акцёрамі і многімі іншымі, чыімі намаганнямі адбылася прэм’ера. Гэта была непараўнальна цудоўная і неверагодна таленавітая нават не ігра, а пражыванне роляў. Пад асаблівым уражаннем ад Анатоля Радзевіча і Вольгі Лябецкай, якія сыгралі Антона і Алену, – іх проста трэба бачыць на сцэне, каб зразумець мае захапленне і эмоцыі. Цудоўна са сваімі ролямі справіліся Марыя Васілёнак, Злата Радзевіч, Яўген Васілец, Вікторыя Урбановіч, Сняжана Мікша, Ігнат Урбановіч, Арцём Арцем’еў і Марыя Няфёдава.

Спадзяюся, што за паспяховай прэм’ерай надыдзе чарга народных гастроляў. Каб кожны ў нашым раёне і за яго межамі на прыкладзе гэтай пастаноўкі, задумаўся: калі і чаму свае становяцца чужымі, а чужыя – сваімі?

Текст:
Фото: Алена Ганулич