9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты
Маладыя ветэраны
Я знарок не дабаўляла ў загаловак традыцыйнага ў такіх выпадках слова “душой”. Бо ветэраны, пра якіх пойдзе сёння гаворка, маладыя не толькі сэрцам. Увогуле, гледзячы на гэтых прыгожых, мілавідных, маладых жанчын, цяжка зразумець, чаму ім уручаны пасведчанні “Ветэран працы РУП “Белпошта” – можа, гэта якая недарэчнасць ці непаразуменне? Якія ж яны ветэраны?
Зрэшты, у палажэнні аб прысваенні гэтага звання дакладна сказана, што даецца яно людзям, якія добрасумленна адпрацавалі на пошце не менш чым 20 гадоў. А начальнік аддзялення паштовай сувязі Астраўца Валянціна Іванаўна Алёкса, аператар сувязі І класа Наталля Уладзіміраўна Чарняўская, начальнік перасоўнага аддзялення сувязі Марыя Казіміраўна Блашкевіч, інспектар па кадрах раённага вузла паштовай сувязі Луцыя Станіславаўна Грышко аддалі сістэме нашмат больш – чвэрць стагоддзя яны добрасумленна і старанна працавалі на даручаных ім участках. У Яніны Іосіфаўны Юргелянец, загадчыцы аддзялення сувязі з вёскі Рытань, працоўны стаж яшчэ большы – 26 гадоў.
Цікава, а як усё пачыналася, якім ён быў, шлях на пошту кожнай з жанчын?
—Мая прафесія па дыплому – дэманстратар вузкаплёначнага кіно, — узгадвае справы даўно мінулых дзён Яніна Іосіфаўна. – А працавала я ў Рытані загадчыкам клуба. Потым выйшла замуж, нарадзіліся дзеці… Ну якому мужу спадабаецца, што маладая жонка ўсе вечары, усе святы і выхадныя прападае ў клубе? Вось і майму не падабалася. Давялося шукаць новае месца працы. Знайшлося яно на пошце. І стала справай на ўсё жыццё. Я сёння нават і не ўяўляю, што магла б займацца чым-небудзь іншым – здаецца, што больш нічога я і рабіць не ўмею.
А Валянціна Іванаўна Алёкса прыйшла на пошту з лёгкай рукі тагачаснага начальніка Астравецкага аддзялення, сёння – ветэрана Яўгеніі Іванаўны Блізняцовай. Гэта яна ў свой час параіла маладой суседцы ісці працаваць на пошту – маўляў, і праца цікавая, і калектыў добры… Ды што дрэннага магла сказаць пра пошту Яўгенія Іванаўна, якая аддала ёй усё сваё жыццё і цяпер лічыць абноўлены будынак і памаладзелы калектыў сваімі другім домам і сям’ёй? Такімі ж сталі яны з яе лёгкай рукі і для Валянціны Іванаўны…
Наталля Уладзіміраўна Чарняўская першы вопыт работы на пошце займела яшчэ ў далёкім Хабараўску, дзе пачынала свае “жыццёвыя ўніверсітэты”. А потым – каханне, замужжа і пераезд у невядомую Беларусь. Выпадкова, калі ляжала ў бальніцы, ад суседкі па палаце даведалася, што і тут на пошце патрэбны работнікі. А калі выпісалася, яе паклікаў да сябе тагачасны начальнік вузла сувязі – тады яшчэ не было падзелу на электрычную і паштовую – Міхаіл Уладзіслававіч Хіневіч.
—Лаяцца ўмееш? – пацікавіўся ён у маладой жанчыны.
—Матам? – удакладніла прэтэндэнтка на пасаду. – Ну, калі трэба....
І была прызначана інструктарам па эксплуатацыі: ёй трэба было ездзіць з праверкамі па аддзяленнях сувязі — а там і сапраўды не заўсёды атрымлівалася быць лагоднай, “белай і пушыстай”.
З таго часу Наталля Уладзіміраўна змяніла некалькі пасад, але засталася вернай пошце. Сёння яна — аператар сувязі І класа, высокі прафесіянал.
У Марыі Казіміраўны Блашкевіч шлях у прафесію таксама звязаны з імем аднаго з ветэранаў працы – ёй, маладой дзяўчыне, якая толькі выйшла замуж, вярнулася на малую радзіму з Мінска, дзе да таго працавала на гадзіннікавым заводзе “Прамень”, і шукала работу, параіла пайсці на пошту Ніна Андрэеўна Русецкая.
—Для жанчыны гэта вельмі добрая работа, — пераконвала яна Марыю. – І зарплата прыстойная – 120 рублёў.
—А на “Прамені” я атрымлівала 200 рублёў, — узгадвае сёння з усмешкай Марыя Казіміраўна. – Што называецца, адчуйце розніцу… Але нічога, хутка прывыкала і да новай работы, і да людзей. Да дэкрэтнага адпачынку працавала ў Астраўцы, затым – дома, у Варнянах, на працягу сямнаццаці гадоў узначальвала там аддзяленне сувязі. А цяпер вось зноў вярнулася ў Астравец. Цяпер у мяне новая для нашай сістэмы пасада – начальнік перасоўнага аддзялення сувязі. Абавязкі-то ўвогуле звыклыя — усё, што я рабіла раней і добра ведаю, а вось форма работы зусім іншая. Перасоўнае аддзяленне працуе ў спецыяльна абсталяваным аўтамабілі, які па графіку стане прыязджаць у вёскі, дзе па аб’ектыўных прычынах закрыліся аддзяленні сувязі – у Масцяны, Страчу, Завідзіненты. Так што пошта ў гэтых вёсках усё роўна будзе працаваць – вось толькі не ўвесь дзень, а пэўныя гадзіны. І мы, як і стацыянарнае аддзяленне сувязі, станем аказваць кліентам усе неабходныя паслугі: прымаць плацяжы, пасылкі, выдаваць пенсію і ўсё іншае. Мне ж новая работа вельмі падабаецца – увесь час у дарозе, кожны дзень нешта новае. Нарэшце я на свае вочы пабачыла, якая прыгожая наша Астравеччына – а то толькі ў “Астравецкай праўдзе” пра гэта чытала.
Луцыя Іванаўна Грышко прыйшла на пошту 25 гадоў назад на пасаду сакратара-машыністкі. Затым працавала нарміроўшчыцай. Зараз яна – інспектар па кадрах, як сама жартуе, мае дасье на кожнага работніка вузла паштовай сувязі.
Вядома, за тыя чвэрць стагоддзя, што працуюць гэтыя жанчыны, змянілася не толькі пошта, паслугі, якія яны аказваюць насельніцтву, але і само жыццё – і прымусіла мяняцца і іх саміх.
—Раней жа ўсё ўручную было: рэестры, ведамасці, лічыльнікі, — узгадваюць яны наперабой. — І калі сталі ўводзіць камп’ютары, мы страшэнна хваляваліся: справа ж зусім незнаёмая, ці разбярэмся, ці асвоім? Нам здавалася, што ўжо прывыклі да работы па-старому – навошта нешта мяняць, калі і так усё добра? А сёння цяжка ўявіць, як мы без гэтага абыходзіліся! Камп’ютарызацыя – гэта ж такая палёгка, такая зручнасць у рабоце, гэта зусім іншыя магчымасці! Калі раптам сапсуецца і адвязуць у рамонт, тэлефануем штодня: калі ласка, зрабіце хутчэй, нам без камп’ютара немагчыма!
—А ці ёсць будучыня ў пошты пры сучасным развіцці тэхналогій, электроннай, спадарожнікавай сувязі? – задаю крыху правакацыйнае, але традыцыйнае і заканамернае апошнім часам пытанне.
—Вядома, ёсць! – у адзін голас заяўляюць маладыя ветэраны. І пачынаюць прыводзіць довады ў пацвярджэнне свайго пераканання.
–Свет сёння мабільны. Дзеці часта ад’язджаюць ад бацькоў — а тым жа ўсё роўна хочацца іх нечым падтрымаць, дапамагчы – вось і ідуць да нас на пошту то з пераводамі, то з пасылкамі. Усё большую папулярнасць набывае сусветная практыка заказу тавараў па каталогах – таксама без пошты не абысціся. Ды і газеты не перастануць выпісваць і чытаць, як бы ні развіваўся інтэрнэт. Так што працы і нам, і нашым маладым калегам хопіць! Пажадаць ім хочацца аднаго – цярпення. Бо работа наша чым цікавая, тым і складаная: ты працуеш з людзьмі, і калі стасункі з адным чалавекам прыносяць радасць, задавальненне, пазітыў, то з другім усё можа быць зусім інакш. Але ў любым выпадку кліент павінен пакінуць пошту з усмешкай, яго трэба абслужыць ветліва і культурна – гэта аксіёма для паштовых работнікаў.
Ну што ж, калі маладое пакаленне паштовых работнікаў стане пераймаць у старэйшых такія перакананні і прынцыпы работы і развіваць іх, то пошта і сапраўды будзе існаваць заўсёды!
Без тоўстай сумкі на рамяні... Але на машыне!
У гэтым годзе ў Тарэсы Сігізмундаўны Керна – двайны юбілей. Неўзабаве спаўняецца дваццаць гадоў з таго дня, як яна ўпершыню павесіла на плячо цяжкую сумку паштальёна. І столькі ж, як атрымала вадзіцельскія правы. У тыя часы, у адрозненне ад сённяшніх дзён, жанчына за рулём была даволі рэдкай з’явай. Але Тарэсу Сігізмундаўну гэта ні тады, ні цяпер асабліва не засмучала – ні на што не зважаючы, яна рассякала на сваім “Жыгулёнку” – і многім мужчынам за рулём магла даць фору.
Асабліва спатрэбілася ёй уменне вадзіць машыну, калі аддзяленне сувязі ў роднай вёсцы Газа, дзе яна працавала паштальёнам, закрылі, і Тарэсу Сігізмундаўну перавялі ў Варняны. Шлях, здаецца, недалёкі – калі ехаць, а калі дабірацца, чым Бог пашле, а потым яшчэ і пошту разнесці па навакольных вёсках, то ох, які няблізкі! Вось і эксплуатавала бязлітасна Тарэса Сігізмундаўна сваю машыну – яна для яе сапраўды была не раскошай, а памочніцай.
А потым на рабоце адна з паштальёнаў пайшла на пенсію – і абслугоўванне яе ўчастка даручылі Тарэсе Сігізмундаўне. Затым і яшчэ адна калега пакінула працу па стану здароўя – праблемны ўчастак зноў “закрыла” Керна. Без машыны ёй стала – ніяк.
І адміністрацыя раённага вузла паштовай сувязі пайшла на тое, каб увесці ў штатны расклад пасаду вадзіцеля-паштальёна – спецыяльна для Тарэсы Сігізмундаўны Керна. Больш таго: ёй у карыстанне перададзены аўтамабіль “Масквіч” – немалады, але яшчэ цалкам вёрткі і шпаркі пікап.
І цяпер юбілярша — якая, дарэчы сказаць, у клопатах, напэўна, і не ўзгадала б пра свой двайны юбілей, каб не візіт журналістаў — асвойвае новую форму абслугоўвання насельніцтва. Вядомыя вершаваныя радкі пра паштальёна “хто стукаецца ў дзверы да мяне з тоўстай сумкай на рамяні” ёй ужо не падыходзяць: замест стуку ў дзверы – аўтамабільны сігнал, замест сумкі – кузаў пікапа, дарэчы, загружаны амаль “пад завязку”. Участак абслугоўвання ў Тарэсы Сігізмундаўны – 21 вёска, маршрут – амаль 90 кіламетраў. Але мабільны вадзіцель-паштальён усюды і ўсё паспявае – і пісьмы-газеты-часопісы падпісчыкам развезці, і пенсіі пажылым людзям выплаціць, і неабходныя тавары ім прапанаваць – балазе, у машыну яго можна ўзяць нашмат больш, чым на веласіпед.
Новай формай абслугоўвання задаволена і сама Тарэса Сігізмундаўна, і адміністрацыя вузла паштовай сувязі, і, што самае галоўнае, — кліенты.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.