"Репортёр выходит в свет". Мечты сбываются...

09:22 / 26.01.2015
Больш чым паўтары сотні маладых спецыялістаў прыехалі ў мінулым годзе ў Астравец. Як зараз, праз паўгода самастойнай працы, суадносяцца іх мары і рэчаіснасць?

Аб гэтым пацікавіўся ў маладых спецыялістаў наш карэспандэнт.


Раман Рынковіч, спецыяліст службы аўтаматызацыі банкаўскіх паслуг:

– Яшчэ да заканчэння механічна-матэматычнага факультэта БДУ я ведаў, што нічога так проста ў гэтым свеце не даецца і з неба не звальваецца – таму быў гатовы працаваць. Адным з плюсаў, лічу, было тое, што працу шукаў сам. Я з Задворнікаў і працаваць хацеў у сваім раёне.

Праца ў мяне цікавая. Хоць некаторыя лічаць яе кабінетнай, на месцы асабліва не пасядзіш – увесь час трэба некуды бегчы, з некім сазваньвацца, нешта ўстанаўліваць і абнаўляць.


Марыя Ткачук, праграміст:

– Скажам так: большая частка загаданага спраўдзілася. Хаця першае ўражанне ад новага месца было не вельмі станоўчым – сумавала па сябрах, па актыўнаму ладу жыцця. Я са Смаргоншчыны, вучылася ў Ашмянах, а калі трапіла ў Варняны, спачатку расчаравалася. А зараз паабвыклася, завяла новых сяброў – жыццё наладжваецца.

Што будзе праз год-другі, пакуль не задумвалася, але хочацца нечага большага, чым цяпер маю.


Кацярына Ігнацьева, архітэктар раёна:

– Першае, што я цвёрда зразумела: тэарэтычныя веды і практыка – зусім розныя рэчы. Ва ўніверсітэце веды даюць адным вялікім “комам”, і самае неабходнае якраз не запамінаецца. Калі б зараз на якія курсы з’ездзіць – то ўжо дакладна б ведала, на што звярнуць увагу.

А пакуль жыццё наладжваецца: нядаўна пабралася шлюбам з хлопцам, які пераехаў да мяне жыць з майго роднага Жодзіна. Нам выдзелілі блок у інтэрнаце. Спадзяюся, з часам я стану ў Астраўцы запатрабаваным спецыялістам.


Вадзім Герасімовіч, ветэрынарны ўрач СВК “Варняны”:

– Тут, у СВК “Варняны”, нават лепш, чым марылася і ўяўлялася: зарплата добрая, з транспартам праблем няма. Я – трокеніцкі, яшчэ пры паступленні меў мэтавае накіраванне, таму ведаў, дзе буду працаваць. Тут жа і практыку праходзіў. Самае галоўнае, што калектыў у нас малады душой і вельмі добры.

Адзінае, што крыху засмучае: жыву з бацькамі, а вельмі хочацца мець свой дом, бо трэба ўжо і пра ўласную сям’ю падумаць.


Аксана Пагада, участковы інспектар па справах непаўналетніх:

– Нарадзілася я ў Гервятах, там жа жыла і вучылася. З маленства хацела працаваць у міліцыі, таму кожны раз, калі да нас у школу прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, прыставала да іх з пытаннямі: як паступіць, дзе вучыцца, складана гэта ці не? Пасля школы нават не задумвалася, куды пайсці. І таксама дакладна ведала, што вярнуся працаваць на Астравеччыну. Так што мае мары і рачаіснасць супалі цалкам.


--------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.