Супер-сеялку набылі ў СВК "Міхалішкі"

08:57 / 18.04.2011

Акурат да часу прыйшоўся новы пасяўны агрэгат, які набылі ў СВК “Міхалішкі”.


АППМ-6 — сумесная распрацоўка нарвежскай кампаніі “Kverneland Group”, сусветнага лідара ў вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, і Мінойтаўскага рамонтнага завода.
Падобны шматфункцыянальны пасяўны агрэгат пакуль першы і адзіны ў Астравецкім раёне. Кошт яго – каля 350-ці мільёнаў рублёў. Аднак, па словах галоўнага агранома кааператыва Андрэя Іосіфавіча Ствала, выдаткі цалкам апраўданы. Таму што за адзін тэхналагічны працэс адбываецца падрыхтоўка, выраўнаванне глебы і сяўба.
Плюс у тым, што не трэба дадаткова праводзіць апрацоўку глебы. Усё робіцца за адзін праход. У выніку эканоміцца паліва і час, захоўваецца вільгаць. Насенне трапляе ў вільготную глебу.
Прадукцыйнасць новага пасяўнога агрэгата – не менш 6-ці гектараў у гадзіну.
Разам з новым трактарам МТЗ 3022 ДЦ.1, тэхніку даверылі вопытнаму, адказнаму механізатару Аляксандру Субаткевічу.
— Працую толькі пяты дзень, – гаворыць Аляксандр Мечыслававіч. — Канешне, напачатку было ніякавата. На такіх магутных трактарах да гэтага працаваць не прыходзілася. Аднак пакрысе асвоіўся.
Задумваюцца аб набыцці пасяўной навінкі і іншыя гаспадаркі раёна.


Эдуард Іванаў.