Навальніца напрыканцы кастрычніка? Здаралася і такое

09:00 / 25.10.2022
196

Ну вось і прамільгнула, пацалаваўшы на развітанне ласкавым, хоць і не вельмі шчодрым сонейкам, бабіна лета – такое прыгожае, такое цёплае і такое кароткае… Начныя прымаразкі, халодны вецер і дажджы зрываюць апошнія лісты. Дрэвы ўмольна ўздымаюць да свінцовага неба свае рукі-галіны, просячы цяпла. Марна… Надыходзіць самая нелюбімая і непрывабная пара года – позняя восень.
Якім быў канец кастрычніка ў розныя гады, нам расказваюць дзённікі надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі. Яны сведчаць, што часцей за ўсё ў гэтыя дні, як і сёлета, стаяла сырое надвор’е, часта ішлі дажджы, дзённая тэмпература трымалася ў межах +5-7°С, ноччу нярэдка бывалі прымаразкі.
Але здараліся і выключэнні. У 1991 го­дзе ў гэты час сваіх лазутчыкаў ужо засылала зіма: ноччу тэмпература апускалася да –4°С, днём не падымалася вышэй за +30С, амаль штодня ішоў снег, які тут жа раставаў.
У 1992 годзе снег, які выпаў 22 кастрычніка, ляжаў амаль да канца месяца, начамі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй мінусавой адзнакі, ды і днём не кожны раз пераходзіў за нуль. «Няўжо ўжо бу­дзе зіма? – запісаў у сваім дзённіку Стэфан Рамэйка. – А ў калгасе яшчэ шмат работы: зямля не ўзарана, цукровыя буракі не ўбраны. І мы агарод не паспелі заараць». 
У 2012 годзе першы снег, як сведчаць запісы Станіслава Памецькі, выпаў у ноч з 27 на 28 кастрычніка.
Холадна, хоць і без снегу, было напрыканцы кастрычніка ў 1990, 1993, 1997, 2003, 2005 гадах.
У 2002 годзе стойлавы перыяд у жывёлы, паводле запісаў Стэфана Рамэйкі, пачаўся рана – 31 кастрычніка.
А ў 1995, 2006, 2008, 2013, 2019 гадах кастрычнік заканчваўся цяп­лом – дзённая тэмпература складала +12-14°С. У 2003 і 2006 гадах 26 і 27 кастрычніка яго слупок увогуле ўзнімаўся да +17°С. 
У 1994 годзе, як сведчаць запісы Стэфана Рамэйкі, 27 кастрычніка грымеў гром і бліскала маланка. Навальніца з громам і бліскавіцамі, вялікім дажджом і моцным ветрам здарылася і 28 кастрычніка 1998 года. Такую незвычайную ў гэтую пару з’яву зафіксаваў ён і 29 кастрычніка 2004 года.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і 
Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.

Фото: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений