"Репортёр выходит в свет". А вы знаете, что значит ваше имя?

12:00 / 31.01.2015
Кожнае імя нясе ў сабе інфармацыю аб яго носьбіце, бо «проста так» чалавека ніхто не называе, яго «наракаюць», зыходзячы з тых ці іншых меркаванняў.

Многія лічаць, што імя ўплывае на чалавека, фарміруе яго характар. Ці так гэта на самой справе? І ці ведаюць нашы людзі, што значыць іх імя?

З такімі пытаннямі і выйшаў у свет наш рэпарцёр.

– Мяне завуць Валерый Блахін (імя Валерый – гэта форма лацінскага імя Валяр'ян, якое азначае «бадзёры», «моцны» – заўвага аўтара).

Бацькі вырашылі мяне назваць у гонар знакамітага Валерыя Чкалава. Імя маё, лічу, добрае, ва ўсялякім выпадку, па жыцці яно вяло мяне правільна.

Якія яшчэ імёны ў маёй сям’і? Адна дачка – Наталля, а другая – Таццяна. Маю дзвюх унучак: Маргарыту – хоць бацькі спачатку хацелі Эльвірай яе назваць, і Лізавету. Сапраўды каралеўскія імёны!

– Мяне завуць Ксандра Лаўрэцкая (імя Ксандра ў перакладзе з грэчаскай і галандскай мае прыблізна аднолькавае значэнне – «абаронца» – заўвага аўтара).

Такое імя мне выбрала бабуля. Даволі часта перапытваюцца, як яно цалкам гучыць. У дзяцінстве хацелася чаго-небудзь больш простага – Света ці Наташа, да прыкладу.

Мне больш падабаюцца імёны старажытныя. Напрыклад, маіх сыноў завуць Міраслаў і Яраслаў – гэта ўжо для сугучнасці (смяецца). Хаця ёсць імёны, якія крыху раздражняюць. Напрыклад, не ў крыўду будзе сказана, Цімафей ці Матвей у мяне выклікаюць асацыяцыю з мянушкамі катоў. Над жаночымі

імёнамі я не задумвалася, хаця, калі б у мяне была дачка, абавязкова назвала б яе Алеграй.

– Мяне завуць Вадзім Сачко (імя Вадзім часта перакладаюць як «спрачальнік». Па яшчэ адной версіі, імя Вадзім паходзіць ад слова «волод» у значэнні «кіраўнік» – заўвага аўтара).

Ведаю, што бацькі мяне спачатку хацелі Аляксандрам назваць, але потым у праваслаўным часопісе паглядзелі на спіс імяніннікаў і выбралі імя Вадзім. І сястрычку маю Сафію гэтакім жа чынам называлі.

Дзесьці чытаў, што тыя, каго завуць Вадзімамі, – людзі спакойныя, ураўнаважаныя, адказныя. Мне здаецца, што гэтае імя мне падыходзіць.

Якія імёны мне падабаюцца? З жаночых – Юля, з мужчынскіх – Уладзіслаў. Калі ў мяне будуць сын і дачка – абавязкова іх так назаву.

– Мяне завуць Валерыя Фалевіч (Валерыя – жаночая форма мужчынскага імя Валерый. Мае некалькі варыянтаў перакладу. Часцей за іншыя мае значэнне «моцная, дужая, здаровая» – заўвага аўтара).

Бацькі так назвалі – і ўсё. Ім падабалася, як гучыць, і мне таксама падабаецца.

Сыноў у мяне двое: Віктар – так бацька мужа загадаў унука назваць, і Генадзь – гэта мы ўжо самі падбіралі.

А даспадобы мне сучасныя імёны: Наталля ці Анжаліка.

– Мяне завуць Станіслаў Сарачынскі (імя Станіслаў мае славянскае паходжанне, утворана ад асновы слова «постаць» і азначае «слаўны», «які ўсталяваў славу» – заўвага аўтара).

Назвалі мяне так у гонар майго дзеда. У нас у сям’і назіраецца заканамернасць: бацька – Іван Станіслававіч, я – Станіслаў Іванавіч, сын мой – зноў Іван Станіслававіч.

У тое, што імя ўплывае на таго, хто яго носіць, я веру. Ды і ксяндзы нешта такое гаварылі. Кажуць, напрыклад, што імя Аляксандр – няшчаснае, і я ў гэта веру.

А сучасныя замежныя імёны мне не падабаюцца, для майго слыху прымныя спрадвечна нашыя – напрыклад, Гелена, Марыя.

– Мяне завуць Аксана Салагуб (без фота) (у перакладзе з грэчаскага Аксана азначае «іншаземка», «вандроўніца». Таксама часта даюць значэнне «гасцінная» – заўвага аўтара).

Аб значэнні свайго імені чытала, але лічу, што прачытанае не вельмі адпавядае майму характару. Напэўна, з імёнамі так заўсёды – нешта праўдзіва, нешта – не, бо людзей з аднолькавымі імёнамі шмат, аднак усе яны розныя. Маё імя мне падабаецца, але не люблю калі мяне завуць памяншальна-ласкальным іменем.

З жаночых імён падабаецца Анастасія – так, дарэчы, завуць маю дачку, а з мужчынскіх – Данііл. Калі нарадзіўся сын, хацела яго так назваць, але наш тата, калі запісваў сына, скараціў імя да Данілы.

---------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.