Каким должен быть музей в Островце?

10:40 / 15.11.2012
1

Пакуль адміністрацыя раённага музея накоплівае матэрыялы для будучай экспазіцыі ў чаканні таго часу, калі з’явіцца памяшканне для яе размяшчэння, сярод неабыякавых да гэтай справы людзей не сціхаюць дыскусіі: якой павінна быць экспазіцыя ў будучым музеі, якая канцэпцыя яе стварэння стане прыярытэтнай, што там павінны пабачыць наведвальнікі ў першую чаргу?
З гэтымі пытаннямі журналіст і звярнуўся да некаторых жыхароў Астравеччыны, якія маюць уласную кропку гледжання па гэтым пытанні.



Ганна Сяргееўна Кацуба, дырэктар раённага музея:

– Найперш у музеі павінны быць археалагічныя матэрыялы – трэба ж нашчадкам ведаць, як жылі і чым займаліся на гэтай тэрыторыі людзі ў старажытныя часы. А таксама іншыя матэрыялы па гісторыі Астравеччыны, якія б адлюстроўвалі побыт мясцовых жыхароў, расказвалі пра вядомых людзей – тутэйшых ураджэнцаў.
Шмат матэрыялаў мы ўжо сабралі, у прыватнасці, па этнаграфіі. На Астравеччыне было вельмі самабытнае ткацтва – стараемся набываць вырабы нашых майстрых – ручнікі, дываны, а часта людзі самі прыносяць у дар музею цікавыя экспанаты.
Думаю, што ў будучым музеі павінна быць не толькі пастаянная экспазіцыя, але і часовыя – напрыклад, жывапісу. У нас ужо ёсць нямала цікавых жывапісных работ, якія можна выстаўляць.



Алесь Яўгенавіч Юркойць, краязнаўца:

– Што тычыцца канцэпцыі будучага музея, то мне вельмі падабаецца ідэя нашага земляка, гісторыка Юрыя Внуковіча, які прапа-ноўвае зрабіць яе не храналагічнай, як звычайна, а тэматычнай. Да прыкладу, адзін з раздзелаў прысвяціць мястэчкам Астравеччыны, другі – гаспадарчай дзейнасці, і гэтак далей. Канешне, пры гэтым будуць захаваны ўсе асноўныя падзеі таго ці іншага часу – але экспазіцыя не будзе “падганяцца” пад храналогію, як гэта найчасцей бывае ў раённых краязнаўчых музеях. У нашага, пры такім падыходзе, была б свая адметнасць, не “зашмальцаваная” іншымі. Знайшлі б сваё месца ў музейнай экспазіцыі і нашы вядомыя людзі, і важкія здабыткі, і будучыня раёна ў сувязі з будаўніцтвам АЭС.



Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, галоўны захавальнік фондаў Астравецкага музея:

– Экспазіцыя раённага музея павінна адлюстроўваць самабытнасць нашага краю, яго непаўторную прыгажосць, адметнасць. Таму значная частка яе, безумоўна, павінна быць прысвечана жамчужыне астравецкага краю – Віліі і ўсяму, што з ёю звязана.
Павінна быць адлюстравана ў музеі і гаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі раёна – ад старажытных часоў да нашых дзён і нават будучыні, якая звязана з будаўніцтвам у нашым раёне першай Беларускай атамнай электрастанцыі. У музеі знойдуць сваё месца і матэрыялы, прысвечаныя вядомым людзям Астравеччыны.
Трэба сказаць, што ў фондах музея ўжо ёсць нямала экспанатаў. Найперш гэта фотаматэрыялы і дакументы – па той празаічнай прычыне, што яны не патрабуюць шмат месца для захоўвання, а ў нас пакуль няма нават фондасховішча, дзе можна было б захоўваць буйнейшыя экспанаты. Сабрана салідная калекцыя жывапісу – калекцыю сваіх карцін перадалі музею мастакі Бірутэ Куцкайтэ, Стафан Казлоўскі… Так што выстаўляць нам ёсць што – на жаль, пакуль няма дзе.



Аляксандр Яўгенавіч Клімчэня, загадчык ідэалагічнага аддзела райвыканкама.

– У раённым музеі павінны быць усе гістарычныя звесткі аб тэрыторыі Астравецкага раёна – ад старажытнасці, ад карт першых пасяленняў людзей на гэтых землях і археалагічных знаходак – і да нашых дзён. Астравецкая зямля шчодра нараджала таленты – і пра іх таксама павінна расказваць экспазіцыя раённага музея. Увогуле ў яе матэрыялах павінна быць адлюстравана непаўторнасць, адметнасць, аўтэнтычнасць нашага краю.
У раённай кнізе “Памяць” утрымліваюцца асноўныя звесткі па гісторыі раёна, я лічу – па той жа прыкладна канцэпцыі павінна будавацца і экспазіцыя раённага музея.


--------------------------
Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.