Прайсці Крыжовы шлях, або Парафіяльнае свята адзначылі ў Гудагайскім санктуарыі

12:00 / 21.07.2026

Маці Божая Гудагайская сабрала вернікаў на ўрачыстае святкаванне парафіяльнага свята. Шчырая малітва, вера і надзея, цярпенне і адзінства – у Крыжовы шлях, каб на кожным прыпынку паразважаць над пакутамі Збаўцы і сэнсам жыцця чалавека, адправіліся сотні людзей у першы дзень урачыстасці.

Фэст у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі заўсёды шматлюдны. Вернікі з розных куточкаў Беларусі збіраюцца тут, каб разам памаліцца, адчуць цеплыню і спакой, надзею на лепшае і падмацаваць сваю веру ў дабрыню і справядлівасць. Пешшу, на веласіпедах, аўтамабілях і матацыклах прыйшлі і прыехалі сюды пілігрымы на імшу і Крыжовую дарогу.

Пад шатамі веры

І хоць для дзяцей гудагайскі фэст перш за ўсё свята, для дарослых – ачышчэнне, падмацаванне фізічнага цела духоўна, пацвярджэнне сілы веры і жадання жыць па божых законах…


Як заўсёды, кожную струнку душы чапляюць словы святых айцоў падчас урачыстай імшы, якую штогод узначальваюць каталіцкія іерархі Беларусі; да самых аддаленых куточкаў пляцоўкі перад касцёлам далятаюць песні ў выкананні мясцовага хору; да самых нябёсаў даносіцца агульная малітва – і на вачах усіх, хто да яе далучыўся, блішчаць слёзы. Вось яна вялікая радасць і сапраўднае ачышчэнне…

Пад кроплямі дажджу

Крыжовы шлях у Гудагаі самы працяглы ў Беларусі – больш за 3 кіламетры. І на кожнай з 14-ці стацый сотні вернікаў спыняюцца, каб памаліцца і паразважаць над сваім жыццём праз прызму пакут Хрыста. Пажылыя людзі, моладзь і бацькі з маленькімі дзецьмі – тры гадзіны, якія цягнецца дарога, стойка  ідуць наперад. І кожны нясе сваю асабістую інтэнцыю: просіць аб здароўі, прымірэнні ў сям'і ці пакаянні за грахі.

Маршрут, пачынаючыся каля касцёла, пралягае праз маляўнічыя, але стромкія ўзгоркі, палі, лясныя сцежкі з валунамі і каранямі дрэў, а сёлета прыкладна напалове дарогі святочнае шэсце накрыла цяжкім покрывам дажджу. Вера дапамагае прайсці любыя цяжкасці, перажываць непрыемнасці лёгка. Дый што тыя кроплі ў параўнанні з пакутамі, якія перанёс Ісус Хрыстос, на Галгофе? Хутчэй, Яго благаслаўленне, бо дождж быў цёплы, нібы жыватворны.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Алена Баршчэўская з дзецьмі, Астравец:

– Фэст у Гудагаі – гэта цудоўная магчымасць сабрацца, памаліцца разам, адчуць яднанне і моц веры. Я тут сёння з мужам і дзецьмі Янам, Евай, Іосіфам, Якавам, Ісаакам, Верай, дарэчы, з намі і яе сяброўка Карына. Тут жа свёкар і свякроў. Гэта светлае свята, якое дапамагае адчуць, што мы адна вялікая сям’я, што нас ахінае любоў Маці Божай Шкаплернай, яе ласка і апека. Кожны год бываем на фэсце – сёлета гэта ўжо 14-ты раз.

Кацярына Лукашэвіч, Нарач:

– Я неаднойчы задавалася пытаннем, што ж для мяне Гудагай. З дзяцінства прыязджаю сюды і лічу гэтае месца сваім другім домам. І сёння захацелася прыехаць. Мне Крыжовы шлях даецца проста, таму што праходжу яго ад першага года ўтварэння. Мука Пана Езуса дапамагае, са сваёй, канешне, інтэнцыяй, сваімі думкамі, перажываннямі і марамі, якія перажываеш унутры, адолець няпросты для многіх шлях. Не ведала, што сёння збіраецца навальніца, але падрыхтавалася: маю і куртку, і дажджавік, і шкарпэткі – у любое надвор’е ісці гатова.

Ксенія Сямашка і Генадзь Сівохін, Заслаўе:

– Мы тут у першы раз, але вельмі імкнуліся прыехаць. Ведалі пра свята даўно. Хацелі на цягніку, але сябар прывёз на машыне.

Вельмі ўзрушаны тым, што адбываецца. Як тут усё па-сапраўднаму, душэўна, вельмі трапяткая атмасфера. На жаль, на Крыжовую дарогу не пойдзем – трэба вяртацца дадому, але ўспрымаем гэта як неабходнасць прыехаць на яе ў наступны раз.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https:// telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович