Юная вакалістка Дар’я Арцем’ева – у ліку лепшых на “Галасах свету”

14:00 / 05.10.2022

Вучэбны год распачаўся нядаўна, а выхаванцы Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў ужо скараюць творчыя вяршыні. Першай “ластаўкай” стала Дар’я Арцем’ева, якая заваявала Дыплом лаўрэата ІІІ ступені на адкрытым абласным дабрачынным конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Галасы свету”.

Конкурс праходзіў у 2 туры, заяву на ўдзел разам з відэа вакальнага нумара настаўнік харавога аддзялення Таццяна Канчанін, у якой займаецца дзяўчынка, адправіла яшчэ ў жніўні. За права прайсці ў фінал, змагалася 50 удзельнікаў, але атрымалася гэта толькі ў 11 – у тым ліку і ў астраўчанкі.

У другім туры дзеці дэманстравалі вакал і артыстызм на сцэне Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Дар’я Арцем’ева выканала эстрадна-народную песню “На заре, на зореньке”, атрымала годную адзнаку журы і заваявала Дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

– Вельмі ўзрадаваліся ўзнагародзе, – падзялілася ўражаннямі педагог дзяўчынкі. – Трапіць у фінал ужо, лічу, станоўчы вынік. А тут увайшлі ў тройку лепшых! І гэты пры тым, што канкурсанты былі ў асноўным з буйных гарадоў, кшталту Ліды і Гродна, дзе ёсць спецыяльныя вакальныя студыі. Наша Даша малайчына! У мінулым вучэбным годзе мы таксама ўдзельнічалі ў розных конкурсах і займалі прызавыя месцы, у гэтым – пакуль першы дыплом.

І, спадзяёмся, не апошні. Віншуем Дар’ю і яе настаўніка з узнагародай.


Текст: