Пра сваіх дзядоў, якія ваявалі, расказвае Юрый Шоць

11:00 / 11.05.2025
Не знайсці сярод сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тых, хто ўспомніў бы пра яе спакойна. Гэта была страшная трагедыя, якая скасіла мільёны жыццяў і пакінула свой след у кожнай беларускай сям’і: у адной ваяваў бацька ці сын, у другой – дзед або дзядзька, у трэцяй – маці або сястра…

Для сям’і Юрыя Шоць шлях да агульнай Перамогі быў цяжэйшы ўдвая: абодва яго дзеды прымалі непасрэдны ўдзел у вайне, зганяючы з роднай зямлі фашысцкую навалу…  Юрый Аляксандравіч з дзяцінства памятае іх расповеды, кароткія і скупыя на факты, але такія эмацыянальныя і зразумелыя без лішніх слоў.

Дзед Мікалай  і «Максiм»

Мікалай Вікенцьевіч Шоц (з савецкіх часоў Шоць) нарадзіўся ў 1911 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і, дзе было чацвёра дзяцей. Бацька яго працаваў гараднічым. Пасля рэвалюцыі, у 1917-м, Шоцы пераехалі да родзічаў у Беларусь, у вёску Перавессе Смаргонскага раёна – тады гэтая тэрыторыя адносілася да Заходняй Беларусі і ўваходзіла ў склад Вілейскай вобласці.

Бацька Мікалая (прадзед Юрыя) быў батраком. Мікалай скон­чыў 4 класы школы i таксама батрачыў.

У канцы 1939 года Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, а ў 1940-м Мікалая забіраюць у Чырвоную армію – у Гродне ён вучыцца на радзіста і вяртаецца ў родную вёску.

Мікалай Вікенцьевіч Шоц

І толькі ў 1944 годзе, калі фронт перамясціўся ў бок Германіі, Мікалая зноў прызываюць. Ён трапляе ў артылерыю кулямётчыкам – у 7-ю стралковую роту 1050-га палка, 301-ю дывізію. «Дзед не любіў пра вайну расказваць, – гаворыць яго ўнук Юрый. – Усё паўтараў: «Лепш нікому не ведаць, што я прайшоў і што бачыў. Сем чалавек, што падавалі мне патроны да «Максіма», тут жа і ляглі. Як я выжыў, не разумею».

Так, з «Максімам» і дайшоў Мікалай Шоц да Берліна. Пра тое, як горад бралі, неяк расказаў адну гісторыю: «Узялі мы Берлін, і паступіла каманда нікога не страляць. Пайшоў я па патрэбе, а там немец сядзіць з аўтаматам. Я аслупянеў, але сцяміў выкрыкнуць «Хэндэ хох! (Рукі ўверх! – Заўв. Юрыя.) Немец спалохаўся і кінуў зброю. Так я ў лагер палоннага прывёў».

Мікалай Вікенцьевіч быў двойчы кантужаны. Пасля перамогі ў 1945-м вярнуўся дадому. Жаніўся, у сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей. Працаваў у калгасе бры­гадзірам, будаваў фермы, потым быў там падвозчыкам. 

Дзесьці ў 1994 годзе ў вёску заехалі цыгане – убачылі на доме ветэрана таблічку. Папрасілі ў яго медалі «для музея». Дзед Мікалай, не раздумваючы, аддаў. Так яны і прапалі. А вось ордэны не – бярог іх і, не здымаючы, насіў. 

Памёр Мікалай Шоць у 2000 годзе.

Узнагароды

– Ордэн Чырвонай Зоркі (1945, 1949 гг.);

– медаль «За ўзяцце Берліна» (1945 г.);

– медаль «3а вызваленне Варшавы» (1945 г.);

– медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»;   

– ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені (1985 г).

Атрымаў шмат іншых узнагарод і Падзячных лістоў.



Пра заслугі

Выпіска з узнагароднага ліста чырвонаармейца Мікалая Вікенцьевіча Шоц: «Радавы Шоц, удзельнічаючы ў баях за ўзяцце Берліна з 23.04.1945г. па 02.05.1945г., сваім ручным кулямётам знішчыў тры кулямётныя кропкі праціўніка. Адначасова знішчыў да дваццаці нямецкіх салдат. Гэтым самым даў магчымасць сваім падраздзяленням заняць новую мяжу. Варты ўрадавай узнагароды ордэна Чырвоная Зорка».


Лука: прапаў і знайшоўся

Лука Ігнацьевіч Крэерэнка нарадзіўся ў вёсцы Камарычы Быхаўскага раёна ў 1917 годзе «ў жніво» – так казаў сам пра дату з’яўлення на свет, якую дакладна не ведаў.

У сям’і бацькоў было шасцёра дзяцей, у выхаванні і далейшым лёсе якіх галоўнае месца займала маці. «Атрымаў» Лука 4 класы адукацыі, далей вучыцца маці не пусціла, хоць ён вельмі хацеў, – трэба было працаваць. 

У 1939-м Луку прызвалі ў Чырвоную армію. Усе чатыры гады ваяваў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Меў дзве кантузіі. Атрымаў мноства раненняў, з вайны вярнуўся інвалідам. «Памятаю, у яго на руцэ і нагах тырчэлі асколкі ад мін і снарадаў. Так ён з імі і жыў, – расказвае Юрый Аляксандравіч. – Дактары пастанавілі: выдаляць іх нельга, бо вельмі небяспечна».

Лука Ігнацьевіч Крэерэнка

Пасля вайны Крэерэнка застаўся на Украіне і некалькі гадоў быў у спісах тых, хто прапаў без вестак. Працаваў настаўнікам фізічнай культуры. У 1948 годзе прыехаў праведаць бацькоў. І маці яго назад не адпусціла. Тут, у Камарычах, жаніўся, меў пяцёра дзяцей. 

Быў брыгадзірам у калгасе, вельмі паважаным чалавекам. І любіў коней. На пенсію па інваліднасці сям’ю пракарміць было цяжка, таму, калі давалі групу (спачатку трэцюю, потым другую, за ёй першую), – адмаўляўся як мог. Але і потым працаваў – конюхам, зборшчыкам малака. 

У 1958 годзе ў Лукі Ігнацьевіча памерла жонка, на руках інваліда засталіся дзеці. І Крэерэнка ажаніўся другі раз. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны вельмі любіў дзяцей і заўсёды радаваўся прыезду ўнукаў. Памёр у 1990 годзе.

– Пра яго ўдзел у вайне я ведаю менш: дзецьмі мы ў дзядулі Лукі радзей бывалі, ды і ён асабліва нічога не расказваў, – гаворыць Юрый Шоць. – Таму, вывучаючы яго біяграфію, я шмат дакументаў пераглядзеў. Даведаўся, што быў дзед лейтэнантам, знайшоў звесткі і пра яго ўзнагароджанне.

Узнагароды

– Ордэн Чырвонай Зоркі (1949 г.);

– ордэн Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені (1985 г).

Пра заслугі

Выпіска з узнагароднага ліста старшага лейтэнанта Крэерэнкі Лукi Iгнацьевiча: «Удзельнiчаў у баях пад г. Таганрогам, дзе атрымаў два раненнi.

У баях пад г. Крывы Рог 30-31 кастрычнiка 1943 года пры супрацьстаяннi контратак працiўнiка падбіў чатыры варожыя танкі, і ў выніку ўмелага кіраўніцтва ў адыходзе на новыя рубяжы яго рота знішчыла больш за два дзясяткі салдат.

За праяўленую мужнасць і ўмелае кіраўніцтва варты ўрадавай узнагароды ордэна Чырвонай Зоркі».



Фота прадставіў Ю. Шоць.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович