"Среда размышления". С чем ассоциируется словосочетание "летний отдых"?
09:23 / 13.07.2016

Але ж ёсць яшчэ вучні і студэнты, настаўнікі, офісныя работнікі і іншыя катэгорыі працаўнікоў, для якіх лета – час адпачынку ў літаральным сэнсе гэтага слова… І ўвогуле – нават пры самых загружаных працоўных днях летам кожны стараецца выкраіць хоць бы адзін-два вольныя ад працы дні ці тыдні – пажадана, вядома ж, больш – каб адпачыць ад працы, тлуму, клопатаў, забыўшыся на ўсё…
І вось тут узнікае пытанне: а які сэнс людзі ўкладваюць у паняцце “летні адпачынак”? З чым асацыіруецца гэтае словазлучэнне?
Задумаўшыся аб гэтым, мы папрасілі падзяліцца думкамі на гэты конт нашых чытачоў у спецыяльным апытанні на сайце газеты, прапанаваўшы на выбар некалькі самых папулярных, на наш погляд, варыянтаў адказаў.
Вядома, падобныя апытанні не прэтэндуюць на “ісціну ў апошняй інстанцыі”, але, тым не менш, уяўляюць пэўную цікавасць – галоўным чынам таму, што адказы ананімныя і аўтары могуць быць абсалютна шчырымі.
За больш чым месяц, што апытанне “вісела” на сайце, удзел у своеасаблівым галасаванні прыняло 135 чалавек – не вельмі шмат, але не так і мала, калі ўлічыць, што прызы ў выніку не разыгрываліся.
Што парадавала: толькі адзін чалавек з прыняўшых удзел у галасаванні адказаў, што для яго адпачынак – тут ужо, напэўна, усё роўна, летні ці зімовы – гэта “бар, музыка, піва, крутая тусоўка”. І яшчэ двое летам “адпачываюць” у інтэрнэце… Сапраўды, шкада на гэта марнаваць лета – тым больш, што яно такое хуткацечнае і пераменлівае… І большасць нашых чытачоў лічаць гэтак жа!
Што засмуціла: вельмі нямногія, усяго шэсць чалавек, лічаць лепшым адпачынкам вандроўкі па храмах, замках, парках, музеях і іншых цікавых мясцінах роднай Беларусі – мы чакалі, што такіх будзе больш. Ва ўсякім выпадку, моцна спадзяваліся на гэта. Але ж ёсць тое, што ёсць…
Зрэшты, многія любяць адпачываць у родным краі – але крыху інакш – з сябрамі на возеры: пра гэта марыць 21 апытаны. А адправіцца з добрай кампаніяй на шашлыкі – ажно 34 (мне здаецца, слова “шашлыкі” ў нас ужо перастала быць назвай мясной стравы, а даўно перарасло ў від адпачынку – вы са мной згодны?)
А вось вандроўкі па далёкіх краінах, новыя веды і ўражанні – жаданы від адпачынку для куды большай часткі нашых чытачоў: 29 чалавек, ці 22 працэнты усіх, хто прыняў удзел у апытанні, менавіта гэта палічылі найлепшым летнім заняткам і гэта трэці паказчык у апытанні. І гэта таксама парадавала – па-першае, таму, што адпачынак за мяжой перастаў быць для нашых людзей нечым нерэальным і недасягальным, а, па-другое – дазволіць сабе такое не самае таннае падарожжа могуць усё больш людзей.
Калі дадаць сюды ж адпачынак на моры, пра які мараць 25 чалавек (19 працэнтаў апытаных), то колькасць “замежных” адпачываючых яшчэ павялічыцца.
І ўсё ж большасць нашых жыхароў, калі верыць вынікам апытання, аддаюць перавагу ціхаму сямейнаму адпачынку: домік у вёсцы, дзе заўсёды шмат работы – затое вечарам можна сесці з кубачкам гарбаты і за ціхамірнай гамонкай з роднымі адвесці душу і даць спачын натруджаным рукам – не ведаю, як вы, а я за гэтымі радкамі адразу адчуваю водар маладой бульбы з кропам, пах сырадою і чую, як стракочуць конікі ў высокай траве, якую спавівае чароўны туман… Такую вясковую ідылію лічаць лепшым адпачынкам 35 нашых чытачоў – і гэта самы высокі паказчык. Яшчэ шаснаццаць чалавек адпачываюць, калі трапляюць у лес і знаёмая сцяжынка вядзе іх да сунічнай паляны ці запаветнага грыбнога месца...
Калі ж паспрабаваць абагуліць “хатні адпачынак” – возера, шашлыкі, вандроўкі па гістарычных мясцінах Беларусі – то аказваецца, што такіх аматараў у нас найбольш.
Але і тых, хто лічыць найлепшым адпачынкам з’ехаць як мага далей “ад родных ніў, ад роднай хаты”, на мора ці ў далёкую краіну, бо інакш не адпачнеш, таксама нямала – гэтая “кансалідаваная група” трымаецца на другім месцы.
На трэцім – тыя, хто любіць сумяшчаць адпачынак з працай у вёсцы ці ляснымі “паходамі”.
І даволі значная частка нашых рэспандэнтаў лічыць, што лета і адпачынак – паняцці несумяшчальныя: па іх меркаванні, адпачываць трэба тады, калі за акном скуголіць асенні вецер ці трашчыць мароз, а лета – самы час для працы. Такіх сярод апытаных – 19 чалавек.
І, паўтаруся, не можа не радаваць, што тых, хто любіць “нездаровы” адпачынак – камп’ютар ці бар – надзвычай мала.
Ці можа, яны проста не зайшлі на наш сайт? У іх – зрэшты, як і ва ўсіх астатніх – яшчэ ёсць магчымасць выказаць сваё меркаванне пра найлепшы летні адпачынак на сайце “Астравецкай праўды”.
Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.