"Репортёр выходит в свет". А вы будете следить за выступлениями белорусской сборной на Олимпиаде в Сочи?
У пятніцу ў Сочы адбылося ўрачыстае адкрыццё ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў, якія паклікалі спартсменаў з розных куткоў свету. Зімовая алімпіяда святкуе сёлета свой 90-гадовы юбілей, а мы, “завочныя” і дыстанцыйныя балельшчыкі, спадзяюся, хутка будзем разам з беларускімі спартсменамі святкаваць іх перамогі.Мы вырашылі пацікавіцца ў жыхароў горада і Астравецкага раёна, ці будуць яны сачыць за выступленнямі нашых спартсменаў на Алімпіядзе і колькі, на іх погляд, медалёў прывязе беларуская каманда з Сочынскіх гульняў.
Андрэй, беспрацоўны:
– Я абавязкова буду “хварэць” за нашу каманду, і ў першую чаргу за лыжнікаў, фрыстайлістаў і біятланістаў. Мне здаецца, менавіта прадстаўнікі гэтых відаў спорту вернуцца дамоў з медалямі. А вось колькі прывязуць золата, серабра і бронзы? Загадваць не буду, каб не сурочыць.
Я таксама некалі займаўся спортам, але на аматарскім узроўні. І цяпер не супраць, калі ёсць вольная хвіліна, “паганяць” на веласіпедзе.
Ганна Тадэвушаўна Керна, вартаўнік:
– Сачыць за Алімпіядай я буду абавязкова! А за лыжнымі гонкамі і біятлонам з асаблівым “прыцэлам”, таму што некалі і сама крыху займалася спортам. Кожны вечар пасля працы будзем па тэлевізары глядзець спартыўныя навіны.
Мне здаецца, што беларуская каманда дастаткова моцная, пагэтаму некалькі медалёў абавязкова павінны прывезці!
Віктар Аляксандравіч Зянюк, фельчар перадрэйсавых аглядаў:
– Спортам не цікаўлюся. Раней захапляўся хакеем, але гэта даўно ўжо было. Зараз хапае клопатаў, бо і на пенсіі працягваю працаваць. Пагэтаму сказаць, колькі медалёў на зімніх алімпійскіх спаборніцтвах заваююць нашы спартсмены, мне складана. Няхай гэта будзе шэсць медалёў, два з якіх вышэйшай пробы, і заваююць іх біятланісты.
Алена Віктараўна Пяткевіч, аператар машыннага даення СВК “Варняны”:
– Думаю, што Сочы для беларусаў расшчодрыцца на 7 залатых медалёў. (Задумалася) Не, столькі, напэўна, не будзе. Хутчэй за ўсё яны атрымаюць пяць залатых медалёў, некалькі бронзавых, а вось сярэбраных будзе значна больш.
За Алімпіядай я буду сачыць па меры магчымасці. Мне вельмі падабаецца хакей. Шкада, што беларуская хакейная каманда не трапіла на гульні. А яшчэ мне падабаецца, як з горкі едуць – праўда, не помню, як гэта правільна называецца.
Тарэса Станіславаўна Ярмаловіч, памочнік выхавацеля ў садку №2 Астраўца (фатаграфавацца адмовілася):
– Хоць і зіма на вуліцы, але часу ўсё роўна не хапае: пакуль абеды прыгатуеш, пакуль з дому на работу даляціш, а пасля – назад. Дзіця па тэлевізары “Умі-зумі” глядзіць. Вечарам чакаем тату з работы. Вось ён адназначна будзе сачыць па тэлевізары за Алімпійскімі гульнямі і нашымі спартсменамі. Ды і я сама люблю біятлон.
Хакей будзе ў праграме? Не?! Дык тады ўсе надзеі толькі на біятланістак!
Насця Кулік, Мілана Макей, Насця Ваховіч, Яна Сікорская, сяброўкі і вучаніцы 4 “Б” класса СШ №1 г. Астраўца:
– Канешне, будзем хварэць за нашых спартсменаў.
– І за Расію!
– І вынікі будуць добрымі: многа медалёў будзе ў каманднай скарбонцы.
– А я думаю, іх будзе столькі, колькі атрымаецца.
(Усе задумаліся)
– Мне падабаецца фігурнае катанне.
– А мне – як на лыжах бегаюць.
– І ўвогуле, Алімпіяда – гэта крута!
Дзяўчынка падсумавала вынік апытання і самастойна, напэўна, нават і не ведаючы пра гэта, прывяла да слогану ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў: “Гарачыя. Зімовыя. Твае”. Па-англійску ён гучыць як “Hot. Cool. Yours.” Магчыма, гэтая гульня слоў “сооl” (акрамя асноўнага значэння “халодны, зімовы” мае і размоўнае значэнне “класны”) прынясе беларусам перамогі?
Будзем спадзявацца – і сачыць за Алімпіядай!
------------------------------------------
Распытвала і фатаграфавала Алена ГАНУЛІЧ.