Водитель, грузчик, автослесарь… – до службы в армии Владислав Скорб пробовал себя в разных профессиях

16:40 / 14.11.2022
Унук герояў Перамогі, сын афі­цэра – здавалася б, як началь­нік пагранпаста «Кяме­лішкі» Уладзіслаў Скорб мог стаяць перад выбарам прафесіі.
– У ваенную сферу я ўсё ж прыйшоў, але не адразу, – усміхаецца малады чалавек. І расказвае пра сябе.

  ЖЫЦЦЁ КАЧАВОЕ
– Калі ў мяне пытаюць, адкуль я, адказваю: з Гродна – калі быў падлеткам, пераехалі сюды і засталіся назаўсёды. Бацькі ў мяне беларусы, а я нарадзіўся ў Германіі – тата служыў у Дрэздане, куды яго накіравалі пасля заканчэння ваеннага вучылішча ў Сімферопалі. Пасля вываду савецкіх войск з Германіі бацьку прапанавалі службу ў вайсковай часці ў Гродне,  пазней ён перавёўся ў пагранічныя войскі.
Потым тату перавялі ў Дзяржынск – там я пайшоў у 1 клас беларускамоўнай гімназіі. Пазней зноў жылі ў Гродне, затым – у  Верхнядзвінску… Жыццё нашай сям’і было «качавым». Да слова, гэта мяне не напружвала – як і новае асяроддзе, да якога даводзілася прывыкаць. 

ПАСТАВІЎ НА ШАЛІ ВУЧОБУ і РАБОТУ 
– І апошняе ў выніку пераважыла. (Усміхаецца.) 
Ведаеце, у 15-18 гадоў зразумець, чаго ты хочаш, складана. Бывае, і ў 30 не можаш гэтага зрабіць…
Кім быць, дзе вучыцца, што ды як рабіць – такіх установак бацькі мне не давалі, раілі, але не «націскалі».
Жадання ісці ў ваенныя па прыкладзе бацькі не было. Я бачыў яго ў форме, хадзіў у дзяцінстве ў часць, але ўсё для мяне было не больш чым звычайнасцю, а не тым, ад чаго дух захоплівае, не той будучыняй, пра якую марыш.  Мне падабаліся аўтамабілі. У выніку паступіў у тэхнікум на спецыяльнасць «мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання». 
Студэнтам не толькі за падручнікамі сядзеў (да слова, вучыўся добра), а і падпрацоўваў: вадзіцелем, грузчыкам, рамантаваў і мыў машыны, плітку тратуар­ную клаў… – і лічу гэта добрай жыццёвай школай. 
А вось дыплом так і не атрымаў – забраў дакументы на 4-м курсе, бо зразумеў, што не таго чакаў ад вучобы. Я ў той час ужо працаваў на станцыі тэхабслугоўвання і вопыт, які там атрымліваў, палічыў больш каштоўным за заняткі ў тэхнікуме. Паставіў на шалі гэтыя 2 моманты – і ўзважыў, што для мяне лепш. Я ж не толькі рамантаваў аўто, яшчэ вучыўся стасавацца з людзьмі, арганізоўваць работу – у тым ліку і на прыкладзе начальніка, які не толькі кіраваў, а і працаваў упоравень з намі. 
Бацькі не чакалі ад мяне такога і, вядома ж, не падзялялі выбару – стараліся пераканаць, але я зрабіў па-свойму.
Хаця першапачаткова ў мяне быў план скончыць тэхнікум, а потым пайсці ва ўніверсітэт ці ў Ваенную акадэмію. А тады раздумаўся: з тэхнікумам не атрымалася, паступіць у вну на ваенную спецыяльнасць – і зноў зразумець, што гэта не тое, чаго жадаў, – не варыянт. Вырашыў: каб дакладна вызначыцца, трэба прайсці тэрміновую службу.  


АТЫ-БАТЫ
– Прадзеды і дзеды па бацькавай і па мацярынскай лініях былі ваеннымі. Мабыць, ува мне паняцце «служыць» было закладзена на генетычным узроўні. Да таго ж я рос у гэтым асяродку, яно было мне блізкім. І таму якую прафесію я ні выбраў бы, пра тое, каб не служыць «тэрміноўку», нават думак не было – гэта ж мой грамадзянскі абавязак.
Прапанавалі на выбар дэсантныя войскі альбо пагранічныя – кінолагам. А я хацеў быць вадзіцелем, каб з тэх­нікай працаваць, – і спадзяваўся, што такую просьбу задаволяць.
У выніку трапіў у Смаргонь кінолагам. (Усміхаецца.) Мяне пераканалі, што  гэта магчымасць атрымаць спецыяль­насць кінолага, а вадзі­цель­скія  ўменні магу адтачыць і на гра­ма­дзянцы – правы ж ёсць. Так стаў важа­тым службовых сабак. Пасля двухмесячнай стажыроўкі мяне адправілі ў Гродна на заставу, з часам стаў інструктарам службовых сабак. Служба падабалася – нават падчас адпачынку прыязджаў сваіх падапечных паглядзець. 
А потым атрымаў прапанову застацца на кантракт – згадзіўся без ваганняў.

СЛУЖБА ПАГРАНІЧНАЯ
– Праз пару месяцаў адправілі на іншую заставу – на пасаду начальніка службы сабак. І, адпрацаваўшы там год, я зразумеў, што трэба атрымліваць адукацыю. На прыкмеце было 2 варыянты: «завочка» на факультэце фізкультуры ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы альбо стацыянар у Інстытуце пагранічнай службы – выбраў апошняе.
Пачаў рыхтавацца да ЦТ: купіў тэс­ты па гісторыі Беларусі, матэматыцы і рускай мове – займаўся самастойна, наведваў курсы па мове.
Паступаў на агульных умовах, але меў перад школьнікамі пэўную перавагу: калі набяру аднолькавую колькасць балаў – залічаць мяне. У 2014 годзе стаў курсантам з перспектывай атрымаць прафесію спецыяліста па кіраванні падраздзяленнямі органаў пагранічнай службы. Курсанты, як і салдаты ў часцях, таксама служаць: нарады, іншыя абавязкі… – для мяне гэта было звык­лым, а для тых, хто прыйшоў пасля школы, – складаным, асабліва па першым часе. Прадметы цяжкасцей не выклікалі – вучыўся добра.
Акрамя таго што, як і ўсе курсанты, быў на поўным матэрыяльным забеспячэнні, мне, як «кантрактніку», захоўвалася зар­плата і, суадносна, званне – на той момант я быў старшыной.
Да слова, гэта цяпер заняткі ўсе 4 гады ідуць на базе Інстытута пагранічнай службы, мы ж першы год вучыліся «на ўлонні прыроды»: у часці, што пад Смаргонню, – пра гэта даведаліся, калі прыбылі на курс маладога байца. Я спадзяваўся, што, як кантрактнік, не буду жыць у інтэрнаце – здыму кватэру. А ў выніку жыць давялося ў «лесе». (Смяецца.) 
Па выпуску з інстытута атрымаў лейтэ­нанцкія пагоны, але ў часць, дзе служыў, ужо не вярнуўся – як і ўсе выпускнікі, падлягаў размеркаванню –  так трапіў у Смаргонскую пагрангрупу намеснікам начальніка паста «Клевіца». 
Пасля мяне накіравалі на такую ж пасаду на заставу «Лоша», а з лета гэтага года я начальнік пагранпаста «Кямелішкі». 
Можа, камусьці і не падабаецца такое «качавое» жыццё, а для мяне ў гэтым няма нічога незвычайнага – я лёгкі на ўздым, ды і з сям’і ваеннага. (Усміхаецца.) І жонка ў гэтым плане са мной на адной хвалі: мы разам, у нас падрастае дачушка – і гэта галоўнае. 


Думкі ўслых
▪ Калі штосьці не падабаецца, прычына будзе не толькі ў некім – пашукаць яе трэба і ў сабе.
▪ Жаданне можна выклікаць у чалавека: ствары ўмовы, знайдзі патрэбныя довады – і ён захоча рабіць.
▪ Не трэба баяцца «шукаць сябе», бо ніхто не ведае, як табе будзе лепш, пакуль не паспрабуеш.
▪ Не ўзрост вызначае ступень сталасці чалавека, а прой­дзены шлях, жыццёвы вопыт.
▪ Трэба быць гатовым да таго, што ўсё будзе не так, як ты сабе ўяўляў, – і гэта не азначае, што ў выніку атрымаецца дрэнна.
▪ У начальніка пагранпас­та паняцця «выхадны» не можа быць – ты ўвесь час нечым заняты і павінен трымаць усё на кантролі.

Пра самае важнае
…У арміі – 
вучоба: тактыка, пачатковая ваенная, спецыяльная, агнявая, фізічная падрыхтоўкі. І па іншых дысцыплінах вядуцца заняткі. Падчас службы салдаты атрымліваюць спецыяльнасць. Вучобу праходзяць не толькі салдаты тэрміновай службы, а ўсе ваеннаслужачыя.

…Пры выбары ваеннай пра­фесіі – 
разумець, што гэта такое. Таму лепш за ўсё спярша пайсці на тэрміновую ці кантрактную службу, дзе ўбачыш і на сабе адчуеш, што значыць быць ваенным. Тады і вырашыш, ці пра тую сцежку марыў. І выбар ты зробіш не па расповедах, карцінках, фільмах і гэтак далей  – а на ўласным вопыце.

…Рэч 
Для мяне, мабыць, гітара – скончыў музычную школу. Цяпер нячаста выпадае узяць яе ў рукі. І галоўнае – не разгубіць уменні. Гэта як з фізпадрыхтоўкай: калі ты ўмоўна падцягваешся 10 разоў – гэта трэба рабіць перыядычна, каб не даць мышцам «забыць», бо з цягам часу проста не зможаш браць тую планку.

…Непрыемнае пачуццё – 
калі чакаемае і рэальнасць разыходзяцца. Я адчуваў гэта неаднойчы і яшчэ не раз адчую. Тут галоўнае – тое, як да гэтага ставіцца. І яшчэ памятаць: па-першае, бязвыхадных сітуацый не бывае, а па-другое, калі нешта ідзе не так, не значыць, што ўсё будзе дрэнна. Чым больш сталееш, тым лягчэй успрымаеш няспраўджанасць надзей.

Фота з архіва Уладзіслава СКОРБА.



Текст: Рита Дремо