Пра традыцыі святкавання і блізкіх, якіх узгадваюць на Радаўніцу, расказалі астраўчане
У праваслаўным календары на першы аўторак пасля пасхальнага тыдня прыпадае Радаўніца. У гэты дзень людзі наведваюць храм, могілкі, у думках і малітвах узгадваюць тых, каго ўжо няма побач.
Жыхары Астравеччыны расказалі пра сямейныя традыцыі гэтага памінальнага дня і пра тых, каго памятаюць і любяць.
Святлана Фёдарава, карэспандэнт:

– Традыцыя наведваць могілкі на Радаўніцу ў нас існавала колькі сябе памятаю, яшчэ калі былі жывыя бабулі. Калі такой магчымасці няма, то, лічыцца, што трэба схадзіць у царкву, запіску падаць, а калі і гэта не выпадае зрабіць, то хоць бы памаліцца за памерлых.
На Радзіме я бываю два разы на год і ва ўсе прыезды абавязкова аб’язджаю могілкі – іх некалькі. Там пахаваны прадзеды, дзяды і бабулі, бацькі, старэйшая сястра, хкросная… За кожнага малюся і кожнага памятаю.
Леанід Богдан, вадзіцель:

– На Астравеччыну пераехалі ў 1992 годзе. Тут з жонкай абуладвалі жыццё, тут нарадзіліся ўнукі, але часцінка чагосьці жывога назаўсёды засталася на малой радзіме – у вёсачцы Тунеўшчына Хойніцкага раёна. У пару майго маленства жылымі было 80-90 двароў, а ў кожнай хаце 4-5 чалавек, цяпер засталося толькі тры бабулькі…
На Радаўніцу заўсёды стараемся паехаць на радзіму, сёлета не атрымліваецца – сходзім у астравецкую царкву, пададзім запіскі, паставім свечкі і памолімся за ўсіх памерлых родзічаў і блізкіх.
Кацярына Соц, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва:

– Вырасла ў Бабруйску. Многія традыцыі і звычаі запомніла з дзяцінства – іх, дарэчы, стараюся прытрымлівацца. На Радаўніцу (ні ў якім выпадку не зарання!) мама, як і на Пасху, пячэ кулічы і фарбуе яйкі – іх абавязкова бяром з сабой на могілкі. Зазвычай да 9 гадзін раніцы ў яе ўжо ўсё гатова. Затым усе разам ідзём у царкву на службу. Молімся, падаём запіскі з імёнамі памерлых і ставім свечкі за іх спачын. Потым едзем на могілкі. У гэты дзень прыгадваем усіх, хто не з намі, але, верыцца, трапіў у Валадарства Нябеснае.
Людміла Гродзь, настаўнік:

– Нарадзілася ў невялічкай вёсцы Віктасіне, якая здавён лічыцца праваслаўным анклавам на Астравеччыне.
Памятаю з дзяцінства, што ў нашай сям’і ўшаноўваліся ўсе традыцыі, хоць храма не было. Звычайна перад Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем адпраўлялі “дэлегата” ў Святляні, што на Смаргоншчыне, ці ў Вільню асвячаць яйкі і кулічы.
Перад Радаўніцай наводзілі парадак на могілках, ставілі кветачкі і даўней яшчэ абавязкова пасыпалі жоўтым пясочкам. З пагосту ішлі дадому і збіраліся ўсе разам у кагосьці з вяскоўцаў за памінальным сталом, прыгадвалі імёны памерлых, якімі былі людзьмі, на якую справу майстравітымі…
Мае бацькі і іншыя людзі з нашай вёскі дапамагалі будаваць царкву ў Астраўцы не толькі ахвяраваннямі, але і пасільнай працай. Узамен светлай памяці тагачасны бацюшка Павел Варановіч паабяцаў, што будзе два разы на год прыязджаць у Віктасіну асвячаць могілкі. Абяцанне не парушылася і пасля смерці святара. Шмат гадоў у гэтыя вясеннія памінальныя дні напярэдадні Радаўніцы магілы нашых продкаў асвячае іерэй Георгій Савіцкі.