На схіле гадоў ветэран вайны Юрый Александровіч узяў шлюб
08:43 / 26.01.2018
Юрыю Аляксандравічу ўжо больш за 90 гадоў. Але, нягледзячы на свой узрост, ён па-ранейшаму актыўны, рухавы, ахвотна адгукаецца на запрашэнні сустрэцца з маладымі людзьмі, школьнікамі і вайскоўцамі, расказвае ім пра сваё цяжкае жыццё, дае наказ берагчы мір і родную зямлю.
Другая палавінка Юрыя Аляксандравіча – яго жонка Вераніка Пятроўна. Яны разам ужо не адзін год, як кажуць, у горы і ў радасці. А зараз ветэран вырашыў, што ім трэба асвяціць свае адносіны – узяць шлюб, каб быць мужам і жонкай не толькі перад людзьмі, але і перад Богам.
Просьбу ветэрана выканаў ксёндз Павел Звяжынскі. Вераніка Пятроўна зараз хварэе, таму шлюб бралі дома.
Павіншаваць ветэрана з такой значнай і радаснай падзеяй прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць і першы сакратар райкама БРСМ Віялета Юр’еўна Алексеявец.
Многія лета ўжо сапраўдным мужу і жонцы Юрыю Міхайлавічу і Вераніцы Пятроўне Александровічам! Няхай Бог, які злучыў іх рукі і лёсы, будзе літасцівы да іх і даруе яшчэ шмат гадоў здароўя і шчаслівага жыцця.