Генацыд: у Астравецкім раёне ўстаноўлены два месцы расстрэлу мірных жыхароў
13:27 / 11.01.2022
У мінулым годзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў расследаванне фактаў генацыду беларускага народа. Да справы падключылася Генеральная пракуратура – у красавіку была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. За гэты час устаноўлены дзясяткі месцаў масавых пахаванняў мірных грамадзян, знішчаных акупантамі ў ваенны час на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Адпаведная работа праводзілася і на Астравеччыне.
– У рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, праведзена дастаткова вялікая работа. Намі выяўлены раней непашпартызаваныя і незадакументаваныя факты забойства мірных грамадзян. Адно з пахаванняў знаходзіцца ва ўрочышчы Стрыпішкі, дзе былі расстраляны 22 мірныя жыхары стараабрадчых хутароў, – расказвае пракурор Астравецкага раёна Аляксей Тамчанок.
– У час пошукавых мерапрыемстваў у пракуратуру паступіла таксама інфармацыя аб факце забойства мірных грамадзян цыганскай нацыянальнасці – па паказаннях былога настаўніка Лошскай базавай школы, які ў час працы займаўся пошукам інфармацыі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, было расстраляна каля 20-30 чалавек, – працягвае пракурор раёна. – Усе паказанні перададзены ў Генеральную пракуратуру. Звесткі пра месцы пахаванняў накіраваны ў райвыканкам і ваенны камісарыят, якія падаюць заяўку на прыцягненне спецыялізаванага батальёну для правядзення пошукавых работ.
Як адзначыў Аляксей Тамчанок, работа па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа на тэрыторыі раёна прадоўжыцца.
Быў і такі
Пра генацыд цыган размовы вядуцца не так часта, як пра генацыд яўрэяў. Хаця, як сведчаць гістарычныя факты, у «Асвенцыме» загінула больш за 23 тысячы цыган. Усяго ў нацысцкіх лагерах смерці было знішчана больш за 500 тысяч рома. Некаторыя даследчыкі лічаць, што людзей гэтай нацыянальнасці было забіта значна больш – да паўтара мільёна. Дакладныя лічбы, на жаль, сёння ўжо наўрад ці можна даведацца...
У свеце 2 жніўня адзначаецца як Дзень памяці ахвяр халакосту цыган – гэтая дата, звязана з сумнымі падзеямі Другой сусветнай вайны, калі ў ноч з 2 на 3 жніўня 1944 года ў газавых камерах «Асвенцыма» нацысты знішчылі больш за 3 тысячы чалавек гэтай нацыянальнасці.
…Непадалёк ад дзіцячага аздараўленчага летніка «Ластаўка» на ўскрайку маладога лесу ёсць курганны насып – па расповедах старажылаў (сёння нікога з іх ужо няма ў жывых) тут знаходзіцца магіла расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны цыган.
Па запісах, якія захоўваюцца ў музеі Гудагайскай сярэдняй школы, у час вайны ў адным з будынкаў на тэрыторыі сучаснага летніка размяшчаўся нямецкі гарнізон. У 1941 годзе фашысты прыгналі з наваколля цыганскі табар, які расстралялі непадалёк ад гэтага месца.
«Мужчын і падлеткаў прымусілі выкапаць невялікі роў, затым вылюдкі з аўтаматаў забілі ні ў чым не вінаватых мірных людзей. Па чутках, ледзь прыкапаная магіла яшчэ некаторы час пасля ад’езду карнікаў варушылася – відаць, паміралі цяжка параненыя», – занатавана ў запісах.
У першы час мясцовыя жыхары абміналі гэтае месца, і толькі сабака расстралянага табару каля тыдня прыбягаў на магілу і выў.
Па расповедах мясцовых жыхароў сюды ж немцы прывозілі і яўрэяў, якія знаходзіліся ў Гудагайскім гета».
На жаль, жывых сведкаў тых падзей не засталося.
Вясной 2004 года настаўнікі і вучні Лошскай базавай школы пры падтрымцы Гудагайскага сельскага Савета ўшанавалі памяць ахвяр фашызму: тэрыторыя меркаванага пахавання была ачышчана, пастаўлены і асвечаны крыж. Праз год вакол насыпу была ўстаноўлена агароджа…
… У 40-я гады на Астравеччыне, непадалёк ад мяжы з Літоўскай Рэспублікай пражывала абшчына старавераў. Каля возера Падмядзіна ва ўрочышчы Стрыпішкі ў іх была свая царква. Побач знаходзіліся шматлікія хутары, на якіх і жылі сем’і старавераў.
22 жніўня 1942 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі з прыбалтыйскіх рэспублік была праведзена карная аперацыя: з хутароў акупанты прыгналі 22 маладых людзей ва ўзросце 18-22 гадоў, якіх расстралялі каля хутара Падмядзіна. Пад страхам смерці родным забаранілі хаваць іх целы на стараверскіх могілках, таму бязвінна забітыя маладыя людзі былі пахаваны на месцы расстрэлу.
– Як расказаў былы старшыня Падольскага сельсавета Уладзімір Астапец, пра здзейснены ў 1942 годзе масавы расстрэл яму расказалі ў 1973 годзе старажылы стараверскай абшчыны. Праз нейкі час па яго ініцыятыве на месцы расстрэлу быў устаноўлены бетонны знак-помнік з таблічкай, – расказвае Аляксей Тамчанок. – А потым Савецкі Саюз распаўся, месца, дзе былі расстраляны мірныя жыхары, стала фактычна Дзяржаўнай мяжой. У выніку інфармацыя згубілася і задакументавана не была.
– Падчас расследавання пракуратурай быў дапрошаны Малафей Зубанаў. Мужчына расказаў, што нямецкімі акупантамі быў расстраляны яго родзіч Іван Зубанаў, які жыў на хутары Крынічка, а яго брат Міхаіл змог збегчы ад немцаў, – працягвае пракурор. – Сам жа Малафей Зубанаў сведкам расстрэлу не быў, аднак інфармацыю пра яго чуў.
У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» у раздзеле «Мірныя жыхары – ахвяры фашызму» сярод забітых у гады вайны на тэрыторыі былога Падольскага сельсавета пазначана імя Івана Зубанава з хутара Крынічка. Там жа змешчаны прозвішчы жыхароў іншых хутароў сельсавета – пэўна, гэта тыя ж расстраляныя стараверы.
ВАЖНА
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2021 года.
5 студзеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументам прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, здзейсненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час да 1951 года. Пад беларускім народам маюцца на ўвазе савецкія грамадзяне, якія ў той перыяд пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Адначасова ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў СМІ ці інтэрнэце.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.