Пра вясеннія гаспадарчыя клопаты расказалі жыхары Астравеччыны

15:00 / 18.03.2025
Ці пабольшала спраў з нады­ходам вясны і  якія гаспадарскія клопаты выйшлі на першы план, карэспандэнт распытаў у жы­хароў  Астравеччыны.

Віктар Драцкі, аг. Малі:

– Прыйшла вясна, а з ёй і сезонныя клопаты пачаліся.

На працы вось шчыруем: тэрыторыю падсвяжылі, жанчыны ў клумбах парадкуюцца, я за газон і смецце адказны.  

Ля хаты спраў заўсёды хапае: то адно корпаеш, то другое – у прыватным доме работы хоць адбаўляй і жанчыне, і мужчыне. Кусты-дрэвы яшчэ зімой паабразаў, што там чакаць да вясны, калі надвор’е спрыяла! 

Вясна – гэта своеасаблівая падрых­тоўка да лета: жонка ўжо пасеяла на расаду перцы і памідоры. 

Вераніка Лазко, аг. Варняны:

– Як толькі на вуліцы цяплее, адразу клопаты хатнія адыходзяць на другі план. Хочацца корпацца на дварэ, наводзячы парадкі: лішні раз венікам па дарожках прайсціся, клумбы праверыць, ці не вымерзла што; зямельку паварушыць, траву граблямі «прычасаць», каб свяжэй выглядала. 

З мужам абглядаем, як кусты-дрэвы перазімавалі, якім трэба «стрыжку» зрабіць.  Прыдумваем, чым двор аздобіць, што дзе перамайстраваць. Звычайна я ідэі накідваю, а муж увасабляе іх у жыццё – за такую падтрымку яму вельмі ўдзячна. 

А паветра вясенняе як па-асабліваму пахне! Часам выйду на ганак, заплюшчу вочы і проста стаю і дыхаю. (Усміхаецца.)

Ніна Александровіч, г. Астравец:

– Гаспадарчы сезон на зямлі ўжо распачала. Жыву ў кватэры, але маю дачу ў Ашмянскім раёне. Ужо ездзілі туды  з маці і цёткай. У хаце пакуль не парад­каваліся, і вок­ны не мылі – трэба пачакаць, пакуль пацяплее. 

Парадкі ў двары і вакол яго навялі,  сучча абламанае прыбралі. Клумбы «праінспекціравалі» – не вымерзлі за зіму, дарэчы, пралескі ўжо зацвілі. Ружы вырашылі не спяшацца раскрываць – ці мала якія прымаразкі. 

Расадай мама займаецца – на ўсіх траіх садзіць. На бліжэйшую перспектыву запланавалі падмуроўку пафарбаваць, дровы пасекчы і скласці… – словам, сезон дачных выхадных у нашай сям’і адкрыты. (Усміхаецца.)

Валянціна Лось, аг. Варняны:

– Абуджаецца прырода, абуджаецца з ёй і чалавек. (Усміхаецца.)

Ужо ля хаты крыху прыпарад­каваліся: прыбралі смецце, што пасля зімы сабралася (добра, у нас яго вывозяць цэнтралізавана). А такое, як галінкі дрэў, абрэзанае кустоўе, палім, але тады ўжо ні на хвіліначку не адыдзеш – трэба за вогнішчам пільна сачыць, каб бяды н нарабіць.

Траўку паграбілі. Дровы нядаўна прывезлі, трэба пілаваць… Агарод на зіму зааралі – цяпер толькі дачакаць, калі час надыдзе засаджваць. 

Асаблівых спраў пакуль не развя­дзеш – яшчэ холадна і зямля мокрая, тым больш прагноз абяцае пахаладанне. 

Марыя Бабойць, г. Астравец:

– Агародаў ужо не саджу, толькі кветкі. Клумбы-то яшчэ не парадкавала  – рана. А вось падмесці-падгрэбсці, дзе якое дробнае смецце падабраць – гэта, канешне, прыемна ж, як парадак вакол. 

Сонейка выглянула, прыгрэла –  і ў хаце ўжо не ўседзець, хочацца выйсці паветрам свежым падыхаць. 

З надыходам вясны і ўнутрана па-іншаму  сябе адчуваеш,  дзень павялічваецца, сонечнага святла больш – настрой весялейшы становіцца. (Усміхаецца.)

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо