Школа мастацтваў сабрала таленавітых дзяцей і іх бацькоў на “Вясеннія сустрэчы”

16:21 / 30.05.2022

Літаральна за некалькі дзён да пачатку каляндарнага лета на традыцыйны справаздачны канцэрт “Вясеннія сустрэчы” Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў сабрала таленавітых дзяцей, іх бацькоў, настаўнікаў. Цягам дзвюх гадзін тут панавалі мастацтва, музыка і талент.

У фае школы раскінуўся вернісаж работ юных мастакоў, якія спасцігаюць нюансы пейзажу, нацюрморта, партрэта ў Вікторыі Варановіч. Свет вачыма дзяцей паказвалі дзясяткі рознакаляровых карцін. Верыцца, што нехта з выхаванцаў абярэ выяўленчае мастацтва прафесіяй і праславіць родную школу на ўсю Беларусь ці ўвесь свет.

Старт святу дала Яўгенія Краўчанка, якая ў песні распавяла гісторыю пра музыку ў сваёй душы. Выступленне Лізаветы Лукойць было энергічным і харызматычным – сапраўдная артыстка расце! Дар’я Арцем’ева, Паліна Шаўлюк і Дар’я Кашына суправадзілі номернумар гарманічным танцам, а ўзорны ансамбль народнай песні “Міхалінка” падзяліўся сваім бачаннем кампазіцыі «Подарил колечко» ў аўтарскай інтэрпрэтацыі. Эмацыйная і шчырая гісторыя пра дарогу дабра ў выкананні Кіры Біратка адгукнулася дзяўчынцы прыгожым букетам хрызантэм. Парадавала і вакальная група выпускніц. Шматгалоссем і колькасцю ўдзельнікаў прыемна здзівіў малодшы дзіцячы хор, зладжанасцю гучання розных музычных інструментаў – ансамблі “Песенька сяброў” і “Беларуская полька”. Дух захоплівала ад энергічных танцаў выхаванцаў харэографа Алены Дзям’янчык. Не падвялі сваіх педагогаў і цымбалісты Эдвард Стурліс і Юлія Варабей, кларнетыстка Сафія Грынцэвіч.

А калі на сцэну высыпалі непаседы з эстэтычнага класа, дзіцячая непасрэднасць узяла верх над парадамі педагогаў і ўрокамі. І гэта, мне падаецца, для сёлетніх выпускнікоў дзіцячай школы мастацтваў быў адзін з самых прыемных і нечаканых падарункаў. Калісьці іх, такіх жа маленькіх і цікаўных, у школу за руку прывялі мама ці тата. Але гэтыя пяць ці сем гадоў праляцелі хуткакрылай птушкай – і надышоў час для атрымання пасведчання аб заканчэнні школы мастацтваў. Яна сёлета выпусціла 76 вучняў, 25 з якіх –выдатнікі.

З віншавання дырэктара Астравецкай ДШМ Марыны Арлоўскай:

“Дарагія дзеці, бацькі і госці нашага вясенняга свята, віншую з заканчэннем чарговага навучальнага года і жадаю вучням цікавых канікулаў і пазітыўнага настрою.

Дарагія выпускнікі, зусім нядаўна вы былі цікаўнымі першакласнікамі. На працягу гэтага часу мы сачылі за тым, як вы расцеце, радаваліся вашым паспяховым выступленням і конкурсным перамогам. Вы навучыліся не толькі спяваць, граць на музычных інструментах, маляваць, танцаваць, але і спазналі, што такое працалюбства і ўседлівасць. Вы ўсміхаліся, стасаваліся, сябравалі – захавайце ўсё гэта і пранясіце праз гады. Мне хочацца верыць, што сярод вас ёсць тыя, хто падорыць гэтаму свету непаўторныя музычныя творы ці створыць неверагодныя палотны, якія будуць упрыгожваць сусветнавядомыя галерэі, ці стануць прафесійнымі танцоўшчыкамі… У добры шлях! Памятайце: мы заўсёды будзем рады бачыць вас у школе – у нашых сэрцах вы, дарагія выпускнікі, застанецеся назаўсёды”.

Гонар школы мастацтваў – выпускнікі-выдатнікі:

Вольга Андрушкіў, Аркадзь Веська, Ілья Гасперскі, Юлія Гайдановіч, Анастасія Гульбіцкая, Лізавета Грыва, Аляксандр Дабрыновіч, Анастасія Дашкевіч, Дар’я Кашына, Вікторыя Кот, Кацярына Міляева, Мілана Новік, Надзея Палашчанка, Віялета Польская, Дар’я Піліпенак, Вікторыя Радчык, Аліса Сяржанава, Альбіна Тымрук, Ганна Шумарава, Валерыя Шлыковіч, Надзея Шэпко, Аляксандра Янкойць, Аляксандра Ярыловец.














Текст:
Фото: Алёна Ганулич
Видео: Алёна Ганулич