У СВК "Гервяты" новы кіраўнік
Агульным сходам СВК “Гервяты” абраны новы кіраўнік гаспадаркі – ім стаў Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч, які працаваў у “Гервятах” намеснікам старшыні праўлення.
Аляксандр Вацлававіч нарадзіўся і вырас у В. Кодаўцы Гродзенскага раёна. У 1999 годзе закончыў Лойкаўскую сярэднюю школу і паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на факультэт “аграномія”. Разам з дыпломам аб заканчэнні ўніверсітэта ў 2004 годзе Аляксандр Вацлававіч атрымаў размеркаванне ў Астравецкі раён.
Працоўную кар’еру ён пачаў з пасады намесніка загадчыка вытворчага ўчастка, але ўжо праз тры месяцы быў прызначаны галоўным аграномам гаспадаркі. Праз тры гады Габрукевіч стаў намеснікам старшыні па раслінаводству.
Жанаты. Жонка, Наталля Віктараўна, працавала другім эканамістам СВК “Гервяты”. У сучасны момант яна знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём.
– Лічу, што прыярытэтныя накірункі жыццядзейнасці СВК “Гервяты” першапачаткова абраны правільна, – каротка пракаменціраваў сваё бачанне развіцця гаспадаркі А.В. Габрукевіч. – Упор мы павінны рабіць на жывёлагадоўлю. Няма сэнсу рэалізоўваць прадукцыю раслінаводства ў выглядзе сыравіны – наша задача прапусціць яе праз страўнік жывёлы і атрымаць прыбытак у выглядзе прываг і надояў.
Жадаем Аляксандру Вацлававічу, каб пад яго кіраўніцтвам СВК “Гервяты” развіваліся яшчэ больш паспяхова. Добрага здароўя. Моцнай каманды аднадумцаў.
Францішка КРАСКО.