Россиянин Владимир Галко: про “лазню”, “мачанку” и белорусский знак качества

14:23 / 14.06.2021
Дзе чалавеку добра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна –  пад адным небам.

Лёс прывёў Юлію Галко на Радзіму мужа – на захад Расіі, але не для таго, каб яна змяніла прапіску: дзяўчына сустрэла суджанага і прывезла яго ў бацькоўскі дом – на захад Беларусі.

5566.jpg

У Бранск па аб’яве
Неяк у «Астравецкай праўдзе» больніцкая дзяўчына Юля ўба­чыла аб’яву  з прапановай работы ў Расіі. Афіцыйная праца, добры заробак, абуладкаванае жыллё – трэба паспрабаваць, не вагаючыся, вырашыла Юля. Так яна апынулася на адным з птушкаперапрацоўчых прад­прыемстваў Браншчыны.
– Мне там падабалася: работы не баюся, людзі ветлівыя, дарэчы, шмат беларусаў там  жыло, – прыгадвае наша зямлячка. – Прад­прыемства знаходзілася непадалёк ад Бранска – прыгожы вялікі горад, у вольны час з асалодай па ім гуляла, знаё­мілася са славутасцямі. Мне па­любіўся гэты край.
Там жа, на працы, Юлія па­знаёмілася з Уладзімірам.
– Па рабоце з Вовам часта перасякаліся. Спачатку гэта было «прывітанне-бывай», а потым  ён стаў аказваць мне зна­кі ўвагі. Неяк мы засталіся да ра­­ніцы на працы. Стаю, ледзь на нагах трымаюся, а ён пады­ходзіць, абдымае і пытае: «Што, малышка, стамілася?». І ў мяне нібы ўнутры нешта перавярнулася. Напэўна, тады я ўбачыла ў ім не толькі калегу, – усміхаецца жанчына.
Маладыя людзі пачалі сустра­кацца. Калі выхадны пры­падаў на адзін дзень, хлопец пры­язджаў да каханай – і яны хадзілі ў кафэ, на дыскатэкі, гулялі па вуліцах Бранска.
– Падчас адной з такіх прагулак патэлефанавала маці, я прапанавала Вову пагаварыць з ёй. І мама запрасіла яго ў госці. У выніку ў адпачынак мы паехалі ў Беларусь, – расказвае Юлія. – Дарэчы, наколькі хутка мама з Вовам знайшлі агульную мову, настолькі ж лёгкім, быццам шмат гадоў ведаем адна адну, было і маё знаёмства з свекрывёй.
Хто ведае, можа, і стала б Браншчына для беларускі другой радзімай, але праз амаль 2 гады Юля з Валодзем адпра­віліся ў Больнікі. 

655.jpg


Да цешчы на мачанку
– Ад парога маёй бацькоўскай хаты – вёска Ператоргі непадалёк ад Бранска – да парога Юлевай каля 900 кіламетраў будзе, – кажа Уладзімір. – Не ведаю, ці прыехалі б мы сюды жыць, каб не бяда з цешчай – у яе здарыўся інсульт. Я (тады яшчэ ў статусе «хлопец») адправіўся ўслед за жонкай. Тут уладкаваўся ў адну з падрадных арганізацый на будаўніцтве БелАЭС, мне выдзелілі жыллё. Праз год мы з Юляй пажаніліся.
– У цешчы ўпершыню па­ка­ш­таваў цэпеліны, кішку – во гэта цэлая праблема для мяне, і нават не ў паху справа, проста не магу есці, ну не прывык да такога. А так і баршчы, і піражкі, і дранікі… – усё, раней думалася, ем. Дарэчы, не толькі ў беларусаў другі хлеб – бульба. У расіян – таксама. А вось яшчэ не вельмі ўпадабаў… Як гэта, Юля, да блі­ноў робіцца… Шчыпай ці што? – пы­тае Уладзімір. 
– Мачанка! – усміхаецца яму ў адказ жонка і дадае мне: – Ужо 2 гады тут жыве, а некаторыя словы запомніць не можа.
– Калі ў  Бранску жылі, дык Юля па-руску гаварыла, а сюды прыехалі, заявіла, што цяпер будзе па-свойму размаўляць, – заўважае мужчына. – Напрыклад, мэнж. Што такое, думаю, а Юля: як не здагадацца, што муж. Ці яшчэ лепш – лазня! Ад слова «лазіць», мабыць? Аказалася, гэта баня! 
– Бывае Вова так заблытаецца ў словах, што і я не магу зразумець, што ён сказаў. У яго ўжо свой дыялект, – смеючыся зазначае Юлія.

Паказаў бы святыні
– На маёй радзіме шмат храмаў, яны вельмі прыгожыя. У Бранску стаяць Троіцкі кафед­ральны сабор – галоўны храм вобласці, Пакроўскі сабор, Бежыцкая царква. У Дзядзькаве ёсць храм-помнік Неапалімая Купіна – там іканастас зроб­лены з крышталю. У Пачэпе – Уваскрасенскі сабор; Успенскі, пабудаваны ў гонар перамогі над Напалеонам, – у Мгліне. Ёсць жаночыя і мужчынскія манастыры, – «водзіць» па родных мясцінах Уладзімір. – Калі будзеце ў маёй старане, раіў бы наведаць мастацкі музей братоў Ткачовых у Бранску, Лакотскі конны завод – адзін з найстарэйшых у краіне, музей крышталю ў Дзядзькаве. 

55656.jpg

– У нас многа помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Браншчына – гэта партызанскі край, – працягвае мужчына. – Адзін з сім­ва­лаў абласнога цэнтра – мема­рыяльны комплекс Курган Бес­смяротнасці. Непадалёк ад Бран­ска ёсць мемарыял «Парты­занская паляна» – у пачатку вайны тут адбыўся агульны збор партызанскіх атрадаў, з якога пачаўся падпольны рух. 
Знаёмячы з радзімай, Ула­дзімір прыгадаў трагедыю беларускай Хатыні. На Браншчыне ўзведзены падобны помнік ахвярам вайны і нават назва ў яго сугучная – «Хацунь». У вайну карнікі тут расстралялі жыхароў гэтай і навакольных вёсак, а таксама бежанцаў з акупіраванага Бранска. 

5562.jpg


На Пасху – да анёлаў
– Мы на Пасху абавязкова катаем яйка. З асвечанай ежай, цукеркамі ідзём на могілкі – каб адзначыць свята з роднымі, якія адышлі ў лепшы свет, – расказвае пра традыцыі роднага краю Уладзімір. – Засцілаем белым аб­русам магілу і там катаем асвечанае яйка па крузе, дзелімся светлай радасцю і са знаёмымі – да іншых магіл падыходзім, вітаемся «Іісус уваскрэс! Сапраўды ўвас­крэс!» – і там катаем яйка. У гэты дзень нельга су­маваць, трэба абавязкова рас­казаць спачылым родзічам пра сваё жыццё, поспехі, планы – але толькі пра добрае, што з табой адбываецца, не пра праблемы. Лічыцца, што мы ім даём магчымасць радавацца за нас і такім чынам заражаем іх доб­рымі эмоцыямі – яны ж нашы анёлы-ахоўнікі. 
– Што тычыцца народных традыцый, заўважыў, тут дзеці на Пасху за пачастунак вершыкі расказваюць. У нас так не рыхтуюцца – проста заходзяць, – усмі­хаецца мужчына. –  А вось калядоўшчыкі ў касцюмах, з прыгаворкамі ў дзверы стукаюцца: «Коляда-коляда,  отворяй ворота, кому руб, кому пятак, а нам – денежку за так». 
– Падабаецца, што ў Беларусі захаваліся дзядоўскія звычаі, напрыклад, у ЗАГСе абрад з руш­нікамі – за душу бярэ; ёсць выкуп нявесты, сваты з боку маладажонаў – цікава… На жаль, у нас такога няма – усё неяк проста,  – працягвае Уладзімір. – Няма і традыцый, калі святкуюць хрост дзіцяці,  «тапіць» бабулю, і цы­ганы на хрэсьбінах па хатах не ходзяць. (Смяецца.) А яшчэ, як у католікаў, хросным бацькам не трэба хадзіць на навуку да святара.

Думкі ўслых
● У Беларусі ўсё прасцей, людзі больш адкрытыя. Ну і чысціня – гэта як знак якасці.
● Тут столькі дзікай жывёлы можна сустрэць на дарозе! Я такога не бачыў! Дзічына ў вас бязбашаная – калі едзеш, трэба гля­дзець ва ўсе вочы.
● Клімат мясцовы – проста жах: такая вільготнасць! Зімы ў нас больш суровыя, маразы трашчаць, але ж дух не забівае, нашмат лягчэй дышацца. Я ў Расіі ніколі не хварэў, а тут не магу адаптавацца пакуль.

Для Уладзіміра і Юліі няма розніцы, дзе жыць – у Расіі ці ў Беларусі, бо ў абедзвюх краінах яны адчуваюць сябе сваімі сярод сваіх. Адно, што пакуль засмучае маладых людзей, – пандэмія каронавіруса, якая не дае ўбачыцца з роднымі па той бок мяжы. 
Аднак! Мара сям’і пра ўласны дом  тычыцца Беларусі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: