У Варнянах з’явіліся інфармацыйныя стэнды з гістарычнымі звесткамі пра аграгарадок
16:00 / 25.10.2025
Асноўныя вехі з яго багатай гісторыі з нядаўняга часу можна даведацца з 19-ці інфармацыйных стэндаў, якія ўсталяваны ў цэнтры аграгарадка.


– Даведаўся, што з праектам нашы настаўнікі, якія яго і стварылі, з вучнямі ўдзельнічалі ў раённым этапе конкурса «100 ідэй для Беларусі». Матэрыял у іх быў назапашаны, распрацаваны эскізы і макеты, справа заставалася за малым – заказаць іх і ўстанавіць. Гэта і зрабілі, – расказаў старшыня Варнянскага сельсавета Аляксандр Вярбовіч. – Акрамя гэтага, набылі некалькі лавачак, якія размесцяцца ў парку. Не хочацца раскрываць усіх сакрэтаў, але ініцыятыву па добраўпарадкаванні гістарычнага сэрца нашага аграгарадка будзем рэалізоўваць і далей не толькі намаганнямі сельсавета і школы, але і нераўнадушных да роднага краю вяскоўцаў.
…А пакуль тым, хто праязджае праз Варняны, раю спыніцца на некалькі хвілін у цэнтры, каб узнавіць у памяці іх гісторыю ці, наадварот, адкрыць яе для сябе.
Стэнды «раскажуць» пра паходжанне назвы вёскі, яе ўладальнікаў у розныя часы, унікальны архітэктурны комплекс, які з торцаў замыкаюць два манументальныя будынкі – касцёл і вежа-альтанка, развіццё калгаса і многае іншае.